В Кореличах прошел первый день молодежной ярмарки вакансий
Сёння ў Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры было шматлюдна: 24-25 красавіка на Карэліччыне праходзіць маладзёжны кірмаш вакансій. На мерапрыемстве сабраліся актыўныя падлеткі, якія хочуць атрымаць карысны працоўны вопыт і здабыць самастойнасць. У мерапрыемстве прымалі ўдзел спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны Карэліцкага райвыканкама, прадстаўнікі розных гаспадарак і арганізацый раёна.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага равыканкама Іна Богуш. У сваёй прамове яна адзначыла, што сёння ў падлеткаў ёсць шанс паспрабаваць сябе ў той ці іншай прафесіі, зарабіць першыя грошы і параіла падлеткам адказна падысці да выбару будучай прафесіі, каб сваёй працай прынесці карысць раёну і дзяржаве.
Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне – начальнік аддзела дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва Карэліцкага райвыканкама Наталля Гоцка адзначыла, што дзяржава заахвочвае і фінансава стымулюе жаданне моладзі падзарабіць, і паведаміла, што на кансультацыйных пунктах моладзь атрымае поўную і аб’ектыўную інфармацыю па летнім працаўладкаванні. У раёне наймальнікамі заяўлены шырокі спектр свабодных вакансій у розных сферах дзейнасці – сельскай, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, прамысловай вытворчасці і інш. Гэта дазволіць навучэнцам падабраць працу ў адпаведнасці з іх магчымасцямі, станам здароўя і пажаданнямі.
– Сёння падлеткі не толькі змогуць пагутараць з патэнцыяльнымі працадаўцамі, але і даведаюцца падрабязнасці аб зацікаўленым іх месцы для працаўладкавання. І, што вельмі важна, аб умовах працы і заработнай плаце. Юнакі і дзяўчаты азнаёмяцца з нюансамі заканадаўства, якое рэгулюе пытанні занятасці моладзі, – адзначыла выступаючая.
Падчас мерапрыемства моладзь пазнаёмілася з рознымі формамі занятасці: гэта праца ў студэнцкім атрадзе, індывідуальнае працаўладкаванне на наяўныя вакансіі і часовыя дадатковыя працоўныя месцы, якія створаны за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Дзякуючы гэтаму, свой першы працоўны вопыт змогуць атрымаць навучэнцы устаноў адукацыі старэйшыя за 14 гадоў.
Ажыўлена было каля століка БРСМ, дзе першы сакратар РК ГА “БРСМ” Аксіння Ждан расказвала пра асаблівасці працы студатрадаў, якія летам будуць дзейнічаць амаль на ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна, аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама і Карэліцкага РУП ЖКГ.
– Карыснае, добра арганізаванае профарыентацыйнае мерапрыемства. Думаю, што для большасці падлеткаў кірмаш вакансій дае магчымасць вызначыцца з выбрам будучай прафесіі. Тут на месцы можна атрымаць кансультацыю ад спецыялістаў, даведацца пра ўмовы працы і пра заработную плату, – адзначыла вучаніца ДУА “Сярэдняя школа імя Г. І. Сташэўскай г.п. Мір” Арына Мікула.
Вучаніца ДУА “ Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы” Алеся Зайко сказала:
– Я вучаніца дзясятага класа. Летнія канікулы вялікія, і мне хацелася б не толькі добра адпачыць, але і папрацаваць. Сёння прадастаўлена цудоўная магчымасць аставіць свае каардынаты прадстаўнікам сельгаспрадпрыемстваў, працадаўцам, каб летам працаўладкавацца. А дзякуючы сённяшняй сустрэчы, думаю, што для мяне лета пройдзе карысна і актыўна.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара