В агрогородке Красное состоялся митинг к 79-летию Великой Победы
Аграгарадок Краснае. Каля помніка землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, шматлюдна. Тут сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, сельгаскааператыва, вучні школы і садка. У руках дзяцей — партрэты франтавікоў, кветкі, шары. Надвор’е спрыяе ўрачыстаму моманту, і твары ўдзельнікаў мітынгу ў рамках рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага» свецяцца. Яны прыйшлі на святое месца, каб пакланіцца салдатам вайны за мір на зямлі.
Старшыня Красненскага сельвыканкама Тамара Лейка гаворыць:
— 79 гадоў таму прагучала доўгачаканае слова «Перамога». Яно пракацілася па ўсім свеце святочнымі салютамі, увайшло ў кожны дом, кожную сям’ю слязьмі радасці. Гэтая свяшчэнная дата стала сімвалам гонару і славы, мужнасці і адвагі, непарыўнага адзінства і згуртаванасці нашага народа. Мы адзначаем Дзень Перамогі як даніну памяці і глыбокай павагі да абаронцаў Айчыны. Праходзяць дзесягоддзі, мяняюцца пакаленні, але Вялікая Перамога як сімвал нацыяльнага гонару, воінскай славы і доблесці нашага народа застанецца навечна ўпісанай у гераічны летапіс Айчыны.
Тамара Мікалаеўна назвала Дзень Перамогі той сілай, што робіць нас непераможнымі перад тварам любых перашкод. Наша задача — не даць маладому пакаленню забыць аб тым, якой цаной і мужнасцю, адзінствам волі і сілай духу была заваявана Перамога. Таму ў гэтыя майскія дні з удзячнасцю ўспамінаем усіх, хто змагаўся на перадавой, гераічна працаваў у тыле, аказваў супраціўленне ў складзе партызанскіх атрадаў, аднаўляў прамысловасць і народную гаспадарку ў пасляваенныя гады. «Асаблівыя словы падзякі — ветэранам і працаўнікам тылу. Нізкі ім паклон за стойкасць і адвагу, іх подзвіг у імя міру. Дзякуй гаворым за мір без вайны, Перамогу і ўсім тым, хто не вярнуўся з вайны, нашым бацькам і дзядам», — сказала прамоўца.
Прадстаўнік мясцовай улады адзначыла, што сёння Рэспубліцы Беларусь, усім нам як ніколі патрэбны вера і вернасць нашым патрыятычным традыцыям. Памятаць і паважаць гісторыю павінны не толькі ў святочныя дні. Нацызм і фашысцкая ідэалогія зноў узнімаюць галаву. Вакол нашых межаў ідуць маштабныя натаўскія вучэнні. Ідзе інфармацыйная вайна, і для ўсіх нас важна аб’яднаць свае намаганні, захаваць адзінства, якое ёсць у беларускага народа.
На тэрыторыі сельсавета не засталося ветэранаў вайны, таму наша памяць павінна быць яшчэ мацнейшай. У Красненскім сельсавеце 309 чалавек загінулі альбо прапалі без вестак, 11 прымалі ўдзел ва ўзяцці Берліна. Загінула 77 мірных жыхароў, 5 партызан.
Тамара Мікалаеўна выказала пажаданне, каб гэтае майскае і светлае свята стала крыніцай гонару, напоўніла сэрцы радасцю, жаданнем жыць і працаваць на карысць нашай краіны. Каб ніколі не зведалі вайны, і неба было мірным. Каб больш было шчаслівых момантаў у кожным пражытым дні.
Старшыня Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Высоцкая азначыла, што ёсць падзеі, якія напоўнены асаблівым зместам. Да іх ліку адносіцца Дзень Перамогі, які назвала свяшчэннай памяццю аб загінулых у Вялікай Айчыннай вайне і данінай павагі да ветэранаў. «Наш абавязак — захаваць гісторыю вайны, не забыць ніводнага салдата», — сказала раённы прафсаюзны лідар, якая бачыць асноўную задачу беларусаў у захаванні міру на зямлі і штодзённай руплівай працы.
Памяць пра загінулых на вайне ўшаноўваецца хвілінай маўчання.
Да помніка ўскладваюцца вянкі і кветкі.
З нагоды 79-годдзя Вялікай Перамогі і 80-годдзя вызвалення Беларусі закладваецца алея дрэў. Удзячныя нашчадкі, унукі і праўнукі, пасадзілі саджанцы лістоўніцы. Няхай яны растуць і радуюць вочы жыхароў аграгарадка і іх гасцей!
#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Вікторыі КАЗЛОЎСКАЙ