Іван Шлык, галоўны рэдактар Карэліцкай раённай газеты “Полымя” з 1998 па 2014 год: «Частымі гасцямі ў рэдакцыі газеты сталі паэты і пісьменнікі: Янка Брыль, Анатоль Смалянка, Міхась Мамонька, Мікола Бусько»

Намеснік рэдактара Станіслаў Лука, галоўны рэдактар
Уладзімір Карпук, пісьменнікі Уладзімір Калеснік і Янка Брыль

— У лютым 1998 года Гродзенскі аблвыканкам накіроўвае мяне на пасаду галоўнага рэдактара раённай газеты «Полымя» ў Карэлічы.

Іван Шлык у дзень свайго 70-гадовага юбілею

Людзей у рэдакцыі хапала, было з кім працаваць, а вось матэрыяльная база была слабая. На адным маламагутным камп’ютары газету набіралі і вярсталі. На старэнькім УАЗіку далёка і часта не ездзілі. Ды і тыраж трэба было павялічваць. Першае, за што ўзяўся новы кіраўнік, — пераўзбраенне рэдакцыі. Набылі новыя камп’ютары, вядома, не самыя лепшыя, але і гэтым былі рады. Ранейшыя фотаапараты пачалі губляць сваю актуальнасць, і ў рэдакцыю купілі першую лічбавую «мыльніцу». Замест УАЗіка пераселі на новыя «Жыгулі».
Пры рэдакцыі адрадзілася новая школа юных карэспандэнтаў. У «Полымя» прыходзілі школьнікі, а іх вучылі вопытныя журналісты. Павялічвалася колькасць пазаштатных аўтараў.

Частымі гасцямі ў рэдакцыі газеты сталі паэты і пісьменнікі: Янка Брыль, Анатоль Смалянка, Міхась Мамонька, Мікола Бусько, Іван Вярбіцкі, Іван Жук, Галіна Калтунова, якая больш дваццаці гадоў рыхтуе літаратурную старонку «Рэчанька», у якой друкуюцца вершы мясцовых аўтараў.

Рэдакцыя газеты «Полымя» стала актыўным удзельнікам і пераможцам шматлікіх творчых конкурсаў на лепшую публікацыю пра работу праваахоўных органаў, на рэлігійную тэматыку, па ваенна-патрыятычным выхаванні.

Таксама хачу адзначыць сваіх калег, з кім давялося працаваць: намесніка галоўнага рэдактара С. А. Луку, фотакарэспандэнта Л. Г. Лейку, загадчыка сельгасаддзела А. А. Рудзіка, адказнага сакратара У. І. Карпука, рэдактара раённага радые І. І. Дораша, загадчыка аддзела пісьмаў Г. М. Смалянку, Л. М. Лука, А. А. Чачотка, якія набіралі, вярсталі і адпраўлялі ў Лідскую друкарню нашу любімую газету «Полымя». Больш трынаццаці гадоў аддаў газеце член Саюза журналістаў М. У. Парфёнка, якому давялося пазнаваць сакрэты прафесіі на пасадах фотакарэспандэнта, адказнага сакратара і намесніка рэдактара газеты. Затым па рашэнні райвыканкама Міхаіл Уладзіміравіч папоўніў рады аддзела ўнутраных спраў, а таксама многіх іншых супрацоўнікаў.
Сустракаючы 80-годдзе з дня ўтварэння раённай газеты, мы ўдзячны і работнікам былой карэліцкай друкарні, дзе выпускалася газета. Гэта брыгадзір Валянціна Цімафееўна Шэўка, вярстальшчыцы газеты Соф’я Аляксандраўна Сенька і Эня Якаўлеўна Міскевіч, друкары Марыя Аляксандраўна Лошык і Віктар Міхайлавіч Пятроў, лінатыпіст Мікалай Мікалаевіч Чуркін.

Віншую калектыў і чытачоў Карэліцкай раённай газеты «Полымя» з надыходзячым юбілеем, які адбудзецца 13 лютага, і жадаю далейшага плёну і росквіту любімаму выданню!