Делегат Всебелорусского народного собрания заведующий Кореличским Домом ремесел Юлия Бояренко: «Традиции и культура играют важную роль в воспитании подрастающего поколения»
Загадчык аддзела рамеснай дзейнасці “Карэліцкі Дом рамёстваў” Юлія Баярэнка ад Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсазаў вылучана ў якасці дэлегата Усебеларускага народнага сходу. У Карэліцкім раёне Юлія Аляксандраўна чалавек вядомы. Без яе і творчага калектыву Дома рамёстваў не абыходзіцца ніводнае свята ні ў райцэнтры, ні ў вёсцы. Іх вырабы, выкананыя ў розных відах тэхнікі, вядомы і за межамі раёна. А дзякуючы рэканструіраванай калекцыі беларускага нацыянальнага касцюма пачатку ХХ стагоддзя, якую калектыў змог аднавіць, мы зараз можам уявіць, як апраналіся сяляне Карэліцкага краю ў мінулым. Малады, перспектыўны кіраўнік, які ўмее згуртаваць, стварыць добрую каманду аднадумцаў, менавіта ад такіх залежыць заўтрашні лёс культурнай спадчыны Радзімы.
— Разумею, што быць дэлегатам Усебеларускага народнага сходу – даволі адказная місія, – адзначае Юлія Аляксандраўна. – Для мяне гэта будзе ўпершыню. Ведаю, што на форуме ў першую чаргу будуць узняты пытанні палітыкі, эканомікі, бяспекі краіны, сацыяльнага развіцця. Думаецца, што блок пытанняў, звязаных з захаваннем гісторыка-культурнай спадчыны, таксама будзе на парадку дня. Мне, як прадстаўніку сферы культуры, важна развіццё традыцыйных рамёстваў і беларускай культуры ў цэлым. Безумоўна, сёння мы назіраем велізарную падтрымку з боку дзяржавы ў гэтым напрамку. Гэта і новыя культурныя праекты, і інвестыцыі ў аб’екты культуры, і падтрымка таленавітай творчай моладзі, народных майстроў, што вельмі радуе. Я лічу, і са мной будуць згодны многія, што традыцыі і культура маюць вельмі важнае значэнне ў патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. Сёння прыкметна расце негатыўны ўплыў інтэрнэту на фарміраванне характару сучаснай моладзі, на іх сапраўднае ўспрыманне гісторыі Беларусі, падзей Вялікай Айчыннай вайны, яе сапраўдных герояў. Таму неабходна выкарыстоўваць эфектыўныя напрамкі ў сістэме адукацыі моладзі, адным з якіх, без сумнення, з’яўляецца адраджэнне традыцыйнай культуры, якая дапаможа раскрыць сапраўдныя рысы характару беларусаў: талерантнасць, працавітасць, здольнасць перадаць у сваёй працы самабытны нацыянальны каларыт, тым самым узвысіць сваё роднае, беларускае.
Думаю, што ў дэлегатаў з розных рэгіёнаў ёсць свае меркаванні на гэты конт. Цікава будзе імі абмяняцца.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара