В Кореличском районе вытереблено 37% льна-долгунца
Масавыя работы ідуць на льняных угоддзях Карэліччыны. Работнікі ААТ ”Карэлічы-Лён” шчыра працуюць на церабленні даўгунцу. Карэспандэнт газеты “Полымя” накіравалася на поле ва ўрочышча каля вёскі Забалацце, што на тэрыторыі Малюшыцкага сельсавета, дзе на 211 га расце лён. Тут працуюць сем церабілак. Сёлета ўборачная плошча лёну-даўгунцу ААТ “Карэлічы-Лён” на тэрыторыі Карэліцкага, Навагрудскага і Лідскага раёнаў складае 3337 га.
Не выпадкова ў народзе нарадзілася прыказка, што лён любіць паклон. Нягледзячы на тое, што ўжо даўно ўборка гэтай культуры механізавана, працэс вырошчвання і ўборкі беларускага шоўку патрабуе вялікіх намаганняў. Сёння гэта называецца сучасным словам тэхналогія. У цяперашні момант наладжаны працэс цераблення, аб’ём выкананых работ складае 1270 га.
– Гэты працэс з кладкай культуры ў стужку неабходны для яе вылежвання. Што тычыцца галовак, то пасля ачосу яны будуць абмалочаны збожжаўборачным камбайнам, – распавёў намеснік дырэктара Андрэй Комар.
Атрыманае насенне лёну-даўгунцу будзе закладзена на захоўванне да будучай пасяўной, але перш яно адправіцца на дапрацоўку. Як правіла, закладваем на захоўванне не толькі аб’ём пад поўную патрэбнасць, але і фарміруем абавязковы страхавы фонд, які складае 30-40% ад асноўнага. Яго наяўнасць дазваляе быць спакойным у выпадку гібелі часткі пасеваў.
Для забеспячэння бесперабойнай працы завода ў перыяд уборачнай трэба нарыхтаваць каля 14000 ільнотрасты.
На прадпрыемстве ўжо каторы год практыкуюць раннюю сяўбу даўгунцу. У гэтым сезоне пасяўную пачалі 27 сакавіка, завяршыўшы яе да 23 красавіка. Вырошчванне культуры – складаны працаёмкі працэс. Гэта не толькі сяўба, але і шматлікія доглядавыя мерапрыемствы: падкормкі і праполкі, абарона ад хвароб і шкоднікаў. Потым яго трэба не проста выцерабіць, але і, паклаўшы на зямлю, дачакацца яго паспявання ў стужцы. Мокне пад дажджом, высушваецца павевамі ветру і саграваецца сонцам – гэта тое, што дазваляе даўгунцу набыць характэрную шызую афарбоўку і стаць падатлівым для перапрацоўкі. Звычайна працэс паспявання расцягваецца да 20 і больш дзён. Аграрыі кажуць, што калі поле дружна заквітнее, яно становіцца падобным да мора. Сапраўднага мора ў беларусаў няма, затое ёсць жывое, ільняное.
Прыемна назіраць за зладжанай працай механізатараў у полі. Адразу адчуваецца адзінства, зацікаўленасць і любоў да справы, якую яны выконваюць гэтай дружнай камандай.
Механізатар Аляксандр Вайцешык на прадпрыемстве ўжо старажыл, шчыруе тут больш 20 гадоў. У яго поглядзе – аптымізм і запал, сур’ёзнасць і жыццёвая мудрасць. У словах – непрыхаваная любоў да сваёй працы. А тое, што ўсякая справа ў яго спорыцца, дык гэта самы што ні на ёсць яркі прыклад таго, што чалавек знайшоў сваё месца ў жыцці.
— Работа механізатара нялёгкая, але працаваць на зямлі мне падабаецца. Тут і вынікі працы бачныя адразу. Не перадаць словамі таго пачуцця, калі ўсведамляеш, што дзякуючы тваім намаганням зазелянеюць палі і вырасце добры ўраджай, – дзеліцца механізатар Сяргей Кныш. – Ды і тэхніку люблю. У любую вольную ад працы хвіліну ўся ўвага камбайну-прыгажуну. Каб у адказны момант не падводзіў, кожную дэталь перабяру і перагледжу.
Падчас уборачнай страды льнаводам прадастаўляецца выдатная магчымасць папоўніць сямейны бюджэт. Так, летась некаторыя з іх зараблялі да 4000 рублёў у месяц.
Гатоўнасць лёну-даўгунцу для перапрацоўкі вызначаюць прама ў полі, вымяраючы аддзяляльнасць валокнаў спецыяльным прыборам.
– Дайшоў да кандыцыі – спрасавалі тэхнікай у рулон і адвезлі ў сховішча з добрай вентыляцыяй. Перапрацоўка трасты дасягае 100%. Самае каштоўнае – доўгае валакно. Сёння працуем на сыравіну новага ўраджаю. І якасць трасты сёлета нядрэнная, – распавёў тэхнік-тэхнолаг Генадзій Андрушэвіч.
Асноўным бізнес-партнёрам прадпрыемства з’яўляецца Аршанскі льнокамбінат. Попыт на льняную тканіну ў свеце захоўваецца высокі, так што беларускі шоўк заўсёды знойдзе свайго пакупніка і на знешнім рынку.
Даведачна
Па стане на 12 ліпеня лён выцераблены на 1270 гектарах, што склала 37% плошчы.
Кацярына КУКАНАВА.
Фота аўтара.