Директор Кореличского УКП БОН Алла Маковик: «Службе быта — определенно быть!»
Бытавое абслугоўванне насельніцтва традыцыйна нясе на сабе вялікую сацыяльную нагрузку, бо з’яўляецца адной са значных сфер у галіне эканомікі. Як ідуць справы на Карэліччыне, даведаліся, зазірнуўшы ва УКП БАН.
Служба быта Карэліцкага раёна – гэта 53 супрацоўнікі, якія забяспечваюць насельніцтва рознага роду паслугамі. Спецыялісты рамантуюць, шыюць, вырабляюць, чысцяць, і ўсё гэта дзеля нашага з вамі камфорту.
Прыемна ўсведамляць той факт, што асноўныя паказчыкі фінансава-эканамічнай дзейнасці ў Карэліцкім УКП БАН за мінулы год станоўчыя. Мяркуйце самі: выручка ад рэалізацыі прадукцыі (работ, паслуг) склала 2,4 млн рублёў. Найбольшую ўдзельную вагу ў агульным аб’ёме прыбытку склаў выраб пасцельнай бялізны (22 тыс. адзінак), коўдраў, падушак і пакрывал (7 тыс. штук). Прыбытак склаў 652 тыс. рублёў. Высокі вынік і па пашыве швейных вырабаў. Выручка ад іх рэалізацыі – 318 тыс. рублёў. Добры паказчык і па іншых бытавых паслугах (393 тыс. рублёў).
Прыемна, што комплексныя прыёмныя пункты ў вёсках, а іх у раёне працуе пяць, прынеслі летась у скарбонку Дома быту 101 тыс. рублёў. Гэта значыць толькі адно – бытавыя паслугі запатрабаваныя ў сельскай мясцовасці і не губляюць сваёй актуальнасці і сёння, бо не ў многіх ёсць магчымасць скарыстацца імі, выехаўшы ў горад, каб купіць прыгожую і якасную пасцельную бялізну, коўдру або падушку.
Аб актуальнасці работы бытавікоў гавораць і лічбы ўжо гэтага года. За два месяцы тут атрымалі 139% выручкі ад рэалізацыі прадукцыі і паслуг да ўзроўню мінулага года.
У размове з дырэктарам арганізацыі Алай Маковік абмеркавалі так званую “працу на склад”. Як запэўніла мяне суразмоўца, цяпер няма ніякай выгады працаваць такім чынам. Яны не папаўняюць складскія запасы. Калі запатрабаваная нейкая прадукцыя, тады і выпускаюць яе.
Ала Пятроўна адзначыла, што ў сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва жаночы твар. Прадстаўніцы прыгожага полу, акрамя сваёй штодзённай працы, з’яўляюцца любячымі маці, клапатлівымі жонкамі, вернымі сяброўкамі і грамадскімі дзеячамі.
Па выніках работы за мінулы год Падзячным пісьмом Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў узнагароджана швачка Таццяна Міхей, Ганаровымі граматамі Карэліцкага райвыканкама – майстар швейнага цэха Таццяна Уласевіч і цырульнік Ганна Логіш. Падзячнае пісьмо Карэліцкага райвыканкама атрымаў вадзіцель аўтамабіля Сяргей Шчэмер і бухгалтар Іна Вайцешык.
Сёлета цырульнік Ганна Логіш занесена на раённую Дошку гонару.
– У сучаснай канкурэнтнай барацьбе выжывае той, хто забяспечвае высокую якасць тавару ці паслугі па даступнай цане. Дасягнуць высокай мэты можна толькі сумеснымі намаганнямі ўсяго калектыву. Дарагія калегі, прыміце словы падзякі за працу! Ад душы жадаю моцнага здароўя, аптымізму, невычэрпнай энергіі і далейшых поспехаў у нашай агульнай справе, – адзначыла Ала Маковік.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара