Кореличские медики подвели итоги работы за 2023 год

Ва УАЗ “Карэліцкая ЦРБ” падведзены вынікі работы за мінулы год і акрэслены задачы на бягучы.

Галоўны ўрач установы Данута Скварада азнаёміла прысутных з праведзенай работай па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, дасягнутымі па выніках года паказчыкамі і акрэсліла існуючыя праблемныя моманты:

– У 2023 годзе забяспечана стабільнае функцыянаванне сістэмы аховы здароўя Карэліцкага раёна. Каардынацыйная работа, накіраваная на стварэнне ўмоў для паляпшэння здароўя насельніцтва, прапаганду здаровага ладу жыцця, развіццё і ўмацаванне сямейных каштоўнасцяў, павышэнне якасці і даступнасці паслуг сістэмы аховы здароўя, дазволіла забяспечыць выкананне большасці мэтавых паказчыкаў праграмы.
Запланаванае фінансаванне на 2023г. згодна з дзяржаўнай праграмай “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2021–2025 гады” ў памеры 21328 руб. Поўнасцю асвоена. Былі набыты рэактывы для клініка-дыягнастычнай лабараторыі, катэтары, тактыльныя шыльдачкі з шрыфтам Брайля, дэфібрылятар, кампрэсарны і лекавы інгалятары, электракардыёграф.

Актыўныя прафілактычныя меры дазволілі скараціць спажыванне тытуню, павялічылася колькасць асоб, якія актыўна займаюцца фізкультурай і спортам, правільна харчуюцца, таксама пашырылася вакцынацыя ў рамках нацыянальнага календара прышчэпак.
Паводле дадзеных статыстыкі, насельніцтва Карэліцкага раёна на 1 студзеня 2023 года складала 18376 чалавек: гарадское – 7995 чалавек, ці 43,5%, сельскае – 10381 чалавек, ці 56,5% ад усяго насельніцтва. Узровень смяротнасці сярод працаздольных жыхароў за мінулы год склаў 7,1 выпадка на 1000 насельніцтва (памерла 69 чалавек), што на 25,3% ніжэй, чым за 2022 год. Нягледзячы на зніжэнне смяротнасці, натуральны прырост насельніцтва за 2023 год вызначыўся як адмоўны і склаў 12,9 выпадка на 1000 насельніцтва. Самы высокі ўзровень, які перавышае раённы паказчык зафіксаваны на тэрыторыях Лукскага, Турэцкага і Жухавіцкага урачэбных участкаў.
Прыярытэтны напрамак у развіцці аховы здароўя – урачы агульнай практыкі. Іх праца арганізавана па прынцыпе каманды: урач агульнай практыкі, памочнік урача і медсястра агульнай практыкі. Ахоп насельніцтва працай такіх каманд склаў 100% пры мэтавым паказчыку 75%.

Акцэнт прафілактычных мерапрыемстваў, якія праводзяцца наркалагічнай службай раёна, накіраваны на павышэнне матывацыі насельніцтва да вядзення здаровага ладу жыцця і карэкцыю наяўных фактараў рызыкі, інфарміраванне аб негатыўных наступствах злоўжывання алкаголю.

За мілулы год сістэме аховы здароўя раёна ўдалося працягнуць умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Праведзена дааснашчэнне бытавой тэхнікай палат павышанай камфортнасці. За кошт спонсарскіх сродкаў набыта тэхніка (тэлевізар, халадзільнік) на суму 1 044 рубля. Праведзены рамонт шэрагу аб’ектаў аховы здароўя раёна.
На працягу 2023 года набыта медыцынскага абсталявання на суму 465 546 руб., у тым ліку за кошт рэспубліканскага бюджэту 325 779 руб. і за кошт раённага бюджэту – 139 767 руб.
У ходзе даклада і па выніках яго абмеркавання вызначаны задачы па ўдасканаленні аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву на 2024 год, сярод іх: паляпшэнне якасці дыспансерызацыі пажылых людзей, грамадзян працаздольнага ўзросту, павышэнне эфектыўнасці прафілактычных аглядаў, ранняе выяўленне анкахворых, узроўню міжведамаснага ўзаемадзеяння па прафілактыцы п’янства, суіцыдаў, траўматызму. Дэталёва абмяркоўвалася пытанне далейшага ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы, кадравага забеспячэння галіны.

Намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай часці Аляксей Каўцэвіч прааналізаваў работу хуткай медыцынскай дапамогі, занятасць ложка-месцаў і работу аддзяленняў райбальніцы.
Амбулаторна-паліклінічную работу прааналізавала намеснік галоўнага ўрача Дар’я Нячай.
– Сістэма аховы здароўя павінна стаць бліжэй да чалавека, ведаць яго патрэбы. Мы павінны ўдасканальваць сістэму, каб яна працавала як адзіны складаны механізм. 2024 год

– Год якасці – для аховы здароўя гэта будзе час аб’яднання намаганняў усіх работнікаў і напрамкаў дзейнасці на карысць развіцця айчыннай аховы здароўя, павышэння прэстыжу прафесіі, – зрабіла выснову Данута Скварада.

Галоўны ўрач Карэліцкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Аляксандр Германюк падчас абмеркавання выступленняў медыцынскіх работнікаў прапанаваў з мэтай змяншэння колькасці захворванняў дзяцей школьнага ўзросту распрацаваць сумесны міжведамасны праект, у рэалізацыі якога прымуць удзел медыцынскія работнікі, педагогі, бацькі і дзеці. Таксама закрануў пытанне дыспансерызацыі насельніцва, працэнт якога павінен быць набліжаны да ста.

У ходзе мерапрыемства былі ўзнагароджаны лепшыя медыцынскія работнікі раёна.
Па выніках работы за 2023г. прызнаны пераможцамі:

сярод сельскіх урачэбных устаноў – Райцаўская амбулаторыя (загадчык амбулаторыі Мікалай Клімко, прафгрупарг Тамара Мажэйка);

сярод структурных падраздзяленняў – педыятрычнае аддзяленне райбальніцы (загадчыца Лілія Шастак, прафгрупарг Іна Аляшкевіч);

сярод фельчарска-акушэрскіх пунктаў – Ярэміцкі ФАП (загадчык Марына Мельнікава). 

За дасягненне высокіх вынікаў у рабоце занесены на Дошку гонару УАЗ “Карэліцкая ЦРБ” наступныя супрацоўнікі: медыцынская сястра хірургічнага аддзялення Алеся Багушэвіч, медыцынская сястра па фізіятэрапіі фізіятэрапеўтычнага кабінета Наталля Кісель, інспектар па кадрах Аксана Краскоўская, вадзіцель аўтамабіля Віталій Карсека, эканаміст пазабюджэтнага фонду Ларыса Куліцкая, повар харчаблока Іван Лапата, памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Цырынскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Кацярына Лук’яновіч, фельчар брыгады хуткай дапамогі Яўгенія Салаўёва.

За дасягненне высокіх вынікаў у рабоце ў сістэме аховы здароўя раёна Ганаровай граматай УАЗ “Карэліцкая ЦРБ” узнагароджаны: урач-стаматолаг-тэрапеўт Жухавіцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Дар’я Нядвецкая, медыцынская сястра тэрапеўтычнага аддзялення Аксана Герман, медыцынская сястра хірургічнага кабінета Галіна Скшынецкая.

Падзяка УАЗ “Карэліцкая ЦРБ” за шматгадовую і добрасумленную працу ў сістэме аховы здароўя раёна аб’яўлена: памочніку ўрача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Лукскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Наталлі Богуш, медыцынскай сястры-анестэзісту Наталлі Арабей, фельчару-лабаранту клініка-дыягнастычнай лабараторыі Галіне Богуш.

Падзячнае пісьмо Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў атрымала медыцынская сястра агульнай практыкі Турэцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Таццяна Бабарыка.

Ганаровай граматай Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджана фельчар Лукскай бальніцы сястрынскага догляду Людміла Падліпская.

Ганаровую грамату Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя атрымалі медыцынская сястра аперацыйнага блока Жанна Яўсей, фельчар Малюшыцкага ФАПа Наталля Карсека і медыцынская сястра аддзялення гемадыялізу Таццяна Марушка.

Падзяку начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя атрымалі фельчар Аюцавіцкага ФАПа Ганна Манюк і медыцынская сястра тэрапеўтычнага аддзялення Мірскай гарпасялковай бальніцы Святлана Панкрат.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара