Кореличские школьники побывали с экскурсией в прокуратуре
Большасць людзей не заўсёды ведаюць, чым займаюцца пракурорскія работнікі. А між тым, яны прысвячаюць жыццё таму, каб нашы законныя правы і інтарэсы не былі парушаны, а ў грамадстве панавалі справядлівасць і законнасць. Калі быць дакладней, то супрацоўнікі пракуратуры ажыццяўляюць нагляд за выкананнем законаў краіны усімі органамі, арганізацыямі, прадпрыемствамі, службовымі асобамі і грамадзянамі.
Пазнаёміцца са спецыфікай гэтай няпростай прафесіі будучых выпускнікоў школ райцэнтра запрасілі ў рамках акцыі “Дзень з пракурорам”. На парозе будынка раённага ведамства школьнікаў сустрэў пракурор Карэліцкага раёна Віктар Аўдакушын, які расказаў адзінаццакласнікам райцэнтра пра нюансы сваёй прафесіі.
— Перавагай службы ў органах пракуратуры з’яўляецца юрыдычны вопыт ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, — адзначыў Віктар Васільевіч. — А каб стаць пракурорскім работнікам, неабходна, у першую чаргу атрымаць вышэйшую юрыдычную адукацыю і прайсці спецыяльную ўнутраную праверку.
Справядлівасць, прыстойнасць, кампетэнтнасць — гэта генетычны стрыжань, які павінен быць у кожным супрацоўніку пракуратуры. Бо яны нясуць асаблівую адказнасць перад людзьмі і грамадствам у цэлым.