В Кореличском районе активно ведутся дорожно-ремонтные работы

З надыходам вясны на Карэліччыне актыўна вядуцца дарожна-рамонтныя работы.

Так, гэтымі днямі ДРБУ № 158 праводзіць ямачны рамонт на дарозе Турэц-Ярэмічы. Як паведаміў начальнік прадпрыемства Мікалай Кадлубай, на сённяшні дзень усяго выканана работ на плошчы 500 квадратных метраў. Выкарыстоўваецца струменева-ін’екцыйны спосаб.

 — Назва хоць і складаная  — струменева-ін’екцыйны метад, але сам працэс рамонту больш чым просты, — тлумачыць кіраўнік дарожнай службы. — Яма для пачатку чысціцца: аператар прадзьмухвае яе струёй паветра. Потым бітумам прыхопліваюцца краі паглыблення. Далей зноў бітумная эмульсія, але ўжо з сумессю шчэбеню, заліваецца ў расколіну. Замацоўваецца вынік пластом сухога шчэбеню, якім зверху пасыпаецца ўжо практычна адрамантаваны дэфект. І праз некалькі хвілін машыны могуць свабодна ездзіць па месцы, якое нядаўна ўяўляла сабой непрывабную яму на дарозе.

Таксама ў раёне працуе грэйдар па прафіляванні дарог, што на дадзены момант склала 155 кіламетраў.

Карэліцкае РУП ЖКГ таксама займаецца выпраўленнем вуліц і дарог райцэнтра і населеных пунктаў раёна. Па словах дырэктара жылкамунгаса Мікалая Лукашкова, ужо ў працэсе грэйдзіравання асвоена 0,95 кіламетра. Ямачны рамонт выкананы ў аб’ёме 625 квадратных метраў, выкарыстана 6,1 тоны асфальту.

Не засталіся ў баку ад праблемных участкаў дарожна-вулічнай інфраструктуры і арганізацыі аграпрамысловага комплексу. Выдзеленая ў якасці дапамогі тэхніка істотна паскорыла і прасунула працэс рамонту дарог.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара