Пункт погляду журналіста: «Домік ля дарогі, ці пустыя сцежкі?..»
Мой родны кут, як мне мілы!..
Забыць цябе не маю сілы!
Не раз, утомлены дарогай,
Жыццём вясны мае убогай
К табе я ў думках залятаю
І там душою спачываю.
Гэтыя Коласаўскія радкі неаднойчы ўсплываюць у памяці, калі ўспамінаеш родныя мясціны, і сэрца ўскалыхвае па-асабліваму. І сапраўды: што можа быць даражэй за любы куточак, дзе прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады, дзе напаткала першае каханне, і адкуль пачалася дарога ў вялікае жыццё? Гэта найвялікшы скарб, якому няма роўні ў свеце, яго немагчыма нічым замяніць. Вось толькі ў кожнага свае адносіны да гэтай каштоўнасці на зямлі.
З гадамі пачынаеш па-іншаму глядзець на рэчы, і ўжо тое, што моцна хвалявала ў юнацтве, зараз здаецца дробяззю. Ну, скажыце, хіба не хацелася нам, вясковым дзяўчатам і юнакам, у тыя далёкія гады хутчэй пакінуць родныя мясціны і паехаць у вялікі горад? А зараз адваротнае: хочацца вярнуцца да роднага парога.
І смельчакі ёсць. Хаця пры чым тут смеласць? У першую чаргу трэба любіць Бацькаўшчыну і любоў да яе пранесці праз усё жыццё. Аднойчы зрабіць свой выбар: выйшаўшы на заслужаны адпачынак, вярнуцца на малую радзіму. Калі прыкласці рукі да роднай зямлі і навесці парадак на падворку, то зноў ажыве бацькоўская хата. Яна будзе патанаць у квецені півоняў, ружаў, хрызантэм — і гэтая прыгажосць зайграе вясёлымі фарбамі.
А якія роўныя радочкі радуюць вочы на прысядзібным участку! Зеляніна толькі-толькі паказваецца з зямлі, а гаспадыня ўжо радуецца ўсходам цыбулі, бурачкоў, морквы, часныку, шчаўя і іншых культур. Раз-пораз будзе паглядаць у неба ў чаканні летняга дожджыку, які б ажывіў агародніну, і яна пайшла ў рост.
Людзі, якія любяць шчыраваць на прысядзібных участках, называюць сябе дачнікамі. З асаблівай цеплынёй гавораць пра гэта пенсіянеры, для якіх праца на зямлі становіцца асноўным заняткам. Яна ім у радасць, і ад яе двайная карысць: і занятак для рук, і агародніна са сваёй градкі.
Колькі пачуццяў выклікае праца на зямлі! Для нашых продкаў яна была асновай з асноў, яны шчыравалі з ранку да вечара. Вядома, не ўсім дзецям гэтая любоў перадалася, а вось некаторыя ў ёй душы не чаяць. «Трэба, каб рукі прыкладваліся да зямлі», — не раз паўтарае суседка ў роднай вёсцы і дадае: «Маім бацькам на небе не сорамна за мяне». Пасля смерці матулі, якую яны з сястрой даглядалі, прадаўжае жыць у бацькоўскай хаце. Мая суседка зрабіла свой выбар, хаця ў горадзе ёсць кватэра са зручнасцямі. У выхадныя і святочныя дні прыязджаюць дзеці і ўнукі, і іх падворак нагадвае вулей. Разам шчыруюць на зямлі, і ўсе такія шчаслівыя. Пазней бабуля прызнаецца, што іх частавала яшчэ мамінымі стравамі, і ўнукі елі з вялікім апетытам, а на душы было вельмі добра і спакойна.
У памяці паўстае яшчэ адна размова з другой зямлячкай. «Чаму не ездзіш на малую радзіму? — цікаўлюся ў яе. «Гэта пустыя сцежкі», — гаворыць жанчына і стараецца пераканаць у тым, што родны куток можна проста любіць ды другая справа была сюды прыязджаць, калі жылі бацькі. Што ж, кожны робіць свой выбар, але ў адным цвёрда пераканана, што бацькоўскі дом не прадаецца. Чалавек не можа прадугадаць, калі ў яго зашчыміць сэрца і яму захочацца сюды вярнуцца. У домік ля дарогі.
Галіна СМАЛЯНКА