В «Вясёлке» состоялось торжественное открытие второй лагерной смены

25 чэрвеня ў раённым дзіцячым аздараўленчым лагеры “Вясёлка” адбылося свята – адкрыццё другой змены. Лёгкія павевы ветру, ласкавыя сонечныя промні, адчуванне ўсеагульнай радасці і добрага настрою панавалі ў гэты цудоўны дзень. Добрай традыцыяй стала правядзенне ўрачыстай лінейкі, дзе кожнаму атраду прадастаўляецца гонар паказаць сябе найлепшым чынам.

Урачыстасць пачалася з узняцця Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

З адкрыццём другой лагернай змены павіншавалі рабят намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан, супрацоўнікі РАНС і РАУС, святары раёна і дырэктар ДУА “Вясёлка” Кацярына Крывіцкая.
Госці пажадалі дзецям добра адпачыць, набрацца сіл, сустрэць новых сяброў, весела і з карысцю правесці канікулы.

 

Настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла Ігар Пірог блаславіў і асвяціў прысутных на добры адпачынак.

Святары прыйшлі на свята не з пустымі рукамі. Яны падарылі выхаванцам спартыўны інвентар.


Работнікі РАУС, аддзела Дэпартамента аховы, правялі змястоўную гутарку з выхаванцамі, прадэманстравалі спецтэхніку, дапамаглі прымераць бронекамізэльку і шлемы — усё гэта было вельмі незвычайна і займальна. Дзеці з задавальненнем пасядзелі ў міліцэйскай машыне, а ў спецыяльнай амуніцыі адчувалі сябе сапраўднымі абаронцамі.

Міліцыянер-кінолаг арганізаваў паказальнае выступленне са сваім чацвераногім сябрам. Рабяты з заміраннем глядзелі на цуды дрэсіроўкі. Сабака дакладна выконваў каманды.

Завяршылася мерапрыемства канцэртам, арганізаваным выхаванцамі лагера.

Як адзначыла дырэктар лагера Кацярына Крывіцкая, на другой змене ў лагеры адпачываюць 70 дзяцей. Тут жа, на тэрыторыі лагера, размясціўся палатачны гарадок, у якім весела бавяць час 35 выхаванцаў ДЮСШ Карэліцкага раёна. Чатыры атрады, і кожны — са сваёй крэатыўнай назвай. Усе яны аформілі свае атрадныя вугалкі: прыдумалі назву, дэвіз і выбралі камандзіра. Ужо ў першыя дні рабяты прынялі ўдзел у гульнях на знаёмства і падрыхтаваліся да ўрачыстага адкрыцця змены.

Па словах педагога-арганізатара Алены Хвеська, другая змена лагера носіць назву “Востраў бяспекі” і пройде яна ў цесным супрацоўніцтве з работнікамі РАНС і РАУС. Увогуле, для дзяцей запланавана мноства цікавых мерапрыемстваў.

Лагерная змена яшчэ толькі пачалася, і наперадзе ў рабят яшчэ шмат цікавых мерапрыемстваў, выпрабаванняў, адкрыццяў і пазітыву. Як вядома, у лагеры адпачынак залежыць не толькі ад арганізаваных мерапрыемстваў, а яшчэ і ад сяброўства, і ўзаемадапамогі дзяцей. Таму жадаем дзецям правесці лета найлепшым чынам, зарадзіўшыся энергіяй на цэлы навучальны год.

Слова – дзецям

Вера Рамашына, вучаніца ДУА “Жухавіцкая сярэдняя школа”:


– Трэці год запар я прыязджаю на адпачынак у палатачны лагер на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага лагера «Вясёлка». Мне вельмі падабаецца атмасфера гэтага палатачнага гарадка, тут адчуваеш свабоду, радуе гэтая згуртаванасць. Думаю, што пасля адпачынку ў мяне з’явяцца новыя сябры, а лета-2024 пакіне пасля сябе мноства пазітыўных эмоцый.

Арцём Пугач, вучаніь ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы”:


– Я прыехаў на адпачынак у дзіцячы аздараўленчы лагер «Вясёлка» разам са сваімі братамі Аляксеем і Аляксандрам і сябрам Ягорам Мінічам. Нам тут вельмі весела і цікава. Мы гуляем у футбол, нас смачна кормяць. Прыехаць сюды варта дзеля вясёлых дзён, часу на прыродзе і новых знаёмстваў.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара