Кореличчину посетил председатель правления ОО «Белорусский фонд мира» Максим Мисько

У рамках адзінага дня інфармавання насельніцтва Карэліцкі раён наведалі старшыня праўлення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” Максім Місько, першы намеснік старшыні праўлення Аляксандр Чырко і старшыня праўлення абласнога аддзялення ГА «Беларускі фонд міру» Іван Каўбаска.

Сустрэча праходзіла на ААТ “Карэлічы-Лён” і пачалася з невялікай экскурсіі па прадпрыемству, якую правёў дырэктар ільнозавода Фёдар Жук.

— Мы прыехалі да вас напярэдадні аднаго з самых галоўных святаў у нашай краіне, — адзначыў Максім Місько. — Сёлета мы адзначаем 80-гадовы юбілей вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Памятаць пра тую вайну вельмі важна. Вялікая Айчынная стала самай страшнай і кровапралітнай вайной, якая была на нашай тэрыторыі. 22 чэрвеня 1941 года беларусы першымі сустрэлі фашысцкую моц, а гэта 5 мільёнаў чалавек, больш за 4 тысячы танкаў і больш за 4 тысячы самалётаў. Дзякуючы гераічнаму подзвігу савецкага салдата змаглі стрымаць гэтую навалу, але кошт быў вельмі высокім: Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара.

Максім Місько расказаў, што ў 2010 годзе Беларускі фонд міру сумесна з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь пачаў работу па стварэнні базы дадзеных спаленых у гады вайны беларускіх вёсак. Дзякуючы гэтай працы атрымалася сабраць звесткі аб 9500 знішчаных вёсках. Пракуратура Рэспублікі Беларусь у ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа сабрала звесткі яшчэ аб 1200 спаленых вёсках.

— Цяжка ўявіць, што ў агні было знішчана больш за дзесяць тысяч вёсак. Большасць з іх — разам з жыхарамі, — сказаў выступоўца.

Па словах Максіма Місько, такі лёс беларускай зямлі наканаваны яе геаграфічным становішчам: наша краіна стаіць на мяжы Усхода і Захада. Таму, калі праходзілі войны, Беларусь заўсёды несла вялікія страты. Менавіта таму Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў аб тым, што Беларусь заўжды была і застаецца краінай, якая выступае супраць усякіх узброеных канфліктаў.

— Ніколі за сваю гісторыю беларусы не выступалі агрэсарамі. Мы заўжды абаранялі сваі сем’і, сваю Радзіму, але пры гэтым казалі і будзем настойваць на тым, што мы хочам жыць мірна, — сказаў Максім Місько.

Максім Уладзіміравіч лічыць, што 2023 год невыпадкова быў аб’яўлены Кіраўніком дзяржавы Годам міру і стварэння. Беларусь — краіна, ад якой нельга чакаць ніякай пагрозы ці насілля. Гэта пацвердзілася сёлета на Усебеларускім народным сходзе, дзе былі прыняты два важныя дакументы — Ваенная дактрына і Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі.

— У ваенных дактрынах іншых краін указваецца патэнцыяльны праціўнік. У нашай дактрыне ні адна краіна не ўказана як праціўнік. Там гаворыцца пра тое, што мы ні з кім не хочам ваяваць, але нікому не дазволім парушыць наша спакойнае жыццё, — звярнуў увагу выступоўца.

Таксама Максім Місько закрануў гісторыю грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”, якая пачалася ў 1949 годзе, калі ў Савецкім Саюзе пачаўся збор подпісаў пад Стакгольмскім заклікам “Аб забароне ядзернай зброі”. Вынік перасягнуў усе чаканні — у кароткі тэрмін было сабрана больш за 115 мільёнаў подпісаў, прытым, што ўсё насельніцтва краіны тады складала 178 мільёнаў чалавек. Больш за тое, многія людзі па ўласнай ініцыятыве пачалі дасылаць грашовыя ахвяраванні ў савецкі Камітэт абароны міру, які быў створаны ў жніўні 1949 года. На канвертах былі пазнакі: “На абарону міру”, “На карысць міру”, “Каб не было вайны”, “За мір ва ўсім свеце”.

27 красавіка 1961 года быў заснаваны Савецкі фонд міру. Яго заснавальнікамі былі чатыры грамадскія арганізацыі — Камітэт савецкіх жанчын, Савецкі камітэт ветэранаў вайны, Савецкі Камітэт абароны міру і Савецкі камітэт салідарнасці з краінамі Азіі і Афрыкі. 24 жніўня 1991 года на пазачарговай канферэнцыі Беларускага аддзялення Савецкага фонду міру быў заснаваны Беларускі фонд міру, які стаў правапераемнікам Савецкага на тэрыторыі Рэспублікі.

Беларускі фонд міру аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах людзей усіх прафесій і слаёў насельніцтва нашай краіны, розных узростаў і веравызнанняў. У іх ліку — прадстаўнікі 156 нацыянальнасцяў і 25 рэлігійных канфесій. У дзейнасці Фонду міру прымаюць удзел каля 150 тыс. членаў арганізацыі і больш за 1 млн валанцёраў. У склад кіраўніцтва арганізацыі ўваходзяць кіраўнікі асноўных рэлігійных канфесій і нацыянальных этнічных аб’яднанняў Беларусі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, сацыяльнай сферы, буйных прамысловых прадпрыемстваў, органаў дзяржаўнага кіравання і грамадскіх арганізацый. Сёння 146 арганізацый Беларускага Фонду міру адкрыты ва ўсіх абласцях, раёнах і буйных гарадах Беларусі.