Самое сладкое — белорусское. Как в СПК «Жуховичи» готовят сад к новому урожаю
Попыт на беларускія яблыкі на ўнутраным рынку дастаткова высокі. Гэта і зразумела, беларусы аддаюць перавагу свайму, а не заморскаму. Свой уклад у развіццё беларускага садаводства ўносяць і карэліцкія аграрыі.
Вырошчваннем яблыкаў у нас займаецца СВК “Жухавічы”. Туды і накіроўваемся. Галоўны аграном прадпрыемства Андрэй Бараноўскі расказвае:
— Задума пасадзіць сад узнікла ў былога старшыні нашай гаспадаркі Баляслава Мяця. Першыя 6 гектараў былі пасаджаны ў 2000 годзе. З саджанцамі, якія ў той час былі вельмі дарагімі, дапамагла Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая вопытная станцыя, адкуль нам перадалі бясплатна 10 тысяч нестандартных прышчэпаў. Менавіта яны паклалі пачатак яблычнай справе нашай гаспадаркі
На сённяшні дзень агульная плошча сада складае 48 га, з якіх пладаносных 24 га. У мінулым годзе ўраджайнасць гародніны ў Жухавічах склала 123 ц/га, што на 53 ц/га вышэй, чым у 2022 годзе. Садаводы сабралі 588 т яблыкаў, што на 260 т больш, чым у 2022 годзе.
— Мы стараемся кожны год абнаўляць каля двух гектараў, — працягвае суразмоўца. — Асноўныя гатункі, якія растуць у нас, — “Імант”, “Беларускае салодкае” і “Алеся” — беларускай селекцыі. Кожны аматар знойдзе яблык на свой густ. Па захоўванні пытанняў не ўзнікае — яблыкі для рэалізацыі ляжаць да лютага. Плодаагародніннае сховішча на 400 тон, дзе створаны ўсе неабходныя ўмовы для захавання ўраджаю, знаходзіцца недалёка.
Вясна — час, калі яблыні апрацоўваюць ад шкоднікаў і хвароб, а ў глебу ўносяцца гербіцыды, азотныя і фосфарныя ўгнаенні. На сённяшні дзень праведзены дзве апрацоўкі дрэваў азафосам — прэпаратам, які ахоўвае расліны ад грыбковых захворванняў. Акрамя гэтага, падсадзілі новыя дрэвы на плошчы ў 1,5 га.
— Мы стараемся выкарыстоўваць мінімум хіміі, выконваем толькі самыя неабходныя апрацоўкі ад шкоднікаў, — заўважае галоўны аграном прадпрыемства.
У асноўным жухавіцкія яблыкі рэалізоўваюць на Гарадзейскі цукровы камбінат, а таксама ў горад Кіраў Магілёўскай вобласці. Прыкладна чвэрць ураджаю прадаецца насельніцтву. Андрэй Бараноўскі адзначае, што жухавіцкія яблыкі карыстаюцца попытам у грамадзян:
— Купляюць работнікі і нашага СВК, і іншых прадпрыемстваў раёна. Таксама выязджаем у суседнія аграгарадкі. Людзі з задавальненнем набываюць яблыкі. Яны больш танныя, чым тыя, што прадаюцца ў буйных гандлёвых сетках.
Вырошчваюць яблыкі і ў фермерскай гаспадарцы “Сонечная краіна”, што размешчана ў в. Асташын Лукскага сельвыканкама.
— Сад у нас невялікі, усяго 3 га, — расказвае фермер Уладзімір Чамярыс. — У мінулым годзе сабралі каля 20 тон ураджаю. У асноўным вырошчваем яблыкі гатунку “Алеся” — выдатны непатрабавальны гатунак беларускай селекцыі, добра захоўваецца. Свайго сховішча, дзе можна было б трымаць ураджай, пакуль няма, але ўжо пачалі будаўніцтва.
Большую частку ўраджаю “Сонечная краіна” здае на перапрацоўку на Гарадзейскі цукровы камбінат, астатняе — у райспажыўтаварыства.
— Вырошчваць яблыкі не так проста, як гэта здаецца, — дзеліцца Уладзімір. — Патрэбна ўлічваць шмат нюансаў, вывучаць асаблівасці вырошчвання і апрацоўкі дрэў. Самае галоўнае, што ўсё павінна праводзіцца своечасова, а з гэтым часамі ўзнікаюць цяжкасці, бо якасныя прэпараты для апрацоўкі дарагія. А кожнае дрэўца павінна быць у парадку.
Сяргей СТОЛЯР
Фота Іны ЛЕЙКІ