Кореличский филиал ГП «Гроднооблтопливо» стал лучшим в Гродненской области по итогам работы за 2023 год
Па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2023 год Карэліцкі філіял КУП па забеспячэнні палівам “Гроднааблпаліва” заняў першае месца ў вобласці.
Карэліцкі філіял прадпрыемства стаў лепшым у спаборніцтве паміж філіяламі Гродзенскай вобласці ў дасягненні высокіх паказчыкаў фінансава-эканамічнага развіцця.
Тут выконваюцца ўсе шэсць даведзеных паказчыкаў: рост выручкі, рэнтабельнасць продажаў, атрыманне прыбытку на аднаго працуючага, адсутнасць пратэрмінаванай запазычанасці перад торфабрыкетнымі заводамі, выкананне мерапрыемстваў па зніжэнні выдаткаў і чысты прыбытак. Работнікі філіяла не проста спрацавалі ў плюс, але і змаглі абысці канкурэнтаў. Да прыкладу, выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг за 2023 год склала 949 тысяч рублёў, або 102,6% да ўзроўню 2022 года.
Якія напрамкі дзейнасці прыносяць найбольшы прыбытак прадпрыемству, расказаў дырэктар Іван Будзейка:
— З кожным годам колькасць жыхароў у сельскіх населеных пунктах памяншаецца, а значыць зніжаецца попыт і на дровы, і на брыкет. Цяпер на Карэліччыне насельніцтва актыўна пераводзіць свае дамы на электраацяпленне. Аб зніжэнні цікавасці да цвёрдага паліва гавораць і лічбы. Так, нашым філіялам за 2023 год рэалізавана 2535 тон брыкету, або 92% да аналагічнага перыяду мінулага года і 2512 метраў кубічных дроў, або 81%. Каб у цяперашні эканамічна складаны час заставацца на плыву, трэба пастаянна займацца пошукам новых відаў паслуг для арганізацый і насельніцтва, знаходзіць нестандартныя шляхі рашэнняў у той ці іншай сітуацыі. І мы рукі не апускаем, а шукаем новыя накірункі ў працы.
Напрыклад, у сезон даволі паспяхова на прадпрыемстве займаюцца вытворчасцю і продажам тратуарнай пліткі і бардзюраў. Так, за 2023 год ад рэалізацыі гэтай прадукцыі атрымана 11 тыс. рублёў выручкі.
Працуе свая піларама, дзе вырабляецца абрэзная і неабрэзная дошкі. Вытворчасць безадходная: пакінутыя абрэзкі ідуць на дровы, апілкі прадаюцца на подсціл жывёлам. Яшчэ мы вырабляем драўляную шчапу, якую пастаўляем на кацельні Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў. Прадукцыя на складзе не залежваецца. За мінулы год было рэалізавана піламатэрыялаў на суму 72 тыс. рублёў. Пакупнікі знаходзяцца як на тэрыторыі нашага раёна, так і суседняга Навагрудскага. Бывае прыязджаюць з Мінска і Гродна. Наша арганізацыя таксама можа аказваць паслугі насельніцтву і арганізацыям па распілоўцы драўніны. Выручка ад гэтага за мінулы год склала 9 тысяч рублёў.
У нашым складзе-магазіне багаты асартымент будаўнічых матэрыялаў. Тут можна купіць цэмент, сілікатныя блокі, цэглу і іншыя матэрыялы. Па жаданні пакупніка можа быць аформлена дастаўка. На ўзбраенні філіяла маюцца два МАЗы, маніпулятар і два пагрузчыкі. Жадаючым купіць паліва яго прывязуць да месца.
— Іван Вячаслававіч, вядома, добрыя вытворчыя паказчыкі забяспечваюць людзі. Каго хацелася б адзначыць?
— У нашым калектыве працуе пятнаццаць чалавек, і кожны імкнецца добра рабіць сваю справу. Людзі разумеюць, што калі ёсць паказчыкі, будзе і прэмія, будзе магчымасць зарабіць больш, таму на любым участку работнікі працуюць бездакорна. На пагрузчыку заняты выдатны прафесіянал Юрый Лазарэвіч. Добра спраўляюцца дрывасекі Міхаіл Макас і Юрый Гаўрош, на якіх ускладзена немалая нагрузка. Ва ўсе куткі раёна спраўна дастаўляе паліва Сяргей Фір’ян. На выдатна са сваімі абавязкамі спраўляецца лесарубачная брыгада, у якую ўваходзяць Сяргей Каляда, Валерый Каляда і трактарыст Васілій Богуш. Нельга не адзначыць таксама сумленную працу работніка піларамы Сяргея Барадзіна, майстра ўчастка Дзмітрыя Каляду. Ды і ўвогуле, кожны з працаўнікоў філіяла добра ўсведамляе, што працаваць на вынік заўсёды прыемна. А калі ён суправаджаецца цяплом для іншых, то, напэўна, — і ўдвая.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара і прадастаўлена арганізацыяй