Досрочное голосование началось на Кореличчине
20 лютага ў Беларусі пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання і мясцовых Саветаў дэпутатаў 29-га склікання. Працягвацца яно будзе пяць дзён – па суботу, 24 лютага, уключна. Усе гэтыя дні выбарчыя ўчасткі будуць працаваць з 12:00 да 19:00 без перапынку на абед.
Праведзены неабходныя арганізацыйныя мерапрыемствы, складзены графікі дзяжурства членаў участковых камісій. Пералік дакументаў, на падставе якіх выбаршчыку можа быць выдадзены бюлетэнь, вызначаны Пастановай Цэнтральнай выбарчай камісіі. Акрамя пашпарта і ID-карты грамадзяніна, яго можна атрымаць, прад’явіўшы ваенны білет, службовае, вадзіцельскае або пенсійнае пасведчанне, білет навучэнца, даведку, якая пацвярджае асобу.
– Для нас добрая традыцыя не чакаць асноўнага дня галасавання, не адкладаць “у доўгую скрыню”, а прыйсці ў першы дзень галасавання і выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Мы вырашылі прыйсці на ўчастак усёй сям’ёй. Лічым неабходным ісці на выбары, бо гэта абавязак, мы ў адказе за будучыню Беларусі, яе суверэнітэт, мір і спакой у кожным доме і цвёрда ўпэўнены, што кожны беларус прыйдзе на выбарчы ўчастак і выканае свой грамадзянскі абавязак. Як будуць жыць нашы дзеці заўтра, ужо сёння вырашае кожны з нас, – такое меркаванне выказалі Алена і Віктар Лейкі.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара