Митинг «Беларусь помнит. Помним каждого» прошел в агрогородке Малюшичи
Мітынгі, прысвечаныя Дню Вялікай Перамогі ў рамках акцыі “Беларусь памятае. Памятаем кожнага”, праходзяць на Карэліччыне. Мясцовыя жыхары, выхаванцы дзіцячага садка, прадстаўнікі мясцовай улады сабраліся для ўшанавання салдат Перамогі каля помніка ў агр. Малюшычы.
— Летняй раніцай 1941 года нямецка-фашысцкія захопнікі вераломна перасяклі мяжу нашай Радзімы — Савецкага саюза, — нагадаў старшыня Малюшыцкага сельвыканкама Віктар Дзірвук. — Нашы дзяды і прадзеды мужна ўсталі на абарону сваіх земляў. Ім удалося зрабіць немагчымае — яны здолелі перамагчы ворага, выгнаць яго са сваіх земляў. Савецкі салдат гнаў захопнікаў да самага Берліна. Дзякуючы намаганням чырвонаармейцаў, матросаў, патрызан, падпольшчыкаў, звычайных неабыякавых грамадзян вялікай краіны ў свеце быў устаноўлены мір. Наш святы абавязак — берагчы яго ў гонар тых, хто не вярнуўся з фронту, загінуў, прапаў без вестак.
— У пекле Другой сусветнай вайны загінуў кожны трэці беларус, — прывёў сумную статыстыку першы намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгеній Бусько. — Мы павінны зрабіць усё, каб захаваць памяць пра іх ахвяру. Дзякуючы ім і тым, хто аднаўляў разбураныя і спаленыя гарады і вёскі, будаваў заводы і фабрыкі, працаваў на зямлі, засеянай мінамі, мы жывём у моцнай, квітнеючай і незалежнай краіне. Наша задача — прыкладаць усе намаганні для таго, каб Беларусь і далей была сімвалам міру, развіцця і справядлівасці.
Памяць аб ахвярах Другой суственай вайны ўшанавалі хвілінай маўчання. Да помніка былі ўскладзены кветкі.
Пасля мітынгу Яўгеній Бусько, старшыня Карэліцкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская, прадстаўнікі Малюшыцкага сельвыканкама і ДП “Племзавод Карэлічы” наведалі малалетнюю вязніцу фашызму Антаніну Бондар, якая пражывае ў агр. Палужжа. Жанчыне пажадалі моцнага здароўя, мірнага неба над галавой і доўгіх гадоў жыцця.
Антаніна Іванаўна Бондар трапіла ў нямецкі палон зусім маленькай дзяўчынкай — ёй было ўсяго тры годзікі. Немцы забралі ў Германію ўсю іх сям’ю на прымусовыя работы.
#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара