Кореличская РО ОСВОД напоминает, как избежать трагедии на воде
На двары стаіць анамальная спякота, таму людзі імкнуцца адпачыць каля вады. Рэкі і азёры — блакітная скарбонка Беларусі — маняць нас сваёй свежасцю і прахалодай. Бавячы час каля вадаёмаў, неабходна памятаць правілы бяспекі, каб адпачынак не абярнуўся трагедыяй.
— З 15 па 21 ліпеня 2024 года на вадаёмах Беларусі выратавана 17 чалавек, з якіх 5 непаўналетніх, — прыводзіць лічбы старшыня Карэліцкай РА АСВОД Аляксандр Кандрусік. — За гэты перыяд патанулі 25 чалавек. На жаль, найбольшая колькасць загінулых у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях, дзе патанулі па пяць чалавек.
Па інфармацыі АСВОД, з пачатку бягучага года выратавана 162 чалавекі, 48 з якіх — непаўналетнія. За гэты перыяд вада забрала жыцці 231 чалавека, у тым ліку 17 непаўналетніх.
— Большасць з іх, 108 чалавек, загінула пры падзенні ў ваду, — каменціруе Аляксандр Кандрусік. — 69 чалавек патанулі падчас купання. Таму АСВОД нагадвае асноўныя правілы паводзін на вадаёмах: купацца ў вадзе доўгі час нельга — можна лёгка прастудзіцца. Калі вы адчуваеце дрыжыкі, неадкладна выходзьце з вады і зрабіце кароткую, але энергічную прабежку па беразе.
Працягласць купання залежыць ад тэмпературы паветра і вады, ад вільготнасці паветра і сілы ветру. Найбольш спрыяльныя ўмовы купання — яснае зацішнае надвор’е, тэмпература паветра +25 °C і больш. Пачынаць купанне варта пры тэмпературы вады не ніжэй +18 °С.
Рэкамендуецца купацца не раней чым праз 1,5 гадзіны пасля ежы.
Памятайце:
- купацца можна толькі ў дазволеных месцах;
- нельга ныраць у незнаёмых месцах — на дне могуць апынуцца бярвёны, камяні, карчы;
- не варта купацца ў забалочаных месцах і там, дзе ёсць ціна;
- ні ў якім разе нельга плаваць на надзіманых матрацах і цацках, аўтамабільных камерах — падручны сродак можа апынуцца няспраўным, парвацца, чалавек раптам апынецца ў вадзе, а гэта вельмі небяспечна нават для таго, хто ўмее добра плаваць;
- нельга чапляцца за лодкі, вылазіць на знакі навігацыйнага абсталявання (бакены, буйкі і т. д.);
- нельга заплываць за буйкі, якія абмяжоўваюць зону заплыву, і выплываць на фарватэр;
- калі вы апынуліся ў вадзе на моцнай плыні, не спрабуйце плыць ёй насустрач, бо сіл не хопіць; у гэтым выпадку трэба плыць па плыні, але так, каб паступова набліжацца да берага;
- не саромейцеся паклікаць на дапамогу таварышаў;
- нельга падаваць крыкі лжывай трывогі.
— Самае галоўнае, што неабходна памятаць, — непаўналетнія павінны знаходзіцца каля вады толькі пад пільным наглядам бацькоў, — акцэнтуе ўвагу Аляксандр Кандрусік.
Сяргей СТОЛЯР