Бархат, береза Эрмана, японская и сибирская лиственницы, клен татарский. Парк у Мирского замка пополнился новыми растениями

Старшакласнікі СШ г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай высадзілі ў парку каля Мірскага замка 66 новых саджанцаў дрэў.

Побач з Мірскім замкам размясціўся прыгожы парк, закладзены пасля таго, як замак страціў сваю абарончую функцыю. З крыніц XVIII стагоддзя вядома, што парк складаўся з 25 квадратаў, і ў ім вырошчваліся фруктовыя дрэвы, гародніна і зёлкі. На яго тэрыторыі былі аранжарэі, дом садоўніка і гаспадарчыя пабудовы. На жаль, з часоў апошніх уладальнікаў мястэчка Мір Святаполк-Мірскіх захавалася нямнога зялёных сведкаў гісторыі. Сонечным вясеннім днём на тэрыторыі замка сабраліся старшакласнікі СШ г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай, каб высадзіць у парку маладзенькія дрэўцы.

Саджанцы для папаўнення парку прадаставілі раслінаводы-аматары Аляксандр Несцяровіч, Дзяніс Лазіцкі і Алеся Алёхна. Сярод раслін, якія хутка будуць радаваць наведвальнікаў старажытнага замка — амурскае коркавае дрэва, бяроза Эрмана, бружмель татарскі, сібірская і японская лістоўніцы, баярышнік Паўль Скарлет, клён татарскі і іншыя пароды дрэваў і хмызнякоў.

Перад пачаткам пасадкі Аляксандр Несцяровіч расказаў школьнікам пра кожную пароду раслін, якія ім неабходна пасадзіць. Так, напрыклад, бяроза Эрмана мае другую назву — каменная бяроза, якая цэніцца за сваю трываласць і ўстойлівасць да гніення. Яна выкарыстоўваецца ў вытворчасці мэблі, у будаўніцтве, а таксама ў народных рамёствах і народнай медыцыне.
























За працай незаўважна праляцеў час. Пасля завяршэння пасадкі яе ўдзельнікам раздалі памятныя сувеніры — магніцікі, зробленыя з шышак.

— Мы займаемся развядзеннем дрэў як аматары, — расказаў Дзяніс Лазіцкі. — Звярнулі ўвагу на старыя паркі, у якіх былыя гаспадары высаджвалі незвычайныя для сваёй мясцовасці дрэвы. Зразумела, што з часам старыя дрэвы падаюць, некаторыя з іх мэтанакіравана высякалі, таму ўзнікла ідэя запоўніць гэтыя прагалы. Мы збіраем насенны матэрыял, вырошчваем на ўчатках Малюшыцкім сельсавеце і каля горада Пінска і высаджваем усім на радасць.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара