Традиционная районная спартакиада «Папа, мама, я — спортивная семья» собрала в Кореличах 24 семьи

Традыцыйная раённая спартакіяда “Тата, мама, я – спартыўная сям’я”  20 красавіка  прайшла дынамічна, актыўна і па-сямейнаму цёпла.

24 каманды, тры ўзроставыя катэгорыі і восем відаў спаборніцтваў. Радасць удачы, слёзы адчаю, загартоўванне характару і сілы волі,  моц мужчын, грацыёзнасць жанчын і непасрэдная шчырасць дзяцей, – усё мела месца быць у гэты суботні дзень у спартыўнай зале ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы”, дзе  прайшло раённае спартыўнае мерапрыемства.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся  загадчык сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Аляксандр Галушка, намеснік старшыні Карэліцкай РА РГА “Белая Русь” Вольга Івашка і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская. Яны адзначылі  важнасць спартыўных мерапрыемстваў, бо спорт – гэта яднанне, здароўе, уменне пераадольваць цяжкасці і цудоўны адпачынак сям’ёй.

Заўсёды прыемна быць сведкам  спаборніцтваў, дзе ўдзельнічае ўся сям’я. У такіх выпадках нават простая і стандартная эстафета або вядзенне тэніснага ці баскетбольнага  мяча  “змейкай” становіцца прыкладам яднання і ўзаемнай падтрымкі. Так адбылося і на гэты раз: на ўсіх этапах спаборніцтва таты, мамы і дзеці аднолькава перажывалі адзін за аднаго. Падчас усёй эстафеты яе ўдзельнікі прадэманставалі як асабістую сілу,  так і камандны дух, і вытрымку. Адной з самых  відовішчных частак спаборніцтваў стала лёгкаатлетычная эстафета. Хваляваліся  больш дарослыя. Трэба было бачыць, як таты і мамы тлумачылі дзецям, што і як трэба рабіць, нецярпліва чакалі іх на фінішы,  супакойвалі і абдымалі, калі нешта пайшло не так. І як шчасліва ўсміхаліся і ганарыліся поспехамі сваіх сыноў і дачок.

Пераможцы і прызёры сямейнай спартакіяды вызначаліся па агульнай колькасці ачкоў за ўсе спаборніцтвы.