Операция «Багратион»: хроника освобождения Кореличчины

У той цёплы і сонечны чэрвеньскі дзень насельніцтва адпачывала пасля працоўнага тыдня. Да абеду з гучнагаварыцеляў у Карэлічах і Міры прагучала страшнае слова “вайна”. А 12-й гадзіне па радыё выступіў намеснік старшыні саўнаркама, наркам замежных спраў СССР В.М. Молатаў і паведаміў аб вераломным нападзенні на нашу краіну фашысцкай Германіі. Раптоўна ўсе ад мала да вяліка занепакоіліся, спахмурнелі і радасць ад пагодлівага і святочнага дня знікла. У першыя хвіліны ніхто не мог прадбачыць усе цяжкасці і ахвяры, якія прынясе вайна на нашу тэрыторыю. На чацвёрты дзень вайны па дарогах на ўсход пайшлі бежанцы ў перамешку з адступаючымі вайскоўцамі, а да 26 чэрвеня цяперашняя тэрыторыя раёна была поўнасцю занята ворагам. Змрочныя і трывожныя дні акупацыі працягваліся больш чым тры гады. За гэты час не было мястэчка ці вёскі, у якіх не было б ахвяр, падпалаў домаўладанняў. Сотнямі  гінулі мірныя жыхары падчас карных аперацый, а некаторыя вёскі былі цалкам спалены.

Але ўсё ж прыйшоў час вызвалення. Вызваляць Беларусь ад акупантаў першымі пачалі партызанскія брыгады і атрады. На беларускай зямлі ў час Вялікай Айчыннай вайны налічвалася пяць зон партызанскага вызвалення: Акцябрскі, Любанскі, Клічаўскі, Суражскі (Суражскія вароты), Вадзінскі партызанскія краі. Беларусь была цалкам вызвалена Чырвонай Арміяй ад гітлераўцаў у выніку наступальнай аперацыі “Баграціён”, якая праводзілася з 23 чэрвеня па 29 жніўня 1944 года. У выніку наступлення савецкіх войскаў 1 ліпеня вызвалены Бягомльскі, Шаркаўшчынскі, Грэскі, Барысаўскі раёны. 2 ліпеня вызвалены Пліскі, Докшыцкі, Старобінскі, Смалявіцкі, Лагойскі, Чэрвеньскі, Куранецкі, Стаўбцоўскі раёны. Пасля Віцебска-Аршанскай, Магілёўскай, Бабруйскай і Полацкай баявых аперацый пачалася Мінская. Асаблівую ролю ў вызваленні горада Мінска адыгралі танкавыя войскі. Так, 4-я гвардзейская танкавая брыгада, якая ўваходзіла ў 2-гі гвардзейскі танкавы корпус, у ноч на 3 ліпеня з ходу разгарнулася ў баявы парадак і з паўночнага ўсходу ўварвалася на гарадскія ўскраіны Мінска. Неўзабаве на паўночную ўскраіну Мінска выйшлі і перадавыя часці 5-й гвардзейскай танкавай арміі. Танкістаў падтрымалі падаспелыя войскі 11-й гвардзейскай і 31-й арміі 3-га Беларускага фронту і пачалі адбіваць у ворага квартал за кварталам. У сярэдзіне дня 3 ліпеня з паўднёвага ўсходу ў горад уступіў 1-ы гвардзейскі танкавы корпус, а ўслед за ім — 3-я армія 1-га Беларускага фронту.

Позна ўвечары 3 ліпеня 1944 года сталіца Беларусі была вызвалена ад акупантаў. У сувязі з гэтай падзеяй наша краіна з 1996 года адзначае ў гэты дзень галоўнае дзяржаўнае свята — Дзень Незалежнасці. У гэты ж дзень у выніку Полацкай наступальнай аперацыі войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту вызвалілі Глыбоцкі, Пухавіцкі, Бярэзінскі, Ільянскі, Радашковіцкі, Астравецкі раёны і нанеслі праціўніку значны ўрон у людзях і баявой тэхніцы.

У далейшым пачаўся другі этап беларускай аперацыі. 4 ліпеня войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту вызвалены Дунілавіцкі, Дзісненскі, Мёрскі, Клецкі, Заслаўскі, Рудзенскі, Уздзенскі, Крывіцкі, Мядзельскі і Нясвіжскі раёны. 5 ліпеня ў ходзе Віленскай аперацыі войскамі 3-га Беларускага фронту вызвалены горад Маладзечна і Ляхавіцкі, Смаргонскі, Валожынскі, Тураўскі, Пастаўскі раёны. 6 ліпеня вызвалены Жыткавіцкі, Івянецкі, Дзяржынскі, Браслаўскі, Ленінскі, Свірскі раёны. 7 ліпеня вызвалены Ашмянскі, Юрацішкаўскі, Мірскі, Столінскі, Ганцавіцкі раёны. 8 ліпеня ў ходзе Беластоцкай аперацыі войскамі 2-га Беларускага фронту вызвалены горад Навагрудак, а войскі 1-га Беларускага фронту вызвалілі абласны цэнтр Баранавічы. Ад акупантаў былі ачышчаны Відзаўскі, Любчанскі, Іўеўскі, Карэліцкі, Навагрудскі, Навамышскі, Гарадзішчанскі раёны. 9 ліпеня ў ходзе Віленскай аперацыі войскамі 3-га Беларускага фронту вызвалены горад Ліда, Дзятлаўскі і Давыд-Гарадоцкі раёны. Войскі 3-й арміі да вечара 9 ліпеня дасягнулі мяжы рэк Нёман і Моўчадзь. 10 ліпеня ўведзеныя ў бітву войскі 50-ай арміі і да 16 ліпеня выйшлі на мяжу рэк Свіслач і Нёман, фарсіравалі іх і вызвалілі Гродна (16 ліпеня правабярэжную частку горада, 24 ліпеня — занёманскаю частку). 28 ліпеня войскі 61-ай арміі пры садзейнічанні часці сіл 70-й і 28-й армій вызвалілі Брэст. Да канца ліпеня Беларусь была цалкам ачышчана ад гітлераўскіх акупантаў.

У ходзе правядзення другога этапу Беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён” 3-я армія 1-га Беларускага фронту праводзіла баявыя дзеянні па вызваленні цяперашняй тэрыторыі нашага раёна ад ворага.

2 ліпеня 1944 года, удзельнічаючы ў Беларускай аперацыі “Баграціён”, 4-ты гвардзейскі кавалерыйскі корпус і 1-ая конна-механізаваная група пад кіраўніцтвам палкоўніка Пліева І.А. (з 27.04.1962 года — генерал арміі, двойчы Герой Савецкага Саюза, 1944 год і 1945 год), сумесна са 151-ым танкавым палком, здзяйсняючы рэйд (разведку боем) па тылах праціўніка Слуцк-Стоўбцы-Слонім, перакрылі шашэйную і чыгуначную дарогі на Брэст па лініі Нясвіж-Гарадзея-Стоўбцы-Мір. Пасля цяжкіх баёў на чацвёрты дзень рэйд быў працягнуты ў накірунку Слоніма.

І.А. Пліеў

У гэты час 1-ая ўкраінская партызанская дывізія імя двойчы Героя Савецкага Саюза С.А. Каўпака пад камандаваннем палкоўніка П. П. Вяршыгары (з 06.08 1944 года — генерал-маёр, з 07.08.1944 года — Герой Савецкага Саюза) здзяйсняла Нёманскі рэйд у Заходнюю Беларусь, пераадолеўшы з баямі больш за дзве тысячы кіламетраў. Па цяперашняй тэрыторыі раёна ён праходзіў праз Мір-Турэц-Новае Сяло-Шчорсы-Карэлічы-Валеўку-Баранавічы. 3-га ліпеня 1944 года партызанская дывізія злучылася з часцямі Чырвонай Арміі ў раёне Баранавіч і была расфарміраваная.

П.П, Вяршыгара

Увечары 6 ліпеня 1944 года 283-я стралковая дывізія пад камандаваннем палкоўніка Канавалава В.А. (з 13.09.1944 — генерал-маёр) выйшла да ракі Нёман на  паўночным захадзе ад вёскі Беражна і ноччу фарсіравала раку. З ночы 7 ліпеня 858-ы стралковы полк дывізіі пад камандаваннем падпалкоўніка Тыдзена Ул.Ул. працягваў наступленне ў напрамку Баўцічы-Даўгінава-Маласельцы-Турэц, а 856-ы пад камандаваннем маёра Даўгапалава Ул.С. і 860-ы пад камандаваннем маёра Пісарава А. А. стралковыя палкі наступалі ў напрамку Міранка-Пясочная-Мір. Праціўнік аказаў супраціўленне ў напрамку Міра, і стралковая рота старшага лейтэнанта Мельнікава А. В. 856-га стралковага палка і 860-ы стралковы полк занялі абарону, а 856-ы полк прадоўжыў наступленне ў напрамку Турэц-Лядкі-Вялікая Слабада-Карэлічы-Мянючычы, і дывізія распачынала далейшае наступленне з мэтай авалодання Навагрудкам. Значнае супраціўленне было аказана і на рубяжы Шчорсы-Востухава-Заполле-Карэлічы. Раніцай 7 ліпеня воіны 120-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Фогеля Я. Я. сумесна з падраздзяленнямі 283-й стралковай дывізіі, якія засталіся каля Міра ў абароне, вызвалілі гарадскі пасёлак. Далей стралковая рота 856-га палка і 860-ы полк наступалі ў напрамку Турэц-Карэлічы. Аднак было аказана моцнае супраціўленне ворага на бліжніх подступах да Карэліч, і ўзнікла неабходнасць фарсіравання ракі Сэрвач. І толькі ноччу 8 ліпеня 1-ы і 2-і батальёны 856-га стралковага палка фарсіравалі раку і вызвалілі Палужжа. Дывізія на працягу ночы вяла цяжкія баі з ворагам, і толькі раніцай сумесна з 269-й стралковай дывізіяй былі вызвалены Карэлічы. Далейшае наступленне 283-й стралковай дывізіі праходзіла ў напрамку Карэлічы-Ваўковічы-Навагрудак.

В. А. Канавалаў

Я.Я. Фогель

З левага боку ад 283-й стралковай дывізіі наступала 120-я стралковая дывізія пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Фогеля Я.Я. (з чэрвеня 1944 года — генерал-маёр), якая выйшла на цяперашнюю мяжу раёна на поўдзень ад вёскі Сімакава і, вызваліўшы Мір, пачала наступленне ў напрамку Жухавічы-Цырын-Застадолле-Кайшоўка-Райца. Праціўнік аказаў супраціўленне на рубяжах  Жухавічы-Кожава, а затым на рубяжы  Кайшоўка-Малюшычы-Забердава. У баях каля вёскі Малюшычы быў смяротна паранены генерал-лейтэнант Фогель Я.Я.

 

З правага боку ад 283-й стралковай дывізіі наступала 269-ая стралковая дывізія пад камандаваннем генерал-маёра Кубасава А.Ф., якая вечарам 6 ліпеня 1944 года выйшла на паўночным усходзе ад вёскі Вялікае Сяло і пачала баявыя дзеянні ў напрамку Мір-Турэц-Навагрудак. 7 ліпеня наступленне працягвалася ў напрамку Турэц-Карэлічы і, фарсіраваўшы раку Сэрвач, нашы войскі занялі абарону каля вёскі Людвікі. Праціўнік аказаў супраціўленне каля Турца, а затым на рубяжы Карэлічы-Заполле. 8 ліпеня, вызваліўшы Карэлічы, наступленне працягвалася ў напрамку Тударава-Стрэльнікі-Паланая.

А.Ф. Кубасаў

На самай паўднёвай мяжы цяперашняй тэрыторыі раёна баявыя дзеянні ў напрамку Мядзвядка-Мінакі вяла 169-я стралковая дывізія пад камандаваннем палкоўніка Вяроўкіна Ф.А. (з чэрвеня 1944 года — генерал-маёр). Праціўнік аказаў супраціўленне на рубяжы каля вёсак Мядзвядка і Хлюпічы, а затым на рубяжы Дорагава-Равіны-Мінакі.

Ф.А. Вяроўкін

Цяперашняя тэрыторыя раёна была поўнасцю вызвалена 8 ліпеня 1944 года. У баях за вызваленне раёна загінула каля дзвюх тысяч чырвонаармейцаў. Імёны некаторых так і засталіся невядомымі да цяперашняга часу. Крыху больш чым за тры гады  акупацыі нямецка-фышысцкія захопнікі загубілі ў раёне амаль чатыры тысячы мірных жыхароў, у баях загінулі 132 партызана і падпольшчыка, каля 1200 чалавек былі вывезены на работы ў Германію. На цяперашняй тэрыторыі раёна гітлераўцы пакінулі жудасны след, паўсюдна засталося шмат руін і папялішчаў. Разбураныя прадпрыемствы, школы і медыцынскія ўстановы, жыллё ў мястэчках і вёсках, масты і дарогі.

Пасля вызвалення на цяперашнюю тэрыторыю раёна пачалі вяртацца бежанцы і жыхары, якія хаваліся ад небяспекі ў лясах пры партызанскіх атрадах. Вайна паступова пачала адходзіць на Захад. Былыя партызаны былі прызваны на вайсковую службу і прадоўжылі далейшае вызваленне Беларусі ад ворага. Ачысціўшы ад ворага тэрыторыю сваёй Айчыны, Чырвоная Армія прадоўжыла разгром гітлераўскай Германіі, вызваляючы краіны Еўропы. Не ўсім землякам  пашчасціла дажыць да Перамогі.  З фронту пачалі прыходзіць нашым вяскоўцам паведамленні аб загінулых і прапаўшых без звестак, і трывога нашых землякоў працягвалася аж да завяршэння вайны.

Калі адзначалася 40-годдзе Перамогі, на свята ў раён прыехалі нашы вызваліцелі генерал-маёр Васіль Андрэевіч Канавалаў і падпалкоўнік Аляксей Васільевіч Мельнікаў. Мне давялося на працягу тыдня быць з імі кожны дзень. Іх аповеды я добра памятаю, але, каб усё расказаць, патрабуецца шмат часу. Адно толькі адзначу, што яны распавядалі пры сустрэчах з моладдзю аб тым, як нашы дзяды і бацькі бясстрашна кідаліся на ворага, каб хутчэй вызваліць родную зямлю. За прайшоўшы час яны не змаглі пазбавіцца ад пачуццяў душэўнага болю за таварышаў, якія загінулі, і доўга стаялі ў маўчанні на мемарыяле, прачытаўшы прозвішчы. Выраз іх твараў прасіў цішыні, і мы гэта разумелі. Васіль Андрэевіч успамінаў: “Да вайны некалькі гадоў служыў у Беларусі і я адчуваў радасць ад таго, што ўдзельнічаю ў баях за яе вызваленне. Скатаваная, залітая крывёю зямля ляжала перад намі. Нечуваныя зверствы тварылі над ёй фашысцкія каты. Але народ не стаў на калені перад захопнікамі. Людзі верылі: вызваленне ад фашысцкага прыгнёту набліжаецца, змагаліся і з нецярпеннем чакалі вызваліцеляў. Байцы дывізіі памяталі пра гэта, мужна змагаючыся з ворагам. Ніколі не забудуцца сустрэчы на вызваленай беларускай зямлі. З лясоў, зямлянак нам насустрач выходзілі абарваныя, змардаваныя людзі. Але радасцю свяціліся іх вочы, усмешкі ззялі на тварах. Гэта была радасць ад сустрэчы са сваімі выратавальнікамі. Даводзілася спыняць кухні, каб накарміць галодных людзей, паспачуваць ім і сагрэць суцяшальным словам”.

Мне давялося чуць аповеды многіх франтавікоў раёна аб тым, як ім прыходзілася ваяваць. Шмат хто не вельмі любіў успамінаць мінулыя франтавыя будні. Хтосьці, апавядаючы, не мог стрымаць слёз і плакаў: такое ўражанне на іх зрабілі тыя ваенныя гады. Але мяне вельмі ўразіла іх дабрыня. Прайшоўшы гэткае пекла жахаў вайны, яны не згубілі самага дарагога — людскасці. І я лічу, што ўжо гэта было подзвігам кожнага ветэрана.

Пасля Перамогі вярталіся дадому франтавікі і актыўна ўключаліся ў аднаўленне народнай гаспадаркі і інфраструктуры населеных пунктаў, сваіх асабістых домаўладанняў. Людзі працавалі ад цямна да цямна, жаданне хутчэй залячыць раны, нанесеныя вайной, ахапіла ўсіх ад мала да вяліка. Які быў вялікі працоўны ўздым, якія цяжкасці і нягоды давялося перажыць нашым продкам! Але, на жаль, з кожным годам становіцца ўсё менш і менш жывых сведак вялікай вайны і таго часу. У раёне раней налічвалася больш за 300 ветэранаў вайны, сёння іх толькі адзінкі. Дзякуючы нашым дзядам і бацькам мы жывём 80-ы год пад мірным небам. Але сёння, калі жывых сведак тых страшных часоў стала менш, пачалі з’яўляцца пляткары, якія пераглядаюць тую велізарную ролю нашых продкаў у Вялікай Перамозе над ворагам. Ганьба і ўсенародны гнеў такім вальнадумцам! Вялікая Слава пра подзвігі нашых дзядоў і бацькоў будзе вечна ў памяці нашых людзей!

Запісана з запісаў у журналах баявых данясенняў і ўспамінаў генерал-маёра Канавалава В.А. і палкоўніка Мельнікава А.В. у 1985 годзе.

Баляслаў НАВІЦКІ, ветэран працы, краязнаўца

Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц