28 мая — День пограничника. Кореличчанин Егор Высоцкий служит в Лидском пограничном отряде на заставе «Заболоть»

Пагранічнік — першы на варце аховы краіны. Пагранічныя войскі выконваюць складаную задачу — ахову знешніх межаў дзяржавы. Ва ўсе часы гэта місія была адной з самых адказных, цяжкіх і пачэсных. Гонар і годнасць, нязломная воля і адданасць абавязку з’яўляюцца адметнымі рысамі кожнага пакалення памежнікаў. Сярод іх — ураджэнец Карэліч Ягор Высоцкі, які служыць у Лідскім пагранічным атрадзе на заставе «Забалаць».

Службу на мяжы юнак нясе ўжо сёмы месяц. Прызнаецца, што час, праведзены ў арміі, не праходзіць дарэмна. Толькі тут па-сапраўднаму загартоўваюцца пачуццё адказнасці, вытрымка, прыстойнасць.

— Армія падабаецца яшчэ і таму, што тут развіваюцца мужчынскія якасці, фізічная форма. Вельмі моцна ўзмацняюцца патрыятычныя пачуцці, — кажа малады чалавек.

Зразумела, што першыя дні праходзілі няпроста: складана было адаптавацца. Вельмі моцным быў сум па родным доме, блізкіх людзях. Але ў арміі юнакі знаходзяць сапраўдных сяброў, якія могуць падтрымаць у самую складаную хвіліну.

— Ты заўжды адчуваеш побач прысутнасць таварыша, — расказвае Ягор. — Саслужыўцы заўсёды гатовы падтрымаць у любой сітуацыі, якой бы складанай яна не была. Тады сум змяняецца вясёлымі добрымі ўспамінамі. А калі настрой добры, то і час ляціць незаўважна.

Нельга сказаць, што служба на мяжы лёгкая. Прыходзіцца ўвесь час быць уважлівым, гатовым у любы момант стаць на абарону сваёй краіны. Але Ягор кажа, што не шкадуе аб тым, што трапіў сюды:

— Не дарэмна кажуць, што армія робіць з юнака мужчыну, гатовага, калі гэта спатрэбіцца, аддаць жыццё за будучыню сваёй краіны. Таму хочацца сказаць усім прызыўнікам, каб не баяліся ісці ў армію і браць ад яе ўсё самае лепшае.

Сяргей СТОЛЯР
Фота Дзмітрыя Дземчанкі