В Кореличском районе снизилось количество ДТП и число потерпевших в них
На Карэліччыне прайшоў семінар-нарада з тэхнічнымі работнікамі прадпрыемстваў Карэліцкага раёна па фактах здзяйснення ДТЗ з удзелам транспарту прадпрыемстваў. На нарадзе прысутнічалі прадстаўнікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама, міжраённага аддзела ДАІ, Карэліцкіх РАУС і раённага аддзела Следчага камітэта, а таксама прадстаўнікі сельгаспрадпрыемстваў Карэліччыны.
Перад прысутнымі выступіў старшы дзяржаўны аўтамабільны інспектар міжраённага аддзела ДАІ Аляксандр Палуян, які прывёў статыстыку дарожна-транспартных здарэнняў за мінулы год. У 2023 годзе на Карэліччыне з адзінаццаці да васьмі знізілася агульная колькасць ДТЗ, меней стала і пацярпелых у аварыях: зніжэнне з 14 чалавек да 8.
— Тым не менш, у 2023 годзе было зарэгістравана тры ДТЗ з удзелам тэхнічных сродкаў юрыдычных асоб, якія належаць прадпрыемствам і гаспадаркам раёна, — засяродзіў увагу інспектар.
Першае ДТЗ было зафіксавана ў чэрвені. Вадзіцель, які ехаў на аўтамабілі Карэліцкай сельгастэхнікі, згубіў пільнасць пры кіраванні і, з’ехаўшы ў кювет, перакуліўся. У выніку быў пашкоджаны аўтамабіль, вадзіцель атрымаў траўмы і быў прызнаны вінаватым у ДТЗ.
Прычынай жнівеньскага ДТЗ стала парушэнне правілаў праезду скрыжавання транспартам КСУП “Чарняхоўскі-Агра”. Вадзіцель сельгаспрадпрыемства не ўступіў дарогу машыне, якая ехала па галоўнай дарозе, і быў прызнаны вінаватым. У аўтамабіля КУСП “Чарняхоўскі-Агра” адсутнічаў дазвол на допуск да ўдзелу ў дарожным руху.
Трэцяе здарэнне адбылося ў кастрычніку. Вадзіцель, не прыняўшы да ўвагі ўмовы дарожнага руху, няправільна выбраў хуткасць, у выніку не справіўся з кіраваннем. Пацярпеў пасажыр, вадзіцель быў прызнаны вінаватым.
Таксама Аляксандр Палуян звярнуў увагу на тое, што непраходжанне медыцынскага агляду — адна з праблем, якая ўзнікае на прадпрыемствах:
— Выязджаеш раніцай у рэйд, спыняеш машыну ці трактар, у вадзіцеля альбо няма пуцёўкі, альбо адзнакі аб медыцынскім аглядзе. Зразумела, што некаторыя механізатары выязджаюць на працу вельмі рана, і вы самі не можаце правесці агляд. Назначце адказнага чалавека, які зможа зрабіць гэта, — заклікаў інспектар.
У Гродзенскай вобласці па выніках 2023 года колькасць ДТЗ скарацілася на 10%
Па словах начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрыя Рэзянкова, меры, што прымаюцца, у тым ліку арганізацыйнага і тэхнічнага характару, дазволілі захаваць, прадоўжыць пазітыўны трэнд зніжэння аварыйнасці на дарогах Гродзенскай вобласці. Так, амаль на 10% скарацілася агульная колькасць дарожна-транспартных здарэнняў, на 17% — колькасць загінулых і больш чым на 10% — параненых у іх людзей.
Колькасць загінулых у аварыях у 2023 годзе ў параўнанні з паказчыкамі 2018 года скарацілася больш чым на 30%. На фоне рэгіёнаў рэспублікі наша вобласць з’яўляецца самай бяспечнай для дарожнага руху. Прытым, што аўтамабілізацыя ў рэгіёне складае 555 адзінак аўтатранспарту з разліку на тысячу жыхароў і з’яўляецца самай высокай у Рэспубліцы Беларусь.
Сяргей СТОЛЯР