Полина Ханько из г.п. Мир делится секретом успеха
Чалавек заўсёды ў пошуку. Спрабуе пазнаць сябе ў розных напрамках, і калі яму гэта ўдаецца зрабіць — да яго прыходзіць поспех. А наперадзе чакае вялікае і змястоўнае жыццё, у якім будуць новыя перамогі. Толькі трэба ўпэўнена ісці да мэты, не баяцца цяжкасцяў і не збочваць з абранага шляху — поспех будзе спадарожнікам жыцця.
Напачатку гутаркі выпускніца ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай» Паліна Ханько, якая атрымала 100 балаў на ЦЭ па беларускай мове, прызнаецца, што адчувае вялікую радасць ад таго, што яе старанні прынеслі вынік. Дзяўчына адзначае, што беларуская мова з’яўляецца самым любімым прадметам, і гэтую любоў ёй прывіла настаўніца Алена Аліеўна Смольская. На занятках падабалася атмасфера, якая была напоўнена ўтульнасцю, цяплом, любоўю. Вывучалі розныя правілы і прымянялі іх на практыцы.
— Я люблю чытаць Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна, Івана Мележа, — гаворыць Паліна і тлумачыць, што ў творах ёй падабаецца сюжэт, а для сябе бярэ прыклад з герояў. Любіць асабліва «Людзі на балоце» Івана Мележа, бо героі вельмі простыя і шчырыя ў сваіх пачуццях і памкненнях.
Дзяўчына дадаткова займалася з рэпетытарам Лідзіяй Уладзіміраўнай Язэпчык, якая калісьці працавала настаўнікам беларускай мовы ў роднай школе, а зараз знаходзіцца на пенсіі.
«Я мару звязаць свой лёс з эканомікай, але з роднай мовай не буду развітвацца. Родная мова — гэта любоў і ўтульнасць, якую адчула з маімі любімымі настаўнікамі», — рэзюмавала Паліна.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай» Алена Аліеўна Смольская адзначае:
— Паліна вельмі старанная, адказная, актыўная, творчая асоба. Прымала ўдзел у конкурсах па беларускай мове і літаратуры, алімпіядах. Старанна працавала на ўроках, занятках алімпіяднай групы, кансультацыях. Цікавіцца гісторыяй і з’яўлялася экскурсаводам школьнага музея. У яе інтарэс і да педагогікі — наведвала факультатывы ў класе педагагічнай накіраванасці. Мае артыстычныя здольнасці — выдатна дэкламуе вершы. Удзельнічала ў спартыўных спаборніцтвах.
З ёй прыемна працаваць. Яна цікавы чалавек. Па характары добразычлівая, сціплая, спагадлівая, працавітая. Адным словам, увабрала ў сабе найлепшыя рысы беларускага нацыянальнага характару.