В Кореличском районе посеян 21% ранних зерновых яровых культур

З усталяваннем цёплага вясенняга надвор’я ў аграрыяў пачынаецца гарачая пара. У многім ад якасці сяўбы залежыць, які ўраджай збяруць руплівыя земляробы. Каб не прапусціць аптымальныя тэрміны, увесь комплекс вяснова-палявых работ аграрыі імкнуцца выканаць як мага хутчэй, з захаваннем тэхналогіі і з улікам агранамічных асаблівасцяў кожнага поля.
Масавая сяўба зерневых яравых пачалася ў Карэліцкім раёне 23 сакавіка. Першымі на раллю выйшлі аграрыі СВК “Свіцязянка-2003” і КСУП “Лукі-Агра”, дзе пасяўная пачалася 21 сакавіка.

Механізатары КСУП «Лукі-Агра» Сямён Гіль, Віталій Вараб’ёў і Аляксей Кавальчук

Разам з галоўным аграномам КСУП “Лукі-Агра” Паўлам Тананкам прыязджаем на поле, размешчанае каля вёскі Кайшоўка. Па свежай раллі брыгадзірам шпацыруе цыбаты бусел.

— Плошча поля — 160 га, — расказвае Павел. — Сеем тут яравы ячмень “КВС ИРИНА” другой рэпрадукцыі. Усяго плануем засеяць гэтай культурай 583 га. Ячмень увогуле хуткаспелая і пластычная культура, якая добра прыстасавана да розных глебавых асаблівасцяў.

Усяго зерневымі і зернебабовымі яравымі культурамі ў прадпрыемстве плануюць засеяць 1299 га, з якіх пшаніца будзе пасеяна на 96 га, кукуруза на зерне — на 320 га, грэчка — на 30 га.

Пакуль мы размаўляем, да нас пад’язджае магутны трактар расійскай вытворчасці RSM2375 з сеялкай Amazone. За рулём — механізатар Аляксей Кавальчук.

— На гэтым багатыры я шчырую трэці сезон, — расказвае Аляксей. — Трактар просты ў абслугоўванні, але вельмі прадукцыйны.

Зазіраю ў кабіну трактара. Тут лёгка дыхаецца, грае радыё. Аляксей расказвае, што даўно прайшлі тыя часы, калі трактарыст з-за грукату рухавіка не чуў уласных думак. Сучасныя вытворцы сельгасмашын клапоцяцца не толькі аб магутнасці, але і аб утульнасці механізатараў.

— Прывык да вясковай працы, — расказвае Аляксей. — Хочацца паказаць лепшы вынік і зрабіць усё як мага больш якасна.

Намаганні механізатара не застаюцца незаўважанымі кіраўніцтвам раёна: па выніках 2023 года Аляксей стаў пераможцам раённых спаборніцтваў па падрыхтоўцы глебы.
Побач на такім жа трактары рыхтуе глебу механізатар Віталій Вараб’ёў.

— Сельская гаспадарка — мая стыхія, — расказвае Віталій. — Працую на ўнясенні ўгнаенняў, касьбе, збіраю ўраджай. Хто працуе, таму і шанцуе! Галоўнае, каб здароўе не пазводзіла, а астатняе ў нашых руках.

Павел Тананка вязе нас на поле каля вёскі Альшаны. Тут шчыруюць механізатар Юрый Лазарчук і вадзіцель Ігар Шыран. Якраз зараз ідзе напаўненне сеялкі насеннем. Тут на плошчы 180 га таксама сеюць азімы ячмень.

Па інфармацыі упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, хлебаробы раёна пасеялі 871 га ранніх яравых культур з запланаваных 4104 га (21 % ад плана).

Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара