Насколько в Кореличском районе владельцы домашних питомцев ответственные и добросовестные, узнавал корреспондент «Полымя»

1 красавіка Прэзідэнт Рэспублікі  Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон “Аб адказным абыходжанні з жывёламі”. У сілу дакумент уступіць 1 студзеня 2025 года.

Як абыходзяцца з хатнімі гадаванцамі на Карэліччыне, высвятляў журналіст «Полымя».

Новы закон вызначыць агульныя правілы абыходжання з жывёламі: умовы ўтрымання, правілы рэгістрацыі і г.д., у прыватнасці, у дакуменце замацаваны патрабаванні да ўтрымання небяспечных парод сабак. Уладальнікі такіх жывёл павінны будуць прайсці спецыяльныя курсы і нават атрымаць пасведчанне. Як тлумачаць спецыялісты, гэта замацуе адказнасць уладальнікаў байцовых сабак за сваіх выхаванцаў. Таксама ў праекце закона прадугледжана магчымасць навучання для ўладальнікаў сабак любых парод, якія каго-небудзь пакусалі.

Яшчэ адзін абавязак кладзецца на плечы ўладальнікаў гадавальнікаў: гадаванцаў абавязкова неабходна чыпіраваць. У выпадку з хатнімі жывёламі не для развядзення і продажу гэта права застаецца за ўладальнікам. А вось хадзіць з жывёламі па харчовых крамах, паліклініках, тэатрах і іншых установах цяпер нельга. Выключэнне зроблена для сабак-павадыроў.

Яшчэ адна забарона накладзена на продаж жывёл непаўналетнім. А калі гадаванец прычыніць шкоду чалавеку, маёмасці або іншай жывёле, то зараз яго могуць часова адбіраць. У новым законе таксама вызначаць патрабаванні для пунктаў часовага ўтрымання, прытулкаў і гасцініц для жывёл. Напрыклад, іх забароняць размяшчаць у жылых дамах, а пры перадачы жывёлы новым уладальнікам трэба будзе выканаць пэўныя ўмовы.

— У Беларусі не першы дзень дзейнічаюць правілы ўтрымання хатніх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах, — расказвае ўчастковы інспектар Карэліцкага РАУС Сяргей Крывіцкі. — У дакуменце сказана, што ўладальнікі павінны строга выконваць санітарна-ветэрынарныя нормы ўтрымання хатніх жывёл, забяспечваць бяспеку людзей, не дапускаць забруджвання жывёламі агульнадаступных месцаў. Але, здараецца, гаспадары грэбуюць правіламі. Наступствы ў гэтага бываюць рознымі.

Згодна з названымі правіламі, шчанюкоў да трох месяцаў і дэкаратыўных сабак ростам да 25 сантыметраў у холцы можна выгульваць толькі на павадку, але без намордніка. Ва ўсіх астатніх выпадках, адпраўляючыся з чацвераногім сябрам на шпацыр, не варта забываць пра гэты сабачы атрыбут. Сабак патэнцыйна небяспечных парод забараняецца выгульваць непаўналетнім і людзям нападпітку. Прыдамавая тэрыторыя таксама не месца для выгулу. Сабак неабходна выгульваць у спецыяльна ўстаноўленых месцах. У Карэліцкім раёне гэта сквер па вул. Жалезняковіча ў райцэнтры. На прагулцы варта прыбіраць за сваім улюбёнцам.

За парушэнне гэтых правілаў артыкулам 16.30 КоАП Рэспублікі Беларусь устаноўлена адказнасць да 15 базавых велічынь (480 рублёў).

— У 2023 годзе адміністрацыйная камісія Карэліцкага райвыканкама разгледзела 16 адміністрацыйных спраў, на ўладальнікаў сабак накладзены штрафы на агульную суму 850 рублёў, — расказвае начальнік аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асоб Карэліцкага райвыканкама Віктар Чабатарэвіч. — Радуе, што людзі становяцца больш адказнымі: у 2022 годзе было разгледжана 18 такіх спраў. Уладальнікі хатніх жывёл павінны памятаць, што сабаку неабходна зарэгістраваць. Жыхары г.п. Карэлічы і Мір такую рэгістрацыю праходзяць у РУП ЖКГ, а сельскія жыхары — у мясцовым сельвыканкаме. Згодна з рашэннем Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў, уладальнікі чатырохногіх павінны выплачваць падатак. Адміністрацыя Карэліцкага раёна просіць жыхароў утрымліваць сваіх хатніх гадаванцаў па правілах.

Сяргей СТОЛЯР

Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц