Посвященный Дню защитников Отечества митинг прошел в г.п. Мир Кореличского района (+видео)
23 лютага ў гарадскім пасёлку Мір прайшоў мітынг-памяць “Мы славім мужнасць і гонар”, прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Прадстаўнікі ўлады і дэпутацкага корпуса, сілавых структур, арганізацый і прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў, моладзь і школьнікі сабраліся каля мемарыяла загінулым у Другой сусветнай вайне, каб ушанаваць памяць загінулых абаронцаў Айчыны і падзякаваць тым, хто сёння ахоўвае мір у нашай краіне.
Ва ўсе часы гатоўнасць і здольнасць абараніць свой дом, сям’ю, Радзіму разглядаліся ў нашай краіне як вышэйшае праяўленне патрыятычнага абавязку грамадзяніна. У гэты дзень мы з удзячнасцю ўспамінаем абаронцаў Беларусі розных пакаленняў, ушаноўваем людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню Радзіме, аддаём даніну павагі Узброеным сілам, якія сталі нашчадкамі непераможнай Савецкай арміі і шануюць яе баявыя традыцыі. Новыя пакаленні салдат прымнажаюць славу дзядоў і бацькоў, надзейна абараняюць стваральную працу беларусаў, сумленна выконваюць воінскі абавязак, годна нясуць званне воіна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, забяспечваючы суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы і ўносячы ўклад ва ўмацаванне абараноздольнасці краіны.
Да мікрафона запрасілі падпалкоўніка запасу, былога начальніка ваеннага камісарыята Карэліцкага раёна Вячаслава Царука, які адзначыў, што на працягу векавой гісторыі нязменным для ваеннаслужачых заставалася адно – надзейная абарона Радзімы. Беларуская зямля не раз станавілася арэнай крывавых бітваў. Заўсёды на шляху ворага першымі ўставалі яе абаронцы, дэманструючы прыклад воінскай доблесці і гераізму.
-Гэтае свята стала сапраўды ўсенародным. Яно ўвасабляе пераемнасць лепшых традыцый служэння сваёй Радзіме і сімвалізуе непарыўную сувязь гераічнага мінулага і сучаснасці. У гэты дзень мы віншуем тых, хто абараняў свабоду і незалежнасць нашай Айчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны і выратаваў свет ад фашызму, тых, хто сваёй ратнай працай мацаваў баявую моц Чырвонасцяжнай Беларускай ваеннай акругі, хто з найвышэйшай доблесцю выконваў інтэрнацыянальны абавязак. Мы ўшаноўваем усіх нашых грамадзян, хто незалежна ад прафесіі і роду дзейнасці сваёй працай уносіць дастойны ўклад у забеспячэнне нацыянальнай бяспекі дзяржавы.
Самыя цёплыя і шчырыя словы падзякі хачу адрасаваць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Добрага вам здароўя, даўгалецця і жыццёвых сіл. Сёння сучаснае пакаленне абаронцаў Радзімы з гонарам працягвае слаўныя традыцыі сваіх гераічных папярэднікаў, надзейна забяспечваючы галоўныя каштоўнасці беларускага народа – мір, бяспеку і стабільнасць. У гэты ўрачысты дзень хочацца пажадаць усім моцнага здароўя, шчасця, бадзёрасці і аптымізму, новых здзяйсненняў у службе і працы на карысць нашай роднай Беларусі.
Вячаслаў Аляксандравіч уручыў памятныя медалі “35 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана” воінам-інтэрнацыяналістам: Валянціну Васільевічу Богушу, Вячаславу Паўлавічу Клімушка, Генадзію Браніслававічу Бузуку і Мікалаю Мацвеевічу Станкевічу.
Са святам прысутных павіншаваў кіраўнік па ваенна-патрыятычнаму выхаванню ДУА “Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы” Мікалай Рабко, які адзначыў, што гэта свята авеяна мужнасцю і доблесцю, сімвалізуе непарыўную сувязь гераічнага мінулага і сучаснасці. Абарона Радзімы заўсёды была, ёсць і будзе святым абавязкам. У сваёй прамове Мікалай Мікалаевіч спыніўся на вехах гісторыі ўтварэння арміі і заключыў:
-Той няпросты гістарычны перыяд пакінуў нам велізарную колькасць трактовак, але мы павінны памятаць галоўнае: менавіта тыя людзі і тая Чырвоная Армія дапамаглі нам выжыць і замацавацца як нацыі. Гэта бясспрэчная праўда, якую павінны захаваць і перадаць наступным пакаленням. Сённяшняе свята – дзень, які сімвалізуе патрыятызм, вернасць воінскаму абавязку, гатоўнасць да самаахвяравання ў імя свабоды і незалежнасці нашай Радзімы.
Прадаўжальнікамі слаўных баявых традыцый нашых землякоў, якія адстаялі свабоду і незалежнасць Радзімы ў суровыя гады Другой сусветнай вайны, сталі іх дзеці і ўнукі, якія да апошняй кроплі крыві засталіся вернымі прысязе і Айчыне.
У сваім выступленні сакратар пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” СВК “Жухавічы” Анастасія Еўтух выказала словы віншавання з нагоды Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, які стаў сімвалам пераемнасці гераізму і подзвігу воінаў многіх пакаленняў.
-Гэта свята не толькі тых, хто служыў і служыць у арміі, хто гатовы стаць на абарону краіны, сям’і, родных і блізкіх. Сёння мы ўспамінаем і дзякуем афіцэрам і салдатам Вялікай Айчыннай вайны, якія са зброяй у руках абаранялі родную зямлю, тым, хто быў прыкладам самаахвярнага служэння Радзіме ў пасляваенны перыяд. Мы таксама аддаём даніну павагі ветэранам Узброеных Сіл і воінам-афганцам, якія з гонарам і годнасцю выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак, і тым, хто выбраў для сябе прафесію абараняць Радзіму. Сёння слаўныя і ратныя традыцыі працягвае кожны, хто ў наш неспакойны час па закліку сэрца выбірае высакародную прафесію служыць Радзіме, хто гатоў стаць на абарону міру і незалежнасці Беларусі. Яны – прыклад сапраўднага патрыятызму, смеласці і доблесці. Перакананая, што Узброеныя Сілы і надалей застануцца надзейным гарантам міру, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці нашай дзяржавы, – адзначыла Анастасія Андрэеўна.
Хвілінай маўчання і трайным залпам удзельнікі мітынгу ўшанавалі ўсіх тых, хто загінуў у гады ліхалецця, і ўсклалі гірлянду, вянкі і кветкі да помніка.
У завяршэнні ўрачыстасці старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў павіншаваў прысутных са святам і сказаў, што такія мерапрыемствы з кожным разам набываюць усё большую масавасць. Слова “патрыятызм” азначае любоў да Радзімы і прадвызначае паняцце “абараняць” – сваю сям’ю, зямлю, краіну. Гэта важны аспект для для кожнага з нас. Мы павінны ўсведамляць, што можам страціць і да чаго трэба быць гатовым, калі спатрэбіцца стаць на абарону сваёй Айчыны. Самае галоўнае – быць патрыётамі сваёй краіны, бо абаронца і патрыёт – тоесныя паняцці.
І сапраўды, у гэтай знаёмай і ўсімі чакаемай лютаўскай даце выказана вялікая павага да тых, хто стаіць на варце роднай зямлі, прызнанне заслуг многіх пакаленняў воінаў, якія адстаялі свабоду і незалежнасць Айчыны на палях бітваў. Але абарона – гэта не толькі сучасная армія, гэта і моцная эканоміка, і сацыяльная стабільнасць, і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Абараняць Радзіму, дом, сваю сям’ю – прамы абавязак сапраўднага мужчыны і патрыёта.
Кацярына КУКАНАВА
Фота Іны ЛЕЙКІ, відэа Сяргея СТОЛЯРА