В Кореличской районной библиотеке проведена творческая встреча читателей с членом Союза писателей Беларуси Светланой Кошур
Летапісец Карэліцкага краю
Напачатку сустрэчы так назвала Святлану Кошур бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Тамара Кардаш. Творы аўтара аб’ядноўваюць гісторыю і сучаснасць, адлюстроўваюць любоў да беларускай зямлі ў лёсах людзей, якія сваімі талентамі ўзвысілі Карэліччыну.
Святлана Кошур — беларускі краязнаўца, двойчы лаўрэат прэміі імя А. І. Дубко «За дасягненні ў галіне культуры і мастацтва» (2002, 2016), член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Нарадзілася ў вёсцы Валеўка Навагрудскага раёна. Закончыла Карэліцкую сярэднюю школу, БДУ. Дзесяць гадоў прысвяціла настаўніцкай працы ў навучальных установах Карэліцкага раёна. Дваццаць пяць працавала навуковым супрацоўнікам Карэліцкага краязнаўчага музея. Аўтар больш за 300 публікацый у кнігах, навуковых зборніках, перыядычных выданнях «Кантакты і дыялогі», «Літаратура і мастацтва», «Культура», «Советская Белоруссия», «Голос Родины», «Гродненская правда». Напісала асобныя раздзелы і артыкулы для гісторыка-дакументальнай хронікі Карэліцкага раёна» кнігі «Памяць» (2000).
Святлана Андрэеўна выдала дзесяць кніг краязнаўчай тэматыкі, сярод іх — «Вяртанне на Радзіму» (2002), «Зямля карэліцкая і яе славутыя людзі» (2009), «Лебядзіная песня Валянціна Рамановіча» (2011), «Залатая падкова Свіцязі» (2016), «Край запаветных мараў» (2020), «Праз паціну часу» (2023) і іншыя. Кнігі захоўваюцца ў бібліятэках Беларусі і замежных краін. Піша на беларускай мове.
«Краязнаўства — лад жыцця»
Напачатку сваёй прамовы Святлана Кошур прызналася, што планавала сустрэчу ў маі. Любіць гэтую пару года за тое, што квітнеюць яблыні, а яна наталяецца прыгажосцю і лічыць: прырода нібы дае падказку, і мы прыходзім у свет для радасці і стваральнай працы. Менавіта прырода дала натхненне на яе творчасць, а таксама свіцязянская зямля, якая ўзгадавала шмат таленавітых людзей, пра якіх аўтар напісала ў сваіх творах.
Краязнаўца не адмаўляе і добрай чэрвеньскай пары: адзначаецца 90-годдзе стварэння Саюза пісьменнікаў Беларусі, 50-годдзе з дня адкрыцця Карэліцкага раённага музея, якому аддала 25 гадоў працоўнай дзейнасці,
і яе 35-годдзе краязнаўчай дзейнасці.
У краязнаўства Святлану Андрэеўну прывяла цікавасць да гісторыі краю і, магчыма, так было наканавана лёсам. Яна любіць займацца пошукавай працай, пісаць нарысы і кнігі.
— Краязнаўства — лад жыцця, — гаворыць Святлана Кошур. — Шмат працавала ў архівах і шукала звесткі з гісторыі раёна. Спадзяюся, што кнігі маюць каштоўнасць, напісаны на дакументальнай аснове. Я не пішу мастацкіх твораў, не дадумваю, а ствараю дакументальныя. Мне пашанцавала на настаўнікаў: Аляксея Пяткевіча і Адама Мальдзіса. Вельмі важна падтрымка, бо адначасова даводзілася быць аўтарам, карэктарам, рэдактарам.
Святлана Андрэеўна з натхненнем расказвала пра свае творы. Дарагой сэрцу з’яўляецца кніга «Лебядзіная песня Валянціна Рамановіча».Вялікую ўвагу ўдзяліла і выдадзенай летась кнізе «Праз паціну часу. Сцежкамі свіцязянскай зямлі». Растлумачыла саму назву твора: «Паціна — гэта такі налёт, які ўзнікае на старых рэчах. У пераносным сэнсе гэта завеса часу, што закрывае падзеі мінулага, а я спрабую адкрыць мінулае чытачу», — паведала аўтар.
Прадмову да новай кнігі напісаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, які заклікае «адкрыць старонкі новай кнігі і абысці разам з ёю бераг легендарнай Свяцязі, пабываць ва Уселюбе, Карэлічах, Валеўцы, Чамброве, Лаўрышаве, Райцы, Туганавічах, старажытным Міры, іншых паселішчах… І акрамя адкрыцця новых фактаў, новых звестак пра культуру, асветніцтва ў Карэлічах, Карэліцкім краі, вы адчуеце прыліў духоўных сіл, пабагацееце на веданне аб узвышаным і зямным, аб тым, што фарміравала жыццё нашых прашчураў, якія набліжалі іх да святла і вечнасці.»
Словы прызнання і падзякі
На сустрэчы прыхільнікі творчасці Святланы Кошур выказвалі ў яе адрас словы прызнання і вялікай падзякі. Ветэран працы галіны культуры Валянціна Струк у захапленні ад творчасці аўтара, і сама палюбіла краязнаўства. «Дакапацца да ісціны і даказаць, што гэты чалавек менавіта з Карэліцкай зямлі — гэта вялікая справа», — адзначыла прамоўца пра аўтара і выказала словы ўдзячнасці педагогам школ райцэнтра, якія прыйшлі на сустрэчу. «Без мінулага няма сённяшняга і не будзе будучага», — рэзюмавала Валянціна васільеўна і напрыканцы прызналася, што пачала збіраць гісторыю сваёй сям’і.
«Вы жывяце ў двух вымярэннях, у мінулым і сённяшнім. Уваходзіце ў гісторыю вельмі глыбока: дасканала правяраеце факты. Выказваю словы прызнання за кнігу і найкаштоўнейшую працу», — сказала жыхарка райцэнтра Ганна Раманюк.
Аляксандр Абадзінскі піша вершы пра родны край і на сустрэчы выканаў песню з цудоўнымі словамі: «Шанцуе з маленства, жыву ў Беларусі, старонцы цудоўнай, краіне дабра. За маці, Радзіму заўсёды малюся, а лепшых за іх ва ўсім свеце няма».
«У вашых творах ёсць святло. Гэтыя дасягненні — духоўны фундамент, на якім будуецца жыццё наступных пакаленняў», — сцвярджаў госць сустрэчы Мікалай Ешман.
Ветэран працы Марыя Касцюкевіч з г. п. Карэлічы выказала словы ўдзячнасці аўтару за выдадзеныя кнігі, адзначыўшы яе скурпулёзнасць і цярпенне. Пажадала творчых поспехаў у далейшай працы.
Цудоўныя мелодыі прагучалі ў выкананні ўдзельнікаў хору ветэранаў працы Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ