Делегат ВНС Фёдор Жук встретился с жителями агр. Большие Жуховичи
Дэлегат Усебеларускага народнага сходу дырэктар ААТ “Карэлічы-Лён” дэпутат Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў па Турэцка-Ушацкай выбарчай акрузе №26 Фёдар Жук сустрэўся з жыхарамі аграгарадка Жухавічы і расказаў пра свае ўражанні ад сёмага сходу УНС:
— У гэтым годзе Усебеларускі народны сход упершыню выступіў у новым канстытуцыйным статусе — цяпер ён зацвярджае ўсе асноўныя праграмныя дакументы, якія вызначаюць эканамічнае развіццё і бяспеку нашай краіны, вырашае ўсе стратэгічныя пытанні.
Фёдар Мікалаевіч адзначыў, што на пасяджэнні УНС прысутнічала 1159 дэлегатаў, якія прадстаўлялі ўсе сацыяльныя групы і пласты насельніцтва з усіх рэгіёнаў. У якасці запрошаных прысутнічалі 715 чалавек.
— У першы дзень пасяджэння выступіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які ў чарговы раз падкрэсліў, што беларусы — міралюбівы народ, які валодае запасам магутнай жыццёвай энергіі, — адзначыў Фёдар Жук. — “Мы ведаем, што значыць быць моцнымі ў імя міру”. Гэтыя словы Кіраўніка дзяржавы падкрэслілі нашу міралюбівасць і гатоўнасць абараняць сваю краіну.
Сваімі рашэннямі УНС зацвердзіў Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і Ваенную дактрыну Рэспублікі Беларусь — асноватворныя дакументы, якія рэгламентуюць падыходы беларускай дзяржавы да забеспячэння нацыянальнай бяспекі ў розных сферах.
— Выступаючы на УНС, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што нацыянальная бяспека залежыць не толькі ад людзей у пагонах, але і ад усіх грамадзян нашай краіны, — адзначыў Фёдар Жук. — Калі мы не хочам сядзець у акопах, мы павінны адказна працаваць. Кожны на сваім месцы.