На планерке у председателя: безопасность, благоустройство и помощь людям

Да 15 чэрвеня неабходна завяршыць абследаванне домаўладанняў катэгарыраваных грамадзян. Такую задачу перад суб’ектамі прафілактыкі паставіў старшыня Карэліцкага райвыканкама Андрэй Гардзей на штотыднёвай аператыўнай нарадзе.

У бягучым годзе на тэрыторыі Карэліцкага раёна зафіксаваны рост пажараў і ахвяр агню. Так, адбылося 15 вогненных надзвычайных здарэнняў, у якіх загінула тры чалавекі і адзін траўміраваны. Таму задача назіральных камісій — зайсці ў кожны дом, абследаваць верагодныя крыніцы агню і нагадаць правілы бяспекі. У полі зроку — 4045 чалавек, гэта адзінокія і адзінока пражываючыя пажылыя грамадзяне, інваліды і сацыяльна небяспечныя сем’і. За 5 месяцаў бягучага года абследавана 3773 домаўладання, што на 1230 больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Устаноўлена 145 парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі, 106 з іх ліквідаваны, астатнія — на кантролі.

Шмат увагі на нарадзе надалі пытанням добраўпарадкавання і навядзення парадку ў населеных пунктах. Па словах галоўнага санітарнага ўрача раёна Аляксандра Германюка, па выніках маніторынгу суб’ектам гаспадарання выдадзена 17 прадпісанняў аб ліквідацыі парушэнняў. У значнай частцы яны тычыліся несанкцыянаваных звалак на землях агульнага карыстання, добраўпарадкавання пляцовак для збору цвёрдых камунальных адходаў, прыпыначных павільёнаў і дзіцячых пляцовак.

Сваю ацэнку праведзенай рабоце даў і начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Саковіч. Паводле яго слоў, у раёне праведзена комплексная работа па барацьбе з баршчэўнікам Сасноўскага на плошчы амаль 30 га. Таксама ў полі зроку інспектараў — стан прыдарожных палос, дарожна-вулічнай сеткі, лясны фонд і водаахоўныя зоны. Уладзімір Саковіч адзначыў станоўчыя зрухі ў працы, дэталёва спыніўся на недахопах.

— Безумоўна, у раёне нямала робіцца для таго, каб жыццё нашых людзей было больш камфортным, аднак яшчэ больш трэба зрабіць, — канстатаваў Андрэй Гардзей. — Самае галоўнае — умець слухаць і чуць спадзяванні нашых грамадзян, выконваць працу якасна, а не спусціўшы рукавы.

Як вырашаюцца пытанні, якія карэліччане падымаюць у сваіх зваротах, прааналізавала загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Алена Гірза. За 5 месяцаў бягучага года колькасць зваротаў у райвыканкам вырасла ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 10 і склала 57. Па-ранейшаму людзей хвалюе сфера жыллёва-камунальнай гаспадаркі, добраўпарадкаванне дарог, вуліц і жыллёвага фонду. На дадзены момант на кантролі знаходзяцца 25 зваротаў. Некаторыя з іх былі дэталёва разгледжаны на нарадзе. За 5 месяцаў кіраўніцтвам райвыканкама праведзена 21 “прамая тэлефонная лінія”, на якія звярнулася 25 чалавек. 12 тэлефанаваўшым аказана дапамога, яшчэ 13 зваротаў знаходзяцца на кантролі.

— Мы павінны быць настроены дапамагчы чалавеку знайсці рашэнне праблемы або пытання, з якім ён звяртаецца. І рашэнне гэта павінна задавальняць абодва бакі, — нацэльвае кіраўнік раёна спецыялістаў на эфектыўную працу.

Іна ЛЕЙКА