Островок отдыха и дружбы. Как ребята проводят время в детском оздоровительном лагере «Вясёлка»?
У дзіцячы аздараўленчы лагер «Вясёлка» дзяўчынкі і хлопчыкі прыязджаюць з вялікім задавальненнем. Тут ім рады, і дзетвара цудоўна праводзіць вольны час. У гэтым пераканаліся журналісты раённай газеты «Полымя», калі завіталі на гэты астравок адпачынку, радасці, сяброўства.
Райскі куточак
Дзіцячы аздараўленчы лагер «Вясёлка» знаходзіцца ў маляўнічым месцы. Тут ціха і спакойна, добра дыхаецца, і ўсё навокал патанае ў зеляніне. Сонечныя промні кранаюць дахі жылых домікаў, якія выдзяляюцца сваёй непаўторнасцю.
У памяшканнях — спальныя месцы, новая пасцельная бялізна, месцы для асабістых рэчаў дзяцей. У дажджлівае надвор’е ўключаюць электраацяпленне. Тут разам з дзецьмі жывуць выхавальнікі.
У гэтым годзе ў лагеры правялі будаўнічыя работы: паклалі тратуарную плітку да пятага і шостага домікаў, у клубе драўляную падлогу замянілі на плітачнае пакрыццё, у медпункце ўстанавілі новыя вокны, з’явілася гульнявая пляцоўка.
«Адна дружная сям’я»
Пры ўваходзе на тэрыторыю лагера «Вясёлка» — прапускны пункт. Вартаўнік просіць паставіць подпісы ў журнале наведванняў дзіцячага аздараўленчага лагера. Усё зразумела: тут дбаюць аб бяспецы адпачываючых. У лагеры падабраны штат адпаведных работнікаў, каб дзеці маглі праводзіць вольны час карысна і цікава, атрымліваць смачныя стравы і не хварэць.
Дырэктар лагера Кацярына Крывіцкая пералічвае работнікаў трэцяй змены лагера «Вясёлка»: 16 выхавальнікаў, культарганізатар, педагог-арганізатар, два інструктары па фізічнай культуры, акампаніятар, педагог-псіхолаг, чатыры медыцынскія работнікі, загадчык гаспадаркі, восем работнікаў кухні і чатыры рабочыя. Атрымліваецца, што з кадрамі прадумана ўсё да драбніц, і ад кожнага патрабуюцца адказныя адносіны да справы.
— Мы разам — адна вялікая і дружная сям’я, — гаворыць Кацярына Іосіфаўна. — Клапоцімся пра тое, каб дзяўчынкі і хлопчыкі змаглі добра адпачыць і набрацца новых сіл, і каб у іх засталіся найлепшыя ўспаміны пра летнія дзянькі ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Вясёлка».
Быць лідарам — быць першым
Трэцяя змена лідарскага саставу праводзіцца сумесна з раённым камітэтам грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». Па меркаванні дырэктара лагера Кацярыны Крывіцкай, лідар — гэта чалавек, які вядзе за сабой іншых, гатовы дапамагчы, моцны па характары і ўпэўнены ў сабе. З ліку сапраўдных лідараў яна назвала студэнтку Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Ірыну Катовіч, якая з’яўляецца яркай асобай, вельмі адказнай і моцна любіць дзяцей. Яна засталася працаваць пасля праходжання абавязковай практыкі і на трэцюю змену. Сумленна выконвае свае прафесійныя абавязкі.
Падчас працы змены запланавана шмат цікавых і карысных мерапрыемстваў. У рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Ніхто не забыты, нішто не забыта» будуць арганізаваны экскурсіі ў Карэліцкі раённы краязнаўчы музей і славутыя мясціны Карэліччыны. Сярод маштабных мерапрыемстваў — «Містэр» і «Міс» лагера, «Парачкі», конкурсная праграма «Точь-в-точь», а яшчэ дзяўчынак і хлопчыкаў чакаюць сустрэчы з прадстаўнікамі РАУС, РАНС, ДАІ, АСВОДа, святарамі, работнікамі культуры, якія правядуць гутаркі, майстар-класы, захапляльныя гульні.
Трэцяя змена мае назву «#Вектар поспеху», што абазначае ажыццяўленне асабістых надзей і мараў, руху па ўзыходзячай лесвіцы, асабовага развіцця і поспеху. «Дэвіз адзін — не ўступаць, стартуем, каб перамагаць» — асноўны накірунак змены.
«Смачна есці!»
У ДАЛ «Вясёлка» арганізавана пяціразовае харчаванне. У меню акрамя асноўных страў — агародніна, садавіна, сокі, прысмакі. Любімымі для дзяцей сярод першых страў назвалі суп гарохавы, боршч, капусту, а з мясных страў аддаюць перавагу катлетам з птушкі і рыбы. Адна з асаблівасцей меню — сасіскі ў цесце, піца, пельмені, ватрушкі.
Шэф-повар Вольга Пярэська падчас сустрэчы адзначае:
— Калектыў складаецца з васьмі чалавек. Гатуем разнастайныя стравы, у тым ліку мясныя і рыбныя з агароднінай, а таксама кандытарскую выпечку. Наша задача — якасна і своечасова накарміць адпачываючых, захаваць тэхналогію прыгатавання страў і прытрымлівацца санітарных норм і правілаў.
У лагеры працую больш дзесяці гадоў. У «Вясёлцы» вельмі падабаецца: маляўнічыя мясціны, дружны калектыў, удзячныя дзеці. Чаго большага можна жадаць? Хочацца ў чарговы раз сказаць наведвальнікам сталовай: «Смачна есці!»
Сябруюць са спортам
Дырэктар лагера Кацярына Крывіцкая пачала размову з добрай навіны: набыта новае спартыўнае абсталяванне. З задавальненнем расказала і пра тое, што святары раёна аказваюць спонсарскую дапамогу ў набыцці спартыўнага інвентара.
У лагеры маецца вялікае футбольнае поле і валейбольная пляцоўка. Дзеці гуляюць у футбол, валейбол і іншыя спартыўныя гульні. Кожная раніца пачынаецца з зарадкі. «Інструктары па спорце плануюць мерапрыемствы з улікам пажаданняў дзяўчынак і хлопчыкаў, каб яны з карысцю праводзілі вольны час», — сказала Кацярына Іосіфаўна.
Дар’я ХІНЕВІЧ,
выхавальнік дзіцячага аздараўленчага лагера «Вясёлка»:
— Чацвёрты год працую выхавальнікам у лагеры. Першы раз мяне запрасілі сюды на працу, бо не хапала важатых, і я дала згоду. Мне вельмі спадабалася, вырашыла прыязджаць у «Вясёлку» кожны год. Тут добрыя дзеці, сяброўская атмасфера і, што не менш важна, можна падмацаваць сваё здароўе.
Варвара ШАРСТНЁВА,
Маргарыта ШЭЎКА,
Мар’яна СТАНКЕВІЧ
аднагалосна паведалі:
— Мы некалькі гадоў запар прыязджаем у лагер «Вясёлку». Нам тут вельмі падабаецца: добрыя выхавальнікі, праводзяцца цікавыя мерапрыемствы, сустракаемся са старымі сябрамі і заводзім новыя знаёмствы. Тут гатуюць смачныя і апетытныя стравы. Мы дыхаем свежым паветрам і набіраемся новых сіл.
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Яраславы МАНКЕВІЧ.