Галіна Толмач з вёскі Лясок расказвае, як вітаюць Благавешчанне ў яе сям’і

7 красавіка кожны год усе праваслаўныя хрысціяне адзначаюць адно з двунадзясятых святаў — Дабравешчанне Прасвятой Багародзіцы. Як вітаюць праваслаўнае свята ў сям’і Галіны Толмач з в. Лясок Красненскага сельскага савета, даведалася карэспандэнт раённай газеты “Полымя”.

—  З дзяцінства  свята Дабравешчанне  дорыць веру ў надзею, у вялікі цуд, —  пачынае свой расказ суразмоўца. — А яшчэ прымушае кожнага з нас задумацца пра сэнс  жыцця і падзяліцца любоўю і клопатам з блізкімі людзьмі. Вось чаму я так люблю гэта свята.  Як сёння помню, як  людзі радаваліся сонцу, надыходзячай вясне, ажыўленню жыцця. А яшчэ і маці, і бабуля ды і ўвогуле вяскоўцы ў гэты дзень стараліся не  працаваць, вязаць, шыць, ладзіць гулянкі, купляць новыя рэчы і сварыцца.  А нам, малым,  гэта было вельмі даспадобы, таму што нічога не трэба было рабіць.  І сёння ў гэты дзень паўсюдна можна чуць прыказку: ”На Дабравешчанне птушка гнязда не ўе, дзяўчына касы не пляце”.

Абавязкова  ішлі на службу ў царкву. У літургічным  сэнсе ў святочны дзень здзяйсняецца асабліва ўрачыстае набажэнства, адрознае ад паўсядзённых поставых служб. Усё ўжо дыхае чаканнем  Вялікадня. Ну а  пост  — гэта зусім не час засмучэння, гэта таксама свайго роду святочны час, але толькі не для цела, а для душы. Калі свята для цела — гэта смачная ежа, розныя забавы, то свята для душы — гэта спакой, цішыня, ачышчэнне ад грахоўнасці. Свята вельмі добра паказвае, што духоўна радавацца можна і трэба,  бо Гасподзь заўсёды з намі, і гэта галоўнае наша шчасце.

Раней і я хадзіла на службу ў царкву, але  зараз ужо здароўе не тое, таму для мяне    служба дома,  і тут прытрымліваюся ўсіх яе канонаў.  Традыцыі святкавання царкоўных святаў    я  пераняла ад  бабулі Кацярыны, якая была вельмі набожная, а мне ўдалося іх  перадаць сваёй дачцэ Таццяне і ўнучцы Юліі.

У вялікіх храмах ёсць цудоўная,  прыгожая традыцыя — пасля службы на свята выпускаць у неба птушак, часцей галубоў.   Што тычыцца сімволікі, то галубы ў небе — гэта, перш за ўсё, благаславенне Святога Духа.

—  Я лічу, што кожны павінен пастарацца быць для іншых добрай весткай, заўсёды  быць гатовым прыйсці адзін аднаму на дапамогу, падтрымаць, узрадаваць сэрца чалавека, бо радаснае сэрца — яно жывое.

Увогуле, рэлігійныя святы  ў жыцці нашай сям’і   маюць асаблівае значэнне, бо яны нагадваюць нам пра нашу веру і  прыналежнасць да духоўнай супольнасці. Яны таксама з’яўляюцца часам для сямейнага яднання і ўмацавання  адносін. Мы цэнім іх і заўсёды з нецярпеннем чакаем  надыходу, каб адзначыць іх разам.

Кацярына КУКАНАВА
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэта