Участники 43-го районного спортивного праздника делятся эмоциями
Марыя ГРЭМЯКА,
медыцынская сястра па прыёме выклікаў аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі УАЗ «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца»:
— Ужо дзесяць гадоў працую ў сістэме аховы здароўя раёна пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа. Сама з аграгарадка Лукі. Мой школьны настаўнік і сёння ўжо свёкар Грэмяка Уладзімір Уладзіміравіч прывіў любоў да спорту. Цікавая акалічнасць: на спартыўным свяце нас узнагародзілі, і гэта, безумоўна, радуе.
Святкую гэтае свята ўдвайне: я закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. У раённых і абласных спаборніцтвах ўдзельнічаю пастаянна. Сёння іграла ў камандзе УАЗ «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца» па валейболе, і мы атрымалі перамогу над камандай КСУП «Племзавод Карэлічы».
У паўсядзённым жыцці разам з мужам Арцёмам наведваем трэніроўкі па валейболе на базе ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы». Дарэчы, Арцём сёння іграе за каманду райвыканкама (ён — галоўны спецыяліст землеўпарадкавальнай службы райвыканкама).
Дачцы Дар’і і сыну Дзянісу стараемся прывіць любоў да спорту: катаемся на веласіпедах і каньках.
Хачу адзначыць, што фізкультура — здароўе, а спорт — дасягненне высокіх вынікаў. У сакавіку 2024 года каманда Карэліцкага раёна заняла другое месца на абласных спаборніцтвах па валейболе сярод сельскіх жыхароў.
Мікалай ЛЕЙКА,
майстар участка па рамонце водаканалізацыйных сетак
Карэліцкага раённага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі:
— Спортам займаюся са школы: лёгкай атлетыкай, футболам, валейболам — мае асноўныя віды. Гэта ў мяне з самага ранняга дзяцінства. Я родам з вёскі Руціца. Разам з сябрамі пасля школы гулялі ў футбол на пашы. У нас не было абсталяваных стадыёнаў, самі будавалі футбольнае поле і валейбольную пляцоўку. Спорт нас згуртоўваў, і мы моцна сябравалі. Выбралі свае дарогі ў жыцці, але спортам працягваем займацца.
Кожны год калектыў Карэліцкага РУП ЖКГ удзельнічае ў спартыўных мерапрыемствах раёна, я прымаю ўдзел у гарадках. Іншы раз бываю суддзёй на раённых спаборніцтвах па футболе, міні-футболе і валейболе.
Спорт — здароўе, рух, здаровы лад жыцця. Хочацца пажадаць моладзі, каб захаплялася спортам. Пра сябе дабаўлю: за сваё жыццё шмат дзе пабываў і дзе іграў: падчас службы ў Германіі, у Польшчы іграў за зборную Гродзенскай вобласці, на рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод прафсаюзных каманд, прымаў пастаянны ўдзел у раённых спаборніцтвах, сем гадоў займаўся пажарна-прыкладным спортам і неаднаразова быў прызёрам. Жадаю ўсім таксама пасябраваць са спортам.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ