Работники МЧС собрали деньги и подарили бывшему спасателю из Кореличского района аккумулятор для инвалидной коляски

Нездарма кажуць, што выратавальнікаў нельга назваць проста калегамі. Яны як вялікая сям’я, дзе кожны цалкам давярае сваім таварышам. І з гадамі гэтая сувязь не губляецца. Днямі ў госці да Аляксандра Жука, былога супрацоўніка Мірскай пажарнай часці, наведаліся намеснік начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Віктар Кессо, супрацоўнікі Карэліцкага РАНС, намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан, дырэктар ЦСАН Карэліцкага раёна Інэса Сямібратава, юныя выратавальнікі СШ №1 райцэнтра.


Дэлегацыя прыйшла не з пустымі рукамі. Госці прывезлі акумулятар да электраскутара для інвалідаў, які быў набыты за сродкі супрацоўнікаў усіх падраздзяленняў выратавальнікаў Гродзенскай вобласці афіцэрскага сходу. Гэта дапаможа мужчыне самастойна перасоўвацца з максімальна магчымым камфортам, калі на вуліцы пацяплее.

– Мы не можам быць абыякавымі да лёсаў і жыццяў тых, хто калісьці выбраў прафесію выратавальніка. І калі так склаўся лёс, што Аляксандр Жук стаў інвалідам-калясачнікам, наш святы абавязак – быць побач з ім і зрабіць усё магчымае, каб ён адчуў нашу падтрымку і ўвагу, – адзначыў Віктар Кессо.

Словы віншавання былому выратавальніку з нагоды дня ўтварэння службы МНС выказалі Яўген Чычкан і Інэса Сямібратава.

Аляксандр Жук, вярнуўшыся з арміі, выбраў для сябе неспакойную прафесію выратавальніка і паступіў на службу ў Мірскую пажарную часць. Некалькі гадоў быў камандзірам аддзялення. Няшчасце яго напаткала ў 1998 годзе, калі кіраўніцтва накіравала Аляксандра ў Рэспубліканскі вучэбна-трэніровачны цэнтр ваенізаванай пажарнай службы, што пад Барысавам. За чатыры дні да заканчэння стажыроўкі ён з групай таварышаў займаўся расчысткай тэрыторыі. Раніца 18 лістапада выдалася марознай, пад снегам – ледзяны наст. Момант падзення 800-кілаграмовай трубы, якую яны са стажорамі паднялі з зямлі і паставілі каля сцяны, памятае цьмяна. Калі вялізная махіна раптам упала, мужчыны кінуліся ўрассыпную, а ён паслізнуўся… Труба зачапіла галаву і плячо, цудам застаўся жывы. З медсанчасці Аляксандра даставілі ў Барысаўскую раённую бальніцу. Ноччу сталічны нейрахірург зрабіў аперацыю, якая доўжылася дзве з паловай гадзіны. Пасля аперацыі родным сказалі: “Жыць будзе, але як, залежыць ад вас і ад яго самога”.

Дзякуючы падтрымцы жонкі Аксаны, родных і блізкіх людзей, сяброў-выратавальнікаў, намаганням дактароў, асабістай сіле волі і жаданню, мужчына навучыўся жыць па-новаму. У 2002 годзе стаў членам Беларускай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў. Часта ездзіць у Мінск на сустрэчы з сябрамі. Любіць бываць бацькоўскім доме ў вёсцы Загор’е недалёка ад Турца: там заўсёды ёсць да чаго прыкласці рукі. Часта адпраўляецца з вудай на бераг ракі, ды і ўвогуле, на месцы не сядзіць, не такі ён чалавек.

– Дзякуй усім супрацоўнікам МНС за падтрымку, за аказанне матэрыяльнай дапамогі ў рамонце і набыцці акумулятара для электраскутара, за тое, што ніколі не забываеце нас. Вы заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу, умееце падтрымаць, выслухаць і проста не заставацца ў баку. Электраскутар – вельмі неабходная рэч, якая істотна палегчыць перамяшчэнне і дапаможа разнастаіць жыццё. Здароўя, радасці і дабрабыту ўсім вам і вашым блізкім! – выказалі словы ўдзячнасці сужэнцы Аксана і Аляксандр.
Учынкі многіх людзей выклікаюць шчырае захапленне і натхняюць акружаючых стаць лепшымі, і не так ужо рэдка трапляюцца па-сапраўднаму цудоўныя гісторыі пра бескарыслівых людзей з вялікімі сэрцамі. Навіны пра іх прымушаюць акрыяць духам і пераканацца ў тым, што ў любы час можна заставацца Чалавекам.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара