Как работает продовольственная торговля на селе, узнавал журналист «Полымя»
Магазін у сельскай мясцовасці — заўжды асаблівае месца. Сюды прыходзяць не толькі за пакупкамі, але і проста сустрэцца з аднавяскоўцамі, абмеркаваць апошнія навіны, атрымаць параду, падзяліцца радасцю.
Прадуктовы магазін Карэліцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства “Родны кут” у аграгарадку Райца размяшчаецца ў адным з самых прыгожых мясцін Карэліччыны: насупраць крамы — царква святой Варвары. За прылаўкам магазіна завіхаецца прадавец Ніна Шапуцька: нядаўна прывезлі тавар, жанчына займаецца расстаноўкай прадуктаў на паліцы. Пакуль аглядаю асартымент. Тут можна знайсці як прадукты харчавання, так і тавары бытавой хіміі і іншыя нехарчовыя тавары.
— Увогуле, пакупніцкая здольнасць нашых жыхароў высокая, — кажа Ніна Вікенцьеўна. — Нягледзячы на тое, што ў многіх ёсць уласныя аўтамабілі, і людзі часта бываюць у райцэнтры, ездзяць у Навагрудак, але і наш магазін не мінаюць. Попытам карыстаюцца малочныя тавары, хлебныя і кандытарскія вырабы, рыба.
Па словах жанчыны, самыя запатрабаваныя прадукты —малочныя вырабы — у краму дастаўляюць часта: тройчы на тыдзень свае тавары прывозіць ААТ “Беллакт”, тавары ААТ “Малочная кампанія “Навагрудскія дары” дастаўляюць па заяўцы.
— Стараемся задаволіць усе патрэбы нашых пакупнікоў, — кажа Ніна Шапуцька. — Я лічу, што кожны зможа знайсці ў нас вельмі шырокі асартымент і выбраць тут тое, што яму даспадобы.
Сказана
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА:
— Так склалася гістарычна, што на тэрыторыі Беларусі сяло і спажыўкааперацыя, дапамагаючы адзін аднаму, развіваліся разам амаль 107 гадоў. І сёння вашымі паслугамі ахоплены кожны трэці жыхар краіны. У асноўным сельскі жыхар. І я нездарма паўтараю: калі страцім вёску — страцім краіну. Нашы людзі, якіх мы абслугоўваем у вёсцы, вартыя лепшага.
На агульным сходзе Белкаапсаюза, 16 лютага 2024 года
Дырэктар Карэліцкага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства Сяргей Саўко кажа, што тэмп росту тавараабароту “Роднага кута” ў Райцы за чатыры месяцы бягучага года склаў 110,1%:
— На сённяшні дзень на Карэліччыне працуе 31 крама таварыства. У мінулым годзе не закрыўся ні адзін наш магазін, не плануем аптымізаваць гандлёвыя кропкі і ў бягучым. 136 населеных пунктаў абслугоўваюцца сямю аўтамагазінамі. Тэмп росту тавараабароту аўтамагазінаў за чатыры месяцы бягучага года склаў 109,7%. У сярэднім кожная з сямі аўталавак за месяц праязджае 1690 кіламетраў. Мы стараемся забяспечыць таварамі кожнага жыхара Карэліччыны, незалежна ад таго, дзе ён пражывае. Аўталаўкі заязджаюць у самыя маленькія населеныя пункты і абслугоўваюць 60 вёсак з насельніцтвам ад аднаго да 20 жыхароў.
Недалёка ад “Роднага кута” размяшчаецца магазін “Прадукты” прыватнага гандлёва-транспартнага ўнітарнага прадпрыемства “ЛеандрТранс”. У невялікім памяшканні шмат разнастайных тавараў. Каля касы стаіць прадавец Анастасія Прэсняк.
— У продажы нашы пакупнікі могуць знайсці розныя харчовыя тавары, а таксама прадметы быту, — кажа жанчына. — Попытам карыстаецца малочная прадукцыя, каўбасы. Хутка пачнецца лета, калі самымі папулярнымі таварамі стануць марожанае і напоі з халадзільніка.
Анастасія расказвае, што пакупнікі часта наведваюць краму. Канкурэнцыі паміж дзвюма крамамі не адчуваецца: хтосьці прывык хадзіць у прыватны магазін, камусьці больш па душы дзяржаўны.
Нягледзячы на тое, што ў аграгарадку Райца ёсць дзве гандлёвыя кропкі, кіраўніцтва СВК “Свіцязянка-2003” прыняло рашэнне пабудаваць яшчэ адзін прадуктовы магазін.
— Галоўнае, для чаго мы будуем новы магазін, — камфорт нашых жыхароў, — дзеліцца старшыня прадпрыемства Аляксандр Мяцеліца. — У аграгарадку працуе крама Карэліцкага райспажыўтаварыства, недалёка ад яе прыватная гандлёвая кропка, у якіх, у цэлым, хапае тавараў. Нам хочацца, каб у нашых людзей быў больш разнастайны выбар і ў больш позні час. Яшчэ адна важная прычына, па якой вырашылі будаваць новы магазін, — стварэнне новых працоўных месцаў. У нас будуецца МТФ з даільнай залай, плануем узвесці 12-кватэрны жылы дом для нашых спецыялістаў. Робім усё магчымае, каб работнікам было ўтульна жыць і працаваць на прадпрыемстве.
Будаўніцтва новай гандлёвай кропкі пачалі ў снежні. Спачатку была распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя, на якую прадпрыемства выдаткавала амаль 19 тысяч рублёў. На будаўніцтва будзе затрачана 386 тысяч рублёў.
Прадавец магазіна «Родны кут» Ніна Шапуцька лічыць, што будаўніцтва новай гандлёвай кропкі ў аграгарадку — падзея, якая дазволіць жыхарам і гасцям Райцы выбраць тавары па гусце і па кошце:
— Часта бывае, што людзі заходзяць, цікавяцца коштам тавару і параўноўваюць яго з тым, які прапануе суседні магазін. Якісьці від прадуктаў больш танны ў нашай краме, нешта дзешавейшае ў суседзяў. Калі адкрыецца новы магазін, у людзей будзе больш выбару.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара і Іны ЛЕЙКІ