Чёрное золото полей. Как в ГП «Племзавод Кореличи» и «Малюшичи» убирают рапс
На палях Карэліччыны ўбіраюць «чорнае золата» палёў – рапс. Як праходзіць уборка культуры, даведаліся, пабыўшы на палях ДП “Племзавод Карэлічы” і “Малюшычы”.
Зладжана ў гэтыя ліпеньскія дні тут працуюць камбайнеры гаспадарак, аднак надвор’е ўносіць свае карэктывы і не дае магчымасці аграрыям працаваць на поўную моц.
Настрой – пазітыўны
У гэтым земляробчым сезоне азімы рапс у гаспадарцы займае 170 га. Галоўны аграном ДП “Племзавод Карэлічы” Іван Кошур расказвае аб бягучай абстаноўцы на палях:
– Прыступілі да ўборкі 12 ліпеня. На 19 ліпеня ўбрана 100 гектараў, гэта 59% пры ўраджайнасці 43,5 цэнтнераў з гектара. Нават калі рапс дае 15 цэнтнераў з гектара, ужо ідзе прыбытак гаспадарцы. Галоўнае – выконваць тэхналогію.
У залацістым полі, што недалёка ад аграгарадка Палужжа, на ўборцы рапсу задзейнічаны тры экіпажы. Сярод іх – вопытныя механізатары Леанід Русак, Аляксандр Алясюк, Артур Жыдко. Усе сумленна працуюць на палях сельгаспрадпрыемства, і ў якасці іх працы сумнявацца не даводзіцца.
– Каб атрымаць насенне рапсу высокай таварнай якасці, неабходна ўбраць яго ў аптымальныя тэрміны. Зараз спраўная тэхніка і добрае надвор’е – нашы галоўныя памочнікі, – адзначаюць спецыялісты сельгаспрадпрыемства. – Тэхніка ў нас надзейная. Працуе кандыцыянер у кабіне, створаны камфортныя ўмовы для працы. Пасля рабочага дня на мехмайстэрні можна прыняць душ, а калі ёсць такая неабходнасць, то і памыць вопратку.
Усе камбайны гомсельмашаўскія. Сярод іх ёсць тыя, якія працуюць ужо не адзін сезон, ёсць і новы, сучасны.
На адвозцы ад камбайнаў працуюць тры аўтамабілі. Валянцін Лагута ўжо больш трыццаці гадоў працуе ў гаспадарцы і лічыць, што ўборачная пара – своеасаблівы экзамен аграрыяў і адказнасць за добрую здачу ляжыць на кожным яе ўдзельніку.
Інжынер па тэхніцы бяспекі сельгаспрадпрыемства Валянціна Сшыўнова адзначыла:
– Падчас правядзення ўборачнай кампаніі ў гаспадарцы заўсёды прымаюцца дадатковыя меры па ўмацаванні працоўнай і вытворчай дысцыпліны. Намаганні накіраваны на стварэнне здаровых і бяспечных умоў працы, яе ахову, папулярызацыю прынцыпаў канцэпцыі нулявога траўматызму. Усе работнікі КСУП “Племзавод Карэлічы» ў поўным аб’ёме забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны, кожнаму супрацоўніку выдадзены галаўны ўбор і спецыяльны летні абутак, выкананы з ільнянога матэрыялу. Акрамя гэтага, для работнікаў, якія знаходзяцца ў палях, для ўсіх тых, хто задзейнічаны на правядзенні рамонтных работ, а таксама пры падрыхтоўцы тэхнікі да маючых адбыцца работ, арганізавана гарачае харчаванне.
Асаблівая ўвага надаецца тэмпературнаму рэжыму, бо ў перыяд анамальнай спякоты неабходна, каб кожны работнік быў забяспечаны дастатковай колькасцю пітной вады, а таксама меў доступ да санітарна-бытавых памяшканняў, дзе можна прывесці сябе ў парадак і звярнуцца ў выпадку неабходнасці па медыцынскую дапамогу.
Такім чынам, меры, якія прымаюцца, накіраваны выключна для паляпшэння працы супрацоўнікаў КСУП, а таксама выключэння траўматызму і прафесійных захворванняў сярод работнікаў.
Настрой у аграрыяў ДП ”Племзавод-Карэлічы” пазітыўны і нават баявы. З такім падыходам да справы вынік будзе годны!
Убраць ураджай да апошняга зярнятка
«Чорнае золата» палёў – высокарэнтабельная культура: гаспадарка пры здачы рапсу можа адчувальна зарабіць на свае патрэбы. А яшчэ гэта выдатны бялковы корм для рагуль і папярэднік у полі для ўсіх збожжавых. Асноўная задача аграрыяў – убраць ураджай да апошняга зярнятка і захаваць.
Для паўнаты карціны адправіліся на рапсавае поле гаспадаркі “Малюшычы” і на свае вочы ўбачылі, як тут працуюць камбайны.
– Галоўнае, што можна зрабіць сёння для цяперашняга ўраджаю, – убраць яго без страт, – кажа дырэктар ДП “Малюшычы” Крысцінэ Шчара.
Словам, сёлета земляробы не наракаюць на нізкую ўраджайнасць рапсу, а нават наадварот – у адзін голас кажуць, што рапс атрымаўся добрым.
400 гектараў азімага рапсу – такі фронт работ мясцовых аграрыяў на гэтую ўборачную кампанію.
Першае алеенасенне з палёў аграрыі гаспадаркі пачалі абмалочваць на мінулым тыдні. Ужо скошана і абмалочана 232 га плошчаў азімага рапсу, пакуль гэта складае 58% ад плана. Намалочана 778 тон. Сярэдняя ўраджайнасць склала 33,5 цэнтнера з гектара.
Брыгадзір вытворчага ўчастка № 2 Уладзімір Касоўскі расказаў:
– Сярэдняя ўраджайнасць рапсу на ўчастку складае 30,4 цэнтнера з гектара. Гэта добрая ўраджайнасць. Але, безумоўна, каб стаяла ўстойлівае без дажджоў надвор’е, то вынікі былі б лепшымі. Рапс – культура капрызная, гэта ведаюць усе аграномы. Да яго трэба знайсці падыход, ён ад пасеву да ўборкі патрабуе бесперапыннай увагі. Міма пасеваў рапсу аграному не проста трэба праехаць, палюбаваўшыся сонечным колерам поля. Кожны раз варта спыніцца, паглядзець, пакратаць струкі, ствол, вызначыць стадыю галінавання, каб адрэагаваць на патрэбы расліны. Ад гэтага залежыць колькасць апрацовак, падкормак і іншых агратэхнічных аперацый, па колькасці якіх рапс – сапраўдны рэкардсмен.
На ўборцы “чорнага золата” шчыруюць тры экіпажы. Камбайнеры працуюць сумленна, разумеючы, што завяршыць уборку культуры неабходна ў аптымальныя тэрміны і з мінімальнымі стратамі.
Віды на ўраджай рапсу сёлета нядрэнныя. А добрыя вынікі заўсёды звязаны з арганізацыяй вытворчасці, захаваннем тэхналагічнага працэсу, адказнасцю за справу, якой служаць нашы аграрыі.
Камбайнер Аляксандр Гіз кожную ўборачную на добрым рахунку. Штогод становіцца адным з лепшых падчас уборачнай кампаніі. Спадзяецца капітан магутнага жалезнага карабля на ўдачу і ў гэты сезон.
Працяглы дзень работнікаў, занятых на ўборцы, у гаспадарках заахвочваецца ў грашовым і харчовым эквіваленце. Двойчы ў дзень, на абед і вячэру, ажыццяўляецца падвоз ежы прама ў поле. Харчаванне высокакаларыйнае, смачнае, прыгатаванае ў сталовых мясцовых гаспадарак.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара