Стобалльник из Кореличского района Артем Сасимович мечтает стать хирургом

Па  выніках другога цэнтралізаванага экзамену трое юных карэліччан  па беларускай мове набралі максімальную колькасць балаў.  Сярод іх — вучань Жухавіцкай СШ Арцём Сасімовіч.

Юнак расказвае, што мэтанакіравана рыхтаваўся да экзамену па роднай мове, бо ведаў, што яна спатрэбіцца яму пры паступленні ў ВНУ і паспрыяе ў ажыццяўленні мары стаць урачом-хірургам. Ён займаўся па прадмеце з настаўнікам Зояй Вітальеўнай Саладуха, наведваў факультатыўныя і стымулюючыя заняткі. Для таго, каб падцягнуць складаныя і незразумелыя  пытанні, працаваў з рэпетытарам. Ехаў на экзамен і цвёрда верыў: будзе “сотня”. Але, прызнаецца, калі даведаўся, што атрымаў найвышэйшы бал, здзівіўся:

— Зразумела, што навіна аказалася вельмі прыемнай. Цудоўна, што  намаганні прыносяць карысць,  неабходна працягваць далей шчыра працаваць над сабой.

Настаўнік Жухавіцкай СШ Зоя Вітальеўна Саладуха, якая два гады працавала з Арцёмам, характарызуе свайго вучня як вельмі стараннага і мэтанакіраванага маладога чалавека:

— Арцём сур’ёзна рыхтаваўся да ЦЭ. Заўсёды старанна вучыў тэорыю і ўмела прымяняў яе на практыцы, добрасумленна выконваў усе заданні і тэсты. Пытанні, якія выклікалі цяжкасці, дадаткова прапрацоўваліся на занятках, асобна разглядаліся моманты, дзе можна падчас экзамену зрабіць памылковы выбар.

Педагог лічыць, што галоўны сакрэт Арцёма — жаданне, самакантроль і гатоўнасць упарта працаваць дзеля пастаўленай мэты.

Наперадзе ў юнака — ЦТ па біялогіі і паступленне ва ўніверсітэт. Шчыра жадаем яму поспехаў і здзяйснення жаданняў!

1