Дарья Царюк — о легендарном прадедушке: «Он стал для меня самым первым воплощением героя»

Аднаго з выбітных ураджэнцаў Карэліцкага раёна Уладзіміра Зянонавіча Царука на радзіме шануюць і памятаюць. Граматны арганізатар, удзельнік Грамадзянскай вайны, кіраўнік антыфашысцкага падполля і партызанскага руху, Герой Савецкага Саюза — сапраўдны прыклад для пераймання. Імем Царука названыя вуліцы ў гарадах Баранавічы і Стоўбцы, г.п. Карэлічы і аграгарадку Ярэмічы. На Карэліччыне працуе сельгаспрадпрыемства, якое ў сакавіку 1963 года было названа ў гонар нашага знакамітага земляка.

Сёння Уладзімір Зянонавіч пазірае на Карэлічы з партрэта, размешчанага на сцяне раённага краязнаўчага музея. Старшы навуковы супрацоўнік Аляксей Караян расказвае пра лёс “дзядзі Валодзі” (такім быў партызанскі псеўданім Царука):

— Уладзімір Зянонавіч нарадзіўся 20 студзеня 1899 года ў вёсцы Вялікая Вобрына і з маладых гадоў стаў на шлях барацьбы з прыгнятальнікамі. У 1917 годзе ён быў абраны рэўкамам, у гады Грамадзянскай вайны стаў чырвонаармейцам, а затым палітруком роты 72-га стралковага палка. З 1920 года быў на падпольнай працы ў Заходняй Беларусі. Ён ствараў падпольныя гурткі, вёў агітацыю за аднаўленне савецкай улады. Царук уступіў у шэрагі падпольнай Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Яго абралі сакратаром Мірскага падпольнага райкама КПЗБ. У 1926 годзе за рэвалюцыйную дзейнасць быў асуджаны ўладамі Польшчы да пажыццёвага турэмнага зняволення. Знаходзіўся ў турмах каля 13 гадоў.

На волю Уладзімір Зянонавіч выйшаў толькі ў 1939 годзе. Ахоўнікі, пачуўшы артылерыйскую кананаду надыходзячай нямецкай арміі, проста разбегліся, а арыштанты апынуліся на волі, выламаўшы дзверы. Царук сышоў на ўсход, дзе злучыўся з прыйшоўшымі на тэрыторыю Заходняй Беларусі часцямі Чырвонай Арміі.

— Распавядалі, калі дзед вярнуўся з польскай турмы, ішоў па вёсцы і пытаўся ў мясцовых падлеткаў: “Хлопцы, а Царукоў ведаеце?”. Адзін хлапчук сказаў, што ён Шурка Царук. Тады дзядуля ўсклікнуў: «Дык я бацька твой!», — чытаем успаміны ўнучкі Уладзіміра, кандыдата гістарычных навук Наталлі Царук.

Сям’я Царук. Сядзяць: бацька Зянон Венядзіктавіч, маці Лізавета Усцінаўна. Стаяць: Уладзімір Зянонавіч, яго жонка Алена Лявонцьеўна і сын Шура, в. Вялікая Вобрына, 1925 год.

— У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Зянонавіч вымушаны быў эвакуіравацца на ўсход, — працягвае свой аповед Аляксей. — Да восені 1942 года ён служыў у Беларускім штабе партызанскага руху. Яго абавязкам было баявое забеспячэнне падрыхтаваных да закіду ў тыл груп. Ён здабываў зброю, боепрыпасы, выбухоўку, радыёстанцыі. Але сам Царук бачыў сябе ў глыбокім тыле праціўніка. Аднойчы пасля заканчэння дакладу ў Цэнтральны штаб партызанскага руху ён звярнуўся да першага сакратара ЦК КП(б)Б Панцеляймона Панамарэнкі з асабістай просьбай адправіць яго ў тыл. Яго просьба неўзабаве была задаволена.

Уладзімір Царук кіраваў сувяззю беларускіх партызан з Вялікай зямлёй праз “Суражскія вароты” — праход паміж савецкай тэрыторыяй і тэрыторыяй пад нямецкай акупацыяй, які існаваў з 10 лютага да 28 верасня 1942 года. Ён уяўляў сабой разрыў шырынёй каля 40 км, паміж гарадамі Веліж і Усвяты, на стыку баявых парадкаў нямецкіх груп армій “Поўнач” і “Цэнтр”.

У сакавіку 1943 года накіраваны на акупаваную тэрыторыю Баранавіцкай вобласці БССР, быў памочнікам Упаўнаважанага Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Беларусі і Беларускага штаба партызанскага руху па Баранавіцкай вобласці. У тым жа годзе стаў членам Баранавіцкага падпольнага абкама партыі, першым сакратаром Стаўбцоўскага падпольнага раённага камітэта партыі, камандзірам партызанскага злучэння Стаўбцоўскай зоны.

Ва ўспамінах яго ўнучкі Наталлі Аляксандраўны чытаем, што Царук увесь час хваляваўся за сваю сям’ю: ці жывыя дзеці, жонка і маці, дзе яны? Няведанне было для яго невыносным. Аднойчы ён адправіў некалькі партызан у сваю родную вёску. Высветлілася, што ў 1941 годзе жонка Алена з дзецьмі і свякроўю накіраваліся на ўсход, і пра іх лёс нічога не вядома. Раптам навіна: у суседнім атрадзе ёсць малады партызан Царук. Уладзімір Зянонавіч узрадаваўся: “Шура, хлопчык мой, сыночак! Я павінен яго ўбачыць!” Калі бацька і сын сустрэліся, камбрыг доўга не мог паверыць: вось ён, яго сын, жывы і здаровы. Да таго ж партызан! Аляксандр расказаў бацьку, што ў чэрвені 1941-га сям’я выехала са Стоўбцаў, але ў раёне Магілёва гітлераўцы перакрылі ўсе дарогі, і ім давялося вярнуцца назад. Знайшлі прытулак на закінутым хутары Бярэзінка ў Яся Балабановіча. Аляксандр стаў партызанам восенню 1942-га. Тады ўся сям’я дапамагала лясным байцам як магла.

У падначаленні Уладзіміра Царука знаходзіліся пяць падпольных райкамаў партыі, дзве партызанскія брыгады і некалькі атрадаў. У Стоўбцы фашысты сагналі каля 2000 маладых сялян для стварэння падраздзялення, названага “Беларуская краёвая абарона”. Царук накіраваў у іх шэрагі каля 80 агітатараў. Неўзабаве, прыслухаўшыся да іх слоў, амаль усе рэкруты разбегліся, а многія ўступілі ў партызанскія атрады.

Партызанскія друкарні сталі выпускаць газеты, прапагандысцкія плакаты і ўлёткі.

Заклік важакоў да ўсенароднай барацьбы быў пачуты ў народзе. Насельніцтва пайшло ў партызаны. Сталі стварацца новыя атрады і брыгады.

18 красавіка 1943 года Царук асабіста ўзначаліў аперацыю па разгроме гарнізона ў мястэчку Мір, дзе адпачывалі і праходзілі падрыхтоўку гітлераўскія лётчыкі. Падпольшчыкі здабылі пароль. Група партызан, пераапранутых у гітлераўскую форму, зняла ахову. Следам у гарнізон уварваліся асноўныя партызанскія сілы атрадаў “Камсамолец” і імя Воранава. У вокны будынкаў паляцелі гранаты, гітлераўцаў, якія выскоквалі з вокнаў на вуліцу, наганялі аўтаматныя чэргі. Да Царука на камандны пункт сцякаліся ўсе данясенні аб ходзе бою. Да раніцы гарнізон быў цалкам разгромлены.

Летам 1943 года, падчас правядзення фашыстамі аперацыі “Герман”, рака Нёман стала мяжой, на якой партызаны “дзядзі Валодзі” вялі жорсткія баі, не дапускаючы фарсіравання ракі ворагам. Над пушчай павіслі бамбардзіроўшчыкі. Па лясных дарогах пайшлі карнікі, танкі і спецыяльныя каманды салдат з аўчаркамі.

Царук разумеў: так проста з заблакаванай Налібоцкай пушчы не сысці — у лесе жывуць партызанскія сем’і, функцыянуюць шпіталі, ёсць аэрадром для прыёму самалётаў з вялікай зямлі. Ён прыняў рашэнне атрадам разгрупавацца і, свабодна манеўруючы, з усіх бакоў біць карнікаў.

Амаль цэлы месяц ішла жорсткая барацьба на межах лясных масіваў. На шляху ў Івянец партызаны захапілі штаб палкоўніка-карніка Дырлевангера, і план аперацыі “Герман” апынуўся ў руках Царука. Партызаны ў строгай адпаведнасці з гэтым планам сталі ладзіць засады ў самых нечаканых для ворага месцах. Страціўшы нямала людзей і баявой тэхнікі, карнікі ўцяклі.

У 1944 годзе ў Стаўбцоўскім партызанскім злучэнні пад камандаваннем Уладзіміра Зянонавіча было ўжо пяць брыгад — “Камсамолец”, імя 1 Мая, імя 25-годдзя БССР, імя Маршала Г.К. Жукава, імя Суворава. Асобы казачы атрад быў разгорнуты ў кавалерыйскі дывізіён. Гэта былі тысячы добра ўзброеных байцоў. Яны грамілі гітлераўскія гарнізоны, падрывалі чыгуначныя і шашэйныя масты, зрывалі будаўніцтва гітлераўскіх абарончых аб’ектаў. Царук асабіста распрацоўваў планы ўдараў па варожых камунікацыях.

20 чэрвеня 1944 года злучэнне Царука ў поўным складзе выйшла на чыгунку. Тысячы рэек узляцелі на паветра. На станцыях сталі збірацца варожыя эшалоны, становячыся лёгкай здабычай савецкіх бамбавікоў. 6 ліпеня 1944 года партызаны Царука злучыліся з надыходзячымі часцямі Чырвонай Арміі.

Неўзабаве начальнік Беларускага штаба партызанскага руху Пётр Захаравіч Калінін падпісаў прадстаўленне на прысваенне Уладзіміру Зянонавічу Царуку звання Героя Савецкага Саюза: “У сакавіку 1943 года ЦК КП(б)Б накіраваў У. З. Царука ў тыл праціўніка ў Баранавіцкую вобласць для арганізацыі партызанскага руху і стварэння падпольных партыйных арганізацый. Знаходзячыся ў тыле праціўніка, тав. Царук у Стаўбцоўскім і Мірскім раёнах з разрозненых груп стварыў партызанскія атрады, аб’яднаўшы ў брыгады колькасцю да 2500 чалавек. Партызанскія брыгады пад кіраўніцтвам тав. Царука нанеслі суперніку наступныя страты: пусцілі пад адхон 555 воінскіх эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай, разбіты і пашкоджаны 531 паравоз, 3263 вагона і платформы, забіта 33773 і паранена 13949 гітлераўцаў, падарвана 325 аўтамашын, знішчана 646 чыгуначных мастоў. Гэта важкі ўклад баранавіцкіх партызан у справу разгрому гітлераўскіх акупантаў”.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 жніўня 1944 года Царуку Уладзіміру Зянонавічу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”. Ён таксама быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі, медалямі.

Праўнучка Уладзіміра Зянонавіча Дар’я Царук ведае пра славутага прадзядулю з аповедаў сваёй бабулі Марыі Лявонаўны.

— Бабуля заўжды ганарылася Уладзімірам Зянонавічам, шмат аб ім расказвала, — успамінае Дар’я. — Я была яшчэ зусім маленькая і да таго, як захапілася супергероямі з мульцікаў і выдуманымі персанажамі, ён стаў для мяне самым першым увасабленнем героя. З яе апавяданняў добра памятаю, як ён стойка вытрымаў адзіночнае зняволенне ў турме, як ён адважна ішоў на поле бою, сам асабіста ўдзельнічаў у бітвах.

Пасля вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Уладзімір Царук быў на партыйнай і савецкай працы. У ліпені 1944 года стаў першым сакратаром Стаўбцоўскага райкама партыі, у красавіку 1947 года — намеснікам старшыні Баранавіцкага аблвыканкама, у лістападзе 1951 года — старшынёй Баранавіцкага гарвыканкама. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і Вярхоўнага Савета СССР.

— Ужо пасля вайны, калі яго прызначылі ў Баранавічах старшынёй, да яго дадому, дзе быў таксама яго рабочы кабінет, прыходзіла на прыём шмат людзей з рознымі просьбамі, — працягвае Дар’я. — Ён, бачачы, напрыклад, жанчыну з дзецьмі, у якой загінуў муж і не хапала на важныя патрэбы, даваў ад сябе, што мог, проста так. Бабуля бачыла гэта вельмі часта.

Таксама Марыя Лявонаўна ўспамінала выпадак, які здарыўся, калі ўсе атрымлівалі неабходнае па талонах.

— Можа, нам не трэба стаяць у чэргах, і мы можам і больш узяць? — спытала яна Уладзіміра, намякаючы на становішча і пост, які ён займаў. Але ён адказаў, што няма розніцы паміж людзьмі, і ён, і яго родныя не маюць прывілеяў і павінны таксама стаяць у чарзе, як і ўсе, і атрымліваць, што належыць, аднолькава з усімі. Больш гэтае пытанне ніколі не гучала.

Гэтую гісторыю Дар’я чула ў дзяцінстве шмат разоў і захаплялася прыстойнасцю прадзядулі. Прайшоўшы такі няпросты жыццёвы шлях, рызыкуючы жыццём, шмат чаго згубіўшы, Уладзімір Зянонавіч разумеў жыццё і важныя каштоўнасці.

Яшчэ памятаю гісторыю пра “чамадан” грошай, — кажа Дар’я. — У Маскве быў з’езд, і прадзед сустракаўся са Сталіным і іншымі важнымі персонамі, тады ўзнагароджвалі за заслугі на вайне і прызначалі розных кіраўнікоў (гэта было пасля вайны). Акрамя ўзнагарод, удзельнікі з’езду атрымалі падтрымку як удзячнасць за адвагу перад Айчынай. У тым спісе быў і Уладзімір Зянонавіч. Але па дарозе дадому ён аднёс гэты “чамадан” у прытулак.

— “Нават не ўзяў і чырвонца, каб купіць цукерак або гасцінцаў сваёй сям’і з Масквы”, — каментавала бабуля. Яна ведала гэтую гісторыю, думаю, ад яго жонкі. Адказ Уладзіміра быў такі, што шмат дзяцей, у якіх пасля вайны наогул нічога і нікога няма,  ім больш патрэбна. Але які прытулак і дзе, на жаль, цяпер ужо ніхто не памятае, а магчыма, ведаў толькі ён сам. «Чамадан” грошай тых часоў, са слоў бабулі, думаю, адрозніваецца ад паняцця валізак нашага часу. Але я запомніла менавіта такую фармулёўку.

Вуліца імя Царука ў Карэлічах

#УЛИЦЫ_ГЕРОЕВ_ГРОДНЕНЩИНЫ

Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара, з адкрытых інтэрнэт-крыніц і прадастаўлена Дар’яй Царук