Делегат ВНС директор ОАО «Кореличи-Лён» Фёдор Жук: «Каждый день стремлюсь сделать свою страну еще лучше»

Дэлегаты Усебеларускага народнага сходу – прафесіяналы сваёй справы, якія прытрымліваюцца розных поглядаў і перакананняў, ведаюць аб праблемах у сваіх рэгіёнах і маюць там вялікі аўтарытэт. Іх аб’ядноўвае адно – імкненне зрабіць нашу краіну яшчэ лепшай.  У якасці дэлегата УНС ад Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў вылучаны  дырэктар ААТ “Карэлічы-Лён” Фёдар Жук.

Падымаючыся па прыступках  кар’ернай  лесвіцы,    Фёдар Мікалаевіч працаваў і памочнікам  загадчыка ўчастка, і загадчыкам  участка, каля пяці гадоў  займаў пасаду  намесніка старшыні калгаса імя Чарняхоўскага.  Быў у жыцці і такі перыяд, калі займаў пасаду кіраўніка гаспадаркі ў Стаўбцоўскім раёне,  але родная Карэліччына  не адпусціла. У 2010 годзе прыйшоў на  ААТ “Карэлічы-Лён”, быў аграномам, потым  намеснікам дырэктара, а пасля дзесяці гадоў працы на прадпрыемстве ўзначаліў яго. Сёння льнозавод –  знакавая вытворчасць не толькі для раёна, але і для Гродзеншчыны, і ўвогуле  для рэспублікі.

– Тое, чаго ўдалося дасягнуць  прадпрыемству – гэта вынік працы ўсяго калектыву. Вельмі важна, калі чалавек  атрымлівае  не толькі матэрыяльнае, але і маральнае  задавальненне ад таго, чым займаецца.  Сёння першачарговая наша задача – захаваць пазіцыі,  і мы шмат робім для гэтага. Чалавек заўсёды павінен быць забяспечаны працай, а для гэтага неабходна сыравіна, – лічыць Фёдар Жук. – Для мяне было нечаканасцю, калі я даведаўся, што маю кандыдатуру вылучылі як дэлегата УНС. Адразу ў галаве прамільгнула: “Як жа гэта будзе адбывацца? Чым я буду займацца і якія пытанні мне трэба будзе вырашаць?” Першае, што ў мяне цяпер у думках, – звярнуць асаблівую ўвагу на развіццё сельскай гаспадаркі і прыцягненне маладых спецыялістаў у гаспадарку, каб яе не баяліся. Гэта добрая праца, якая цяпер з’яўляецца высокааплатнай. Прычым гэта тычыцца і галоўных, і радавых спецыялістаў, і простых работнікаў. Але пакуль, на жаль, кадравае пытанне застаецца: у большасці  моладзь не імкнецца замацавацца ў гаспадарцы. Аснова эканомікі нашай краіны – сельская гаспадарка. Яна павінна быць забяспечана высокакваліфікаванымі кадрамі, таму  неабходна звяртаць увагу на студэнтаў, якія навучаюцца ў тэхнікумах, каледжах і ВНУ, расказваць ім аб тых гарантыях і прэферэнцыях, якія можа даць гаспадарка. Таксама я дакладна разумею, што ў працы УНС трэба будзе прымаць рашэнні ў розных напрамках.  Думаю, усё атрымаецца: я актыўны чалавек, які цалкам падтрымлівае дзяржаўную  палітыку  краіны. Калі ў маім асяроддзі хтосьці памыляецца на гэты конт, я  імкнуся выказаць сваё меркаванне і даць важкія довады, каб чалавек перагледзеў сваё стаўленне і ўбачыў, што ён памыляецца.  Я дакладна ўсведамляю важнасць забеспячэння суверэнітэту краіны, захавання духоўна-маральных каштоўнасцяў і адзінства ў нашым грамадстве. Нельга забываць, што развіццё беларускай дзяржавы магчыма толькі на аснове шматвяковых традыцый і вопыту. Хоць я ўпершыню займаюся такой справай, буду старацца  дапамагчы людзям з  вырашэннем  пытанняў, бо  жыву па сумленні і стаўлю інтарэсы грамадства і дзяржавы вышэй сваіх асабістых жаданняў і амбіцый.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара