В Кореличском районе идет подготовка сельхозтехники к весенним полевым работам
Сучасную сельскую гаспадарку немагчыма ўявіць без тэхнікі. Трактары, сеялкі, камбайны, касілкі, глебаапрацоўчыя і іншыя агрэгаты ўжо даўно сталі незаменнымі памочнікамі аграрыяў у палявых работах. У гаспадарках ведаюць: чым якасней падрыхтуеш агрэгаты да палявых работ, тым больш упэўнена і спакойна будзеш адчуваць сябе на перадавой падчас гарачай страды.
Не даводзіцца сумнявацца, што на высокім узроўні арганізаваны работы па падрыхтоўцы тэхнікі да вясенне-палявых работ у СВК “Жухавічы”. У раённым аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні машынных двароў, гатоўнасці рамонтна-абслугоўваючых баз да працы ў зімовых умовах і машынна-трактарных паркаў да палявых работ у 2023 годзе прадпрыемства заняло першае месца.
– Такая высокая ацэнка задае тэмп нашай далейшай працы, – гаворыць галоўны інжынер-механік Васілій Казлоўскі. – Работнікі гаспадаркі заўсёды імкнуцца працаваць на высокім узроўні. Вялікую ролю адыгрывае падтрымка з боку кіраўніцтва, якое ўнікае ў сутнасць працоўных праблем і пытанняў і па магчымасці імкнецца аператыўна іх вырашыць.
У машынным парку сельгаспрадпрыемства працуе амаль сто чалавек. Практычна ўсе рамонтныя работы, за выключэннем рамонту энерганасычанай тэхнікі, механізатары і вадзіцелі робяць самі. Заўсёды гатовыя прыйсці ім на дапамогу слесары, токары, электрагазазваршчыкі.
– Рыхтуемся да вясны, да пасяўной. Гэта толькі здаецца, што часу шмат. Дасведчаным вокам бачу, што працы хопіць. У нас 12 камбайнаў, 70 трактароў, 32 грузавыя машыны, плюс прычапное і навясное абсталяванне. На сённяшні дзень у гаспадарцы ўжо адрамантаваны 9 энерганасычаных трактароў, 13 плугоў, на гэтым тыдні на лінейку гатоўнасці сталі 4 сеялкі, 5 раскідальнікаў арганічных угнаенняў, таксама завершаны рамонт трох кормаўборачных камбайнаў “Ягуар” і КГ-6 “Палессе”. Словам, работы ідуць па графіку. Усе работнікі імкнуцца, працуюць добра, з душой, рыхтуюць тэхніку якасна, каб у гарачую пару не падводзіла, не ламалася. Нават не магу нікога выдзеліць з тых, хто цяпер працуе ў майстэрнях, каб іншых не пакрыўдзіць. Кожны разумее, што робім для сябе, а не для паказухі, – зазначыў Васілій Фёдаравіч.
Так, на машынным двары кіпіць работа. Перадавік сельгаспрадпрыемства механізатар Сяргей Касцюк рамантуе трактар “Беларус-1221”. Ён расказаў, што ў СВК “Жухавічы”з 1996 года, усяго ж механізатарскі стаж працаўніка складае 25 гадоў.
– Такі стаж работы дазваляе мне ліквідаваць практычна любую паломку. Мне здаецца, самае складанае пры любым рамонце тэхнікі – гэта вызначыць менавіта тую дэталь, якая выйшла са строю, а далей ужо я сваю справу ведаю, – гаворыць Сяргей Касцюк.
У баявую гатоўнасць прыводзяць сваю тэхніку і механізатары Уладзімір Ламанос і Максім Пракопаў. З вясны да позняй восені яны заўсёды на перадавой. А гэта значыць, што ў свой час яны грунтоўна рыхтуюць тэхніку да работ у полі.
Узімку ў рамонтных майстэрнях рукамі механізатараў ствараецца поспех агульнай справы. Калі якасна падрыхтаваць тэхніку – то і ўраджай можна вырасціць добры.
Падчас экскурсіі па тэрыторыі машыннага двара на свае вочы пераканаліся, што ў СВК “Жухавічы” створаны добрыя ўмовы для працы і адпачынку механізатараў. У мехмайстэрні – цёпла і камфортна. Пасля работы можна прыняць душ, пераапрануцца, а для адпачынку прадугледжаны ўтульны пакой.
Кампетэнтна
Намеснік начальніка аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі Карэліцкага райвыканкама Аляксандр Конан:
– Рыхтаваць тэхніку да вясновых палявых работ 2024 года сельгаспрадпрыемствы пачалі практычна адразу пасля завяршэння восеньскіх, у 2023-м. Ва ўсіх гаспадарках створаны рамонтныя звёны, вызначаны тэрміны. Першачарговасць пры правядзенні рамонту надаецца трактарам і агрэгатам, якія будуць задзейнічаны на пасяўной. Яшчэ восенню праведзена дэфектоўка тэхнікі, згодна з якой прыняты рашэнні па яе рамонце, набываюцца запчасткі. Тэхніку, якую няма магчымасці адрамантаваць на месцах, рыхтуюць на спецыялізаваных прадпрыемствах. Так, сёлета ў ААТ ”Карэліцкая сельгастэхніка” было адрамантавана 15 адзінак поўнакамплектнай тэхнікі, вузлоў і агрэгатаў.
Усяго на вясенне-палявых работах будуць задзейнічаны 70 энерганасычаных трактароў. Гатоўнасць іх складае 60%. Для правядзення пасяўной маюцца 35 камбінаваных глебаапрацоўчых пасяўных агрэгатаў. Іх гатоўнасць – 60%.
На сяўбе будуць таксама задзейнічаны 23 збожжавыя сеялкі СПУ, якія гатовы да выхаду ў поле. На лінейцы гатоўнасці і 86 абаротных плугоў, якія ёсць у гаспадарках. Іх рамонт на завяршаючым этапе. Гатовы таксама 67 (67%) культыватараў, 22 (69%). дыскатараў, 22 (50%) шыроказахопных барон, 8 (100%) сельгасмашын “Раса”, 31 (63%) раскідальнікаў мінеральных і арганічных угнаенняў. Усяго па стане на 15 студзеня адрамантавана 65% тэхнікі, якая будзе задзейнічана на палях вясной.
Рамонтныя работы па падрыхтоўцы тэхнікі да сяўбы сёлета неабходна завяршыць да 1 сакавіка. Агрэгаты павінны быць счэплены, прайсці тэхагляд і іншыя моманты.
Неабходна адзначыць, што ў раёне праводзіцца маніторынг стану правядзення рамонтных работ тэхнікі. Адзнаку ж праведзенаму рамонту выставіць пасяўная, бо эфектыўная работа ў полі немагчыма без надзейнай тэхнікі.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара