Ветэран вайны ў Афганістане Віктар  Міснікевіч: «Ёсць што ўспомніць, але цяжка расказаць»

Нясцерпная спёка, пыльныя смерчы пустыні і холад высокіх абыякавых гор, цясніны, якія хаваюць смяротную небяспеку, і кішлакі, на першы погляд сонныя і дабрадушныя, а ў наступнае імгненне — выпраменьваючыя агонь.

На працягу дзесяцігоддзя для маці салдата тэрміновай службы СССР не было слова страшней, чым “Афганістан”. 35 гадоў таму  адтуль вывелі савецкія войскі, аднак горкія ўспаміны, боль старых раненняў і горыч страт жывуць і да гэтага часу.

Праз баявое хрышчэнне Афганам  прайшлі  больш 120 жыхароў Карэліччыны.  Пяць з іх —  Аляксандр Барысавіч Жураўлёў, Мікалай Іванавіч Кузьміцкі, Георгій Анатольевіч Татур, Васіль Мікалаевіч Федарака, Сяргей Пятровіч Філончык —  загінулі, выконваючы свой інтэрнацыянальны абавязак, астатнія, на шчасце,   вярнуліся жывымі.  Але колькі давялося ім выпрабаваць  у той няпросты час… Кожны з іх варты асобнага аповеду.

Віктар  Міснікевіч,  зараз вядучы будаўнік  СВК “Жухавічы”, з горыччу на душы ўспамінае тыя гады:

— У сакавіку 1987 года я быў  адпраўлены на праходжанне вайсковай службы ў Афганістан. Разам з такімі ж юнакамі 18-20 гадоў,  якія ніколі не трымалі ў руках зброю, нас прывезлі спачатку ў Туркменістан у г. Кушка.  Тут нас вучылі страляць  з розных відаў зброі, вадзіць аўтамабілі і баявыя машыны. А праз два з паловай  месяцы навучання нас адправілі ў Кабул. Калі нас рыхтавалі да адпраўкі ў Афганістан, то ідэйная ўстаноўка была такая: па-першае, мы выконваем інтэрнацыянальны абавязак, па-другое, ёсць наша краіна — СССР, яе паўднёвыя межы  і — Афганістан, і калі мы не будзем там знаходзіцца, то там будуць войскі ЗША, — расказвае Віктар Аляксандравіч.

Афганістан, 1989 г.

У пункце перадыслакацыі ён прайшоў адбор у дэсантна-штурмавую брыгаду г. Гардзез — там і служыў два гады. Спачатку быў прызначаны санітарным інструктарам, бо меў адукацыю ветэрынарнага ўрача, а гэта значыць, медыцынскія веды і навыкі аказання першай медыцынскай дапамогі. Затым выконваў абавязкі старшыні: фарміраваў групы для  месцаў засады.

— Усё, што давялося перажыць у той час, і зараз цяжка перадаць словамі. Служба  ў дэсантных войсках была не з лёгкіх. Асабліва цяжка было бачыць смерць таварышаў па службе, — дзеліцца ўспамінамі суразмоўца.

У яго роце служылі юнакі дваццаці адной нацыянальнасці —  з сотні чалавек беларусаў было толькі пяць.

— Увесь час даводзілася быць у напружанні, ніхто не мог  дазволіць сабе нават хвіліннай слабасці, асабліва ў баявых умовах. Збіраючыся на аперацыю, кожны салдат павінен быў узяць з сабой сухі паёк, 2160 патронаў, 10 гранат, дымы, асвятляльныя ракеты, аднаразовы гранатамёт, спальны мяшок і абавязкова ваду. Калі ішоў цэлы разлік,  то ў дадатак былі яшчэ мінамёт, кулямёт, некалькі снарадаў  альбо кулямётная стужка. Гэта ўсё важыла каля шасцідзесяці кілаграмаў. Не кожны мог вытрымаць такую нагрузку, асабліва ў гарах.  Тады ў  аднапалчаніна забіралі амаль усю зброю, абы толькі  ён працягваў ісці. Кожны разумеў:   адзін адстане — “выражуць» усю каманду, — успамінае ветэран.

— А пра што гаварылі, калі быў час?

— У вольны час часцей спалі. Але калі даходзіла да гутаркі, то гаворка ішла толькі пра жыццё да арміі. Кім быў, дзе жыў, што будзеш рабіць пасля звальнення. Мы жылі ў іншай рэальнасці, але будавалі планы на жыццё аж да пенсіі. І ў кожнага  яны былі.

—  Калі вярнуліся дадому, было цяжка ўліцца ў мірнае жыццё?

— Здавалася, што мы вярнуліся ў іншы свет, не такі,  з якога  адпраўляліся ў Афганістан. Наступныя некалькі гадоў не мог спаць спакойна: чуў усе гукі вакол. Потым пазнаёміўся з Ірынай, а праз  год ажаніліся. Дачцэ Вользе – 27 гадоў, яна працуе  выхавальнікам дзіцячага садка ў г. Мінску,  сыну Дзмітрыю – 33, ён працуе ў будаўнічай брыгадзе СВК “Жухавічы”.  Дзеці маюць  сем’і,  а на радасць сваім бацькам і нам – падрастаюць тры ўнучкі.

Вярнуўшыся з арміі, Віктар Аляксандравіч уладкаваўся на  працу ў СВК “Жухавічы”,  спачатку быў ветурачом, апошнія амаль дваццаць гадоў – вядучы будаўнік гаспадаркі.

— Як ставіцеся да таго, што пішуць пра Афганскую вайну, да фільмаў пра яе?

— Я чытаў гэтыя кнігі, артыкулы і хачу сказаць адно: большасць гісторый рэальныя, трагедыі сапраўдныя. Але ўсё ж,  калі хочаце зразумець Афган, — паслухайце песні тых гадоў. Усе адразу,  не выбарачна.  І зразумееце ўсё лепш, чым па  кнігах.

За час службы Віктар Аляксандравіч атрымаў два  асколачныя раненні. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў ходзе вайны ў Афганістане, узнагароджаны сямю медалямі. Самая каштоўная ўзнагарода – медаль “За адвагу”. Атрымаў ён яго пасля бою, калі вынес  з-пад агню на плашч-палатцы параненага салдата і кантужанага камандзіра разведвальнай роты.

Сышла ў нябыт  Афганская вайна, але ў памяці людской ёй яшчэ жыць доўга.  Яна  напісана крывёю салдат, слязьмі маці і будзе жыць у памяці сірот, якія засталіся без бацькоў, у душах тых, хто ў ёй удзельнічаў. Бо гэта яны не перасталі бачыць сны аб перажытых жахах, не прывыклі скардзіцца і праз 35 гадоў пасля вываду   войск з Афганістана жывуць і працуюць, гадуюць унукаў і перадаюць самы важны пасыл тых дзён маладым:  мір – гэта галоўная каштоўнасць, якую неабходна берагчы!

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара і з архіва героя  публікацыі