В Кореличах успешно работает производство кровель из полимеров и резины
З цягам часу змяняюцца патрабаванні да дахавых пакрыццяў, ідзе бесперапыннае іх удасканаленне і павышэнне патрабаванняў да матэрыялу, які абараняе дом. У 2016 годзе кампаніяй “Слаўны дах” быў распрацаваны новы дахавы палімерна-гумовы матэрыял, які адказвае выклікам сучаснасці і запытам самых патрабавальных спажыўцоў. Даўгавечнасць, эстэтыка, якасць дахавага пакрыцця, а таксама яго коштавая даступнасць ляглі ў аснову поспеху дадзенай распрацоўкі.
У пачатку 2023 года таварыства з абмежаванай адказнасцю “Слаўны дах” перамясціла сваю вытворчасць палімерна-гумовай чарапіцы з Міншчыны ў наш Карэліцкі раён у будынак, што належыць ААТ “Карэліцкая сельгастэхніка». Як адзначыў кіраўнік вытворчасці Алег Бляхман, прапанаванае памяшканне цалкам адпавядае патрабаванням для наладжвання якаснай работы цэха: абсталяванне лініі патрабуе высокіх электрычных магутнасцяў.
— Зараз тут працуе 13 чалавек, непасрэдна занятых на вытворчасці – 11, – расказвае Алег Алегавіч. – Сярэдняя заработная плата рабочых – 1200 рублёў. У сезон, прыкладна з красавіка да глыбокай восені, праца арганізавана ў дзве змены. І ў зімовы час работа не спыняецца, але працуем у адну змену. Зараз за дзень рабочыя вырабляюць каля 150 дахавых лістоў, гэта 346,5 кв. метраў. Адна адзінка прадукцыі памерам 2,20 на 1,05 (2,31 кв. м) каштуе ад 41 да 53 рублёў (у залежнасці ад гатунку і колеру). Дарэчы, колеравы дыяпазон выпускаемай прадукцыі разнастайны і адпавядае сучасным павевам рынку збыту: шэра-графітавы, шэра-карычневы, графітава-чорны, светла- і цёмна-шакаладна-карычневы, медна-карычневы і зялёны.
– Алег Алегавіч, у чым Вы бачыце перавагу і ўнікальнасць вырабляемай прадукцыі?
– Будаўнічы матэрыял у сілу цэнавай даступнасці, сваіх эксплуатацыйных характарыстык і эстэтычнага выгляду адказвае экалагічным выклікам сучаснасці і запытам самых патрабавальных спажыўцоў. А заяўленая даўгавечнасць на аснове лабараторных даследаванняў складае больш за 52 умоўныя гады. Кампазітпласт валодае механічнай трываласцю і не губляе сваіх уласцівасцяў пры розных дэфармацыях, ударах. Яму не страшныя ні кіслоты, ні солі, ні шчолачы, якія выпадкам могуць трапіць на паверхню.
– Што служыць сыравінай для вырабу кампазітпласту?
– Вырабляецца дахавы матэрыял з выкарыстаннем другаснай сыравіны палімераў і гумы, якія не схільныя да хуткага натуральнага раскладання. Пасля драбнення, змешвання і нагрэву яны знаходзяць другое жыццё і ператвараюцца ў сучасны будаўнічы матэрыял для пакрыцця даху. Немалаважна і тое, што па заканчэнні работ з кампазітпластам усе нефарматныя рэшткі матэрыялу, папярэдне вычышчаныя ад бруду і спакаваныя ў мяшкі для будаўнічага смецця, можна здаць у цэх на перапрацоўку і за гэта яшчэ атрымаць грошы. Так, адзін кілаграм такіх абрэзкаў будзе каштаваць два рублі.
– Ці карыстаецца попытам у насельніцтва кампазітпласт? Якія водгукі атрымліваеце ад спажыўцоў?
– Увогуле, мэтай нашай вытворчасці з’яўляецца забеспячэнне рынку краіны і замежжа якасным і даступным у цэнавым дыяпазоне дахавым матэрыялам. Асноўнымі пакупнікамі з’яўляюцца фізічныя і юрыдычныя асобы з розных рэгіёнаў нашай краіны. У невялікіх аб’ёмах прадукцыю можна купіць адразу са склада. Працуем і па папярэдняй замове. Для гэтага неабходна прыехаць да нас, спецыялісты па памеры вашага даху вылічаць неабходную колькасць пакрыцця. Тут жа можна вызначыцца і з даборнымі элементамі з металу і купіць дахавыя самарэзы. Арганізуем дастаўку кампазітпласту да месца пакупніка.
З гэтым сучасным дахавым матэрыялам прыемна працаваць: яго лёгка падымаць і можна рэзаць звычайным будаўнічым нажом. Так, 1 кв. м ліставога матэрыялу таўшчынёй 3 мм важыць да 3,5 кг. Калі ў гаспадарцы маецца шурупавёрт, то дах з кампазітпласту на простым аб’екце можна зрабіць сваімі рукамі. Для асабістых патрэбаў не выкарыстоўваў, але тыя, хто вырашыў аддаць перавагу нашаму матэрыялу, задаволены канчатковым вынікам.
Акрамя кампазітпласту, мы яшчэ рэалізуем дахавую плёнку.
Наша таварыства цесна супрацоўнічае з Беларусбанкам: існуюць розныя партнёрскія праграмы.
Прыемныя бонусы чакаюць жыхароў Карэліцкага раёна. Тыя, хто вырашыў для пакрыцця даху выкарыстаць прапанаваны намі матэрыял, змогуць скарыстацца пяціпрацэнтнымі зніжкамі.
— Адкрыць сваю справу мараць многія. Але куды прыемней працаваць на сябе, чым на кагосьці іншага. Так і справа лепш спорыцца, і заробкі выходзяць на парадак вышэй, — падвёў вынік нашай размовы Алег Алегавіч.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара