В Кореличах состоялась презентация книги «Забытое знамя»

12 чэрвеня ва ўстанове культуры “Карэліцкі раённы краязнаўчы музей” прайшла прэзентацыя кнігі ўраджэнцаў Магілёўскай вобласці Пятра Іванавіча і Дзмітрыя Пятровіча Кураленкаў “Забыты сцяг”.

Аўтар кнігі Пётр Іванавіч Кураленка сустрэўся з наведвальнікамі музея ў выставачнай зале, прысвечанай трагічнай старонцы гісторыі раёна. На сустрэчы ён расказаў пра падзеі, якія ляглі ў аснову дакументальнай хронікі “Забыты сцяг”.

– Ідэя пакласці на паперу ўспаміны бацькі, ветэрана Вялікай Айчыннай, узнікла даўно. Матэрыял з сынам збіралі на працягу шасці гадоў. І ў гэтым годзе выдавецтвам “АмеліяПрынт” у горадзе Магілёў была выдадзена наша кніга. У аснову твора пакладзены рэальныя падзеі, а дакладней баявы шлях бацькі і дзеда Івана Ерафеевіча Кураленкі, – пачаў свой расказ Пётр Іванавіч. – Не абмінулі ўвагай і лёсы іншых чырвонаармейцаў, ураджэнцаў вёскі Ржаўкі Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. Падумаць толькі, праз якое гарніла вайны давялося прайсці ўжо ў першыя дні і месяцы страшэннай навалы. У творы знайшлі адлюстраванне цяжкія баі ў Літве, Латвіі, Эстоніі, праз успаміны пададзена абарона горада Таліна. Увогуле, твор расказвае пра цяжкае жыццё на акупіраванай тэрыторыі, выхад з акружэння, дарогу ў родную вёску, канцлагер і прымусовыя работы ў Германіі, доўгачаканае вяртанне дадому Івана Ерафеевіча Кураленкі.

На старонках выдання знайшла месца дзіўная гісторыя выратавання сцяга 94-га асобнага артылерыйскага дывізіёна, які ў 1941 годзе пры адступленні малады баец Іван Кураленка разам са сваім камандзірам схавалі ў дупле дрэва каля в. Скорычы Карэліцкага раёна. У 1985 годзе яго знайшоў мясцовы жыхар. Зараз сцяг – адзін з экспанатаў музея Вялікай Айчыннай вайны.

– Запісаныя ўспаміны продкаў даюць магчымасць праз канкрэтныя прыклады мужнага і бескарыслівага служэння землякоў, родных і блізкіх людей даведацца малавывучаныя старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, асэнсаваць ролю і ўклад воінаў-вызваліцеляў у агульную перамогу, – адзначыў напрыканцы сустрэчы аўтар кнігі.
Пётр Іванавіч уручыў выданні кніг Карэліцкаму раённаму краязнаўчаму музею і Карэліцкай раённай бібліятэцы.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара