Таисия Мухина: Врачи — земные ангелы-хранители

Зямныя анёлы-ахоўнікі. Гэта сказана пра іх, медработнікаў, прадстаўнікоў самай гуманнай і самай высакароднай прафесіі. Гэта яны, дзякуючы свайму высокаму прафесіяналізму, адданасці выбранай справе, увазе, чуласці і міласэрнасці, вяртаюць да жыцця людзей, захоўваюць ім здароўе. Гэта яны ў любы час дня і ночы, у святы і ў будні прыходзяць нам на дапамогу.

Дзень медработнікаў —  нагода падзякаваць за міласэрнасць, спачуванне, за тысячы выратаваных жыццяў, і сказаць, што прафесія медыка – гэта прыклад высокага служэння ў імя і на карысць чалавека. Медык – адна з самых мірных і стваральных прафесій, гэта штодзённая праца, якая нясе дабро, клопат і святло, якая дазваляе людзям зноў станавіцца здаровымі. Медработнік першым сустракае нас яшчэ пры нараджэнні і затым на працягу ўсяго свайго жыцця людзі давяраюць урачам самае дарагое, што ў іх ёсць – здароўе сваё і сваіх блізкіх, а гэта патрабуе ад іх сучасных ведаў, высокай самааддачы і лепшых чалавечых якасцяў. Дзень медыцынскіх работнікаў — гэта свята не толькі дактароў, але і фельчараў, медсясцёр, малодшага персаналу, бо ніякі сучасны прыбор не заменіць чулага і ўважлівага стаўлення да хворага.

Заўжды захаплялася працай і цярпеннем медыцынскіх работнікаў. З маленства белыя халаты для мяне былі ўвасабленнем нейкай чысціні, дабрыні, як белыя крылы анёлаў.  Успамінаюцца тыя часы, калі ў Райцы існавалі дзве бальніцы: туберкулёзная і ўчастковая. Вядома, больш знаёмы былі з медперсаналам участковай бальніцы. Сёння гэта ўжо цэлая кагорта ветэранаў-медыкаў, паважаных, аўтарытэтных, актыўных, вопытных і творчых, каму ёсць чым падзяліцца з маладымі і што параіць. Нам пашчасціла мець такога ўрача: кампетэнтнага, уважлівага, прафесіянала з вялікай літары — Шашко А.І., які ніколі не лічыўся з часам, асабліва, калі ішла размова пра здароўе дзяцей. І сёння мы чуем пра яго толькі самыя лепшыя водгукі ад пацыентаў фізіятэрапеўтычнага аддзялення. Урач-стаматолаг Мажэйка Т.П. здымала зубны боль звычайнай размовай. Пагаворыць, супакоіць — і чалавеку становіцца лягчэй. Фельчары – Уласевіч М.В., Яўсей Ф.М. маглі з лёгкасцю замяніць урача, акушэркі Навіцкая Г.І., Мялешка Я.І. — адны з першых ведалі жаночыя сакрэты і былі першымі дарадцамі маладым матулям. Сярэдні медперсанал – самая шматлікая катэгорыя работнікаў сферы. Пералічваць цудоўных медыцынскіх сясцёр былой бальніцы можна доўга: Русак Н.К., Кадлубай А.У., Шчарбакова В.І., Аляшкевіч А.Р., Бурдо З.І., Крот А.У., Кавалько Г.К., Казакоўская Я.У., патранажная медсястра Кавалько А.П. Спектр іх клопатаў і паслуг быў дастаткова шырокі: гэта даўрачэбная дапамога, догляд за пацыентамі, асісціраванне ўрачам, стэрылізацыя інструментарыя, забор біялагічных матэрыялаў, выкананне назначэнняў урачоў і шмат іншага. Кожная на сваім пасту – гэта кваліфікаваныя спецыялісты, выдатна ведаючыя сваю справу, і проста ўважлівыя, акуратныя і душэўныя людзі. За перыяд сваёй працы яны вытрымалі не адну праверку на прафесійную годнасць. Загадчык аптэкі – Каралько Н.Э., яна і сёння стаіць на варце нашага здароўя, ёй, як нікому, уласціва суперажываць чужой бядзе, пакідаючы асабістыя праблемы.

На сённяшні час у аграгарадку Райца ўчастковая бальніца даўно перапрафілявана ў амбулаторыю ўрача агульнай практыкі. Прыемна радуе вока чысціня і парадак, адчуваецца гаспадарчы падыход пры правядзенні цякучага рамонту. Але засталася праца, насычаная і напружаная, а таксама людзі, з іх праблемамі і хваробамі. На пытанне пра складанасці ў працы медыкі толькі ўсміхаюцца, але па іх вачах мы бачым адказ: “Хацелася б адпачываць больш. Але мы патрэбны людзям, таму не маем права расслабляцца”.  Кажуць, людзям адной прафесіі з цягам часу становіцца няпроста жыць разам, бо рабочыя моманты і праблемы пераходзяць і ў дом. Не згаджаюцца з гэтым муж і жонка Клімко Мікалай Іванавіч і Марына Анатольеўна. Яны лічаць, што гэта шчасце, калі цябе разумеюць, нешта табе параяць, калі ёсць з кім абмеркаваць прафесійныя праблемы. У іх доме размовы на медыцынскія тэмы бываюць як сапраўдныя “пяцімінуткі”. Яны клапоцяцца аб пацыентах, агортваючы іх увагай, ствараючы атмасферу, якая садзейнічае іх хуткаму выздараўленню. Сваім назапашаным вопытам дзеляцца з больш маладымі медыцынскімі работнікамі: Бушэйка І.М., Царук Д.А. З нагоды прафесійнага свята хочацца пажадаць усім сапраўднага багатырскага здароўя. Каб, аддаючы ўсіх сябе пацыентам, не згаралі на працы самі.

Нельга не ўзгадаць напярэдадні свята і медыкаў раённай паліклінікі, асабліва тых, з кім давялося мець зносіны. Былы раённы педыятр – Ушкевіч К.Ц., менавіта яна выратавала ад смерці маю 4-гадовую дачушку, паставіўшы правільны дыягназ і своечасова выклікаўшы самалёт з вобласці (няхай лёгкім будзе ей нябесны спачын). Жарская Г.А. – урач-гінеколаг, дапамагла з’явіцца на свет не толькі маім дзецям, а і ўнукам. Готта Ч.С. – своечасовая хірургічная дапамога малодшай дачцэ, старэйшаму ўнуку, а таксама брату. Яны, нашы выратавальнікі, могуць не памятаць нас, сваіх пацыентаў з іх балячкамі, а мы памятаем і ўдзячна  молімся за іх.

Паўсядзённы клопат аб здароўі насельніцтва, папярэджанне захворванняў, вяртанне хворых да паўнавартаснага жыцця — усё гэта надае асаблівы статус медыцынскім работнікам. Сёння прыемна ўражвае рэканструкцыя памяшканняў раённай бальніцы і паліклінікі, бо яна відавочная. Як бачым, змены сапраўды адбыліся вялікія, на сучасны лад, усё дзеля таго, каб наведвальнікам паліклінікі і пацыентам бальніцы было больш камфортна і ўтульна. Усё зроблена якасна і з густам. Без сумненняў, у новых умовах тут стала значна прыемней працаваць медработнікам і лячыцца іх пацыентам. Словы віншавання і ўдзячнасці хочацца сказаць таксама Орсіч В.В., Сакаловай Н.С., Мяцеліцы В.А., Нячай Д.С., Каўцэвічу А.А., Скварадзе Д.А. і інш.

Калі звычайны чалавек выратуе жыццё іншага чалавека, пра яго гавораць як пра героя. А выратаванне людзей для медыцынскіх работнікаў з’яўляецца будзённай працай. Цяжкай, адказнай, якая патрабуе асаблівага прафесіяналізму, вялікай міласэрнасці і ніколі не даруе памылак. Таму нізкі паклон кожнаму доктару, сястрычцы, якія звязалі свой лёс з медыцынай, лечаць хворых не толькі медыкаментамі, але і сардэчным спачувальным словам, шчыра турбуюцца за кожнага пацыента, запальваюць надзею і даюць шанс на выздараўленне нават тады, калі здаецца,  свет для цябе гіне назаўжды…

Медык — не сам Гасподзь Бог, але калі ён побач у крытычны момант, мы спадзяёмся на яго як на Усявышняга. Дык давайце скажам сардэчны “Дзякуй!” і шчыра павіншуем іх з прафесійным святам. Няхай стукаецца радасць у ваш дом раніцаю, вечарам і днём! Будзьце ўсе здаровымі і шчаслівымі!

Таісія МУХІНА