Сын борца с белополяками и фашистами Павла Железняковича — о легендарном отце: «Это был мягкий человек с железной волей»
Сярод знакамітых людзей Карэліччыны імя Паўла Жалезняковіча гучыць асобна. У даведніках і энцыклапедыях пра яго напісана няшмат: “Жалезняковіч Павел Арсеньевіч (1906-1971) — старшыня Карэліцкага райвыканкама, партызан. У 20-х гадах партызаніў на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Сядзеў у польскай турме. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў камісарам Камсамольскага партызанскага атрада”. За гэтымі скупымі радкамі схавана багатае і шматграннае жыццё гэтага чалавека.
З просьбай расказаць пра Паўла Арсеньевіча мы звярнуліся да яго сына Віктара. Хто, як не родны сын, можа падзяліцца не толькі фактамі з жыцця знакамітага жыхара Карэліччыны, але і расказаць, якім тата быў у быце.
— Тата нарадзіўся 10 кастрычніка 1906 года ў вёсцы Лешня Капыльскага раёна, — расказвае Віктар Паўлавіч. — Яго бацька быў праваслаўным святаром, служыў на Міншчыне. Акалічнасці склаліся так, што сям’я пераехала ў Ярэмічы. Менавіта тут яшчэ ў юныя гады Павел пачаў усведамляць супярэчнасці паміж прывітымі яму з дзяцінства хрысціянскімі ідэаламі любові, дабра, справядлівасці і навакольнай рэальнасцю, напоўненай прыгнётам і паланізацыяй.
Непасрэдным штуршком да пачатку яго станаўлення як рэвалюцыянера і палітычнага лідара, відаць, стала знаёмства ў Вільні (дзе ён вучыўся ў духоўнай семінарыі) з членамі рэвалюцыйнай арганізацыі, што дзейнічала там у 1920-я гады. Хутчэй за ўсё гэтая сувязь і паслужыла асноўнай прычынай для выключэння Паўла з установы. Менавіта тады ён пачынае ўсведамляць, што прыйшоў час змагацца за справядлівасць, свабоду, роўнасць і шчасце для простых людзей. Яму становяцца блізкімі ідэалы камуністычнай партыі.
— Ён быў ідэйным камуністам, — успамінае Віктар Паўлавіч. — І мы з братам выхоўваліся ў духу патрыятызму. Я з дзяцінства ведаў рэвалюцыйныя песні, мог праспяваць “Інтэрнацыянал” не толькі на рускай мове, але ведаў беларускамоўны пераклад Янкі Купалы і польскі варыянт.
Пасля вяртання з Вільні ў Ярэмічы дзевятнаццацігадовы Павел працаваў паштальёнам. Таксама ў гэты час ён распаўсюджваў забароненую ўладамі літаратуру і вёў актыўную агітацыйную дзейнасць. Разам з земляком Уладзімірам Царуком увайшоў у Мірскі падпольны райкам партыі. А ўжо неўзабаве маладыя камуністы стварылі сетку партыйных ячэек у вёсках Сіняўская Слабада, Вобрына і Пагарэлка.
— Яны з Уладзімірам Зянонавічам былі вельмі добрымі сябрамі, — каменціруе субяседнік. — І па характары былі вельмі падобнымі. Абодва вельмі сціплыя. Гэта рыса характару ўвогуле характэрна для іх пакалення. Мы жылі звычайным жыццём, нічым не адрозніваліся ад сваіх суседзяў. Нават тэлевізар у нас з’явіўся пазней, чым у некаторых суседзяў па вуліцы. Тата быў вельмі непатрабавальным у быце чалавекам, нягледзячы на тое, што валодаў каласальным аўтарытэтам.
Улетку 1926 года Паўла разам з сябрамі-аднадумцамі Уладзімірам Царуком і Сямёнам Носам арыштавалі і асудзілі да пажыццёвага турэмнага тэрміну. Гэтыя гады пакінулі глыбокі след у лёсе палымянага рэвалюцыянера. Спачатку яго адправілі ў турму ў Гродна, затым у Плоцк, а пазней у Равічы. Заключэнне пахіснула здароўе маладога чалавека. На волю ў верасні 1939 года Павел выйшаў у цяжкім стане — фактычна інвалідам і з хранічным рэўматызмам, хварэў на сухоты. Але, нягледзячы на гэта, разам з іншымі палітвязнямі ўступіў у апалчэнне ў Варшаве, будаваў барыкады.
Нарэшце ў яго атрымалася вярнуцца на Карэліччыну. Тут актыўна будавалася новае жыццё, і Павел актыўна ўключыўся ў гэтае будаўніцтва, працаваў з аптымізмам, аддаваў усе сілы агульнай справе. Спачатку займаў пасаду загадчыка турэцкім млыном, пасля ўзначаліў Турэцкі сельвыканкам, а затым стаў сакратаром райвыканкама Мірскага Савета дэпутатаў.
Але будаўніцтва светлага заўтра перарвала вайна… Паўла Жалезняковіча эвакуіравалі ў тыл. Нягледзячы на хваробу, ён імкнуўся змагацца з ворагам і прасіў адправіць яго на фронт.
— Тут праявілася самая моцная рыса яго характару, — кажа Віктар Паўлавіч. — Ён быў вельмі настойлівым, у яго была моцная сіла волі. Калі ў мяне пытаюцца, ці падобны я на бацьку, заўжды адказваю, што ў нечым падобны, але такой жалезнай волі, як у яго, у мяне няма. Трапіць на фронт яму дапамог яго сябра і паплечнік Сяргей Прытыцкі, які хадайнічаў перад Панцеляймонам Панамарэнкам. Бацьку накіравалі ў Асобны Беларускі збор, дзе рыхтаваліся кадры для партызанскага руху. Ён прайшоў пешшу некалькі соцен кіламетраў да Налібоцкай пушчы, каб змагацца з фашыстамі. Фізічна ў яго было мала сіл. Але былі высокія маральна-валявыя якасці, якія дапамаглі яму пераадолець гэтую адлегласць.
Ваенныя дарогі звязалі Паўла Жалезняковіча з 1-м Камсамольскім атрадам і брыгадай “Камсамолец”. Ён быў і мінёрам, і інструктарам мінна-падрыўной справы, а са жніўня 1943 года па ліпень 1944 года — камісарам атрада.
У жыцці партызан хапала ліха: мучылі холад і голад, не хапала боепрыпасаў. У часы ліхалецця Павел Арсеньевіч заставаўся стойкім духам, знаходзіў словы падтрымкі, праяўляў мудрасць і чалавечнасць. З партызанамі размаўляў прама, без хітрынкі, заўжды заставаўся чэсным, жыў сярод людзей і для людзей.
— Біяграфія ў яго гераічная і прозвішча жалезнае, — кажа Віктар Жалезняковіч. — Здавалася б, яго можна ўявіць як вельмі жорсткага чалавека, але ён такім не быў. Наадварот, ён быў хутчэй мяккім чалавекам і добрым сябрам. Пасля вайны ў нас часта былі ў гасцях яго шматлікія сябры: пісьменнікі, акадэмікі, палітычныя дзеячы. Часта прыязджалі ў госці Янка Брыль, Уладзімір Калеснік, бываў у гасцях і Сяргей Прытыцкі. Я з дзяцінства бачыў, што ён мае вялікі аўтарытэт. Абавязковымі гасцямі былі старшыні калгасаў Карэліччыны, актыў раёна. Калі ў раёне праходзіў які-небудзь семінар, яны абавязкова збіраліся пасля яго ў нашай хаце, абмяркоўвалі пачутае, вырашалі надзённыя праблемы. Ён вёў перапіску з камуністамі з Польшчы, Украіны і, вядома, з Беларусі. Гэтыя лісты і цяпер захоўваюцца ў мяне і майго брата Валодзі.
Пасля вайны на плечы Паўла Арсеньевіча лягла вялікая адказнасць. У ліпені 1944 года яго прызначылі старшынёй Мірскага райвыканкама. Затым у 1949 годзе ён стаў першым сакратаром Мірскага, з 1952 года — Любчанскага, з 1956 года — Карэліцкага РК КПБ. У перыяд з 1963 па 1968 гады Павел Арсеньевіч узначальваў Карэліцкі пасялковы Савет. Таксама з 1947 па 1951 год прадстаўляў інтарэсы землякоў у якасці дэпутата Вярхоўнага Савета БССР 2-га склікання, а з 1959 па 1966 год уваходзіў у склад рэвізійнай камісіі КПБ. Перажыўшы шмат гора, ён заўжды імкнуўся зрабіць жыццё іншых людзей лепшым.
Нягледзячы на тое, што прайшло больш за паўстагоддзя з моманту, калі Паўла Арсеньевіча не стала, удзячныя карэліччане захоўваюць памяць аб сваім славутым земляку. У савецкія часы яго імя насіў калгас з сядзібай у аграгарадку Жухавічы, адна з вуліц якога і сёння носіць імя выбітнога земляка. І ў наш час СВК “Жухавічы” — адно з мацнейшых сельгаспрадпрыемстваў Карэліччыны. Імем Жалезняковіча названа і вуліца ў райцэнтры, на якой у 2021 годзе была ўстаноўлена памятная шыльда. Экспазіцыя, прысвечаная Паўлу Арсеньевічу, створана ў Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі і музеі Ярэміцкай базавай школы, дзе захоўваюцца асабістыя рэчы, фотаздымкі, дакументы, публікацыі — усё, што можа расказаць пра гераічнае жыццё славутага карэліччаніна Паўла Арсеньевіча Жалезняковіча.
Напрыканцы гутаркі прашу Віктара Паўлавіча ахарактарызаваць свайго тату трыма словамі. Пасля невялікай паўзы атрымліваю вычарпальны адказ: “Сіла волі, перакананасць, сумленасць”.
#УЛИЦЫ_ГЕРОЕВ_ГРОДНЕНЩИНЫ
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара, з архіва “Полымя” і з адкрытых інтэрнэт-крыніц