На страже экономической стабильности страны находятся работники налоговой инспекции Кореличского района
Прафесійнае свята работнікаў падатковай службы Беларусі штогод адзначаецца ў нашай краіне ў другую нядзелю ліпеня. Сёлета службе спаўняецца 34 гады. Дзень работнікаў падатковых органаў Рэспублікі Беларусь быў афіцыйна ўстаноўлены Указам Прэзідэнта ў сакавіку 1998 года.
Гістарычны летапіс службы пачаўся 2 красавіка 1990 года. Менавіта ў гэты дзень пастановай Савета Міністраў БССР у сістэме Міністэрства фінансаў была створана Дзяржаўная падатковая служба. І сёння гэта найважнейшы дзяржаўны інстытут, які забяспечвае эфектыўнасць папаўнення казны і фарміраванне бюджэту, што ў сваю чаргу дазваляе ствараць умовы для сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў у інтарэсах жыхароў нашага рэгіёна.
Як адзначыла намеснік начальніка інспекцыі – начальнік упраўлення па працы з плацельшчыкамі па Карэліцкім раёне Міністэрства па падатках і зборах па Навагрудскім раёне Марына Сцяпанаўна Асіповіч, падаткі – адзін з найважнейшых элементаў эканомікі. Штодзённая праца нашых спецыялістаў забяспечвае напаўненне бюджэту. Гэта спрыяе фінансаванню дзяржаўных выдаткаў і выкананню бюджэтных абавязацельстваў. Ад дасканалай і аператыўнай працы залежыць дасягненне адной з найбольш значных мэтаў — максімальнае забеспячэнне і павышэнне паступленняў падаткаў і іншых абавязковых плацяжоў у бюджэт. Змены падатковай сістэмы адбываюцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Але задачы і мэты, якія стаяць перад Міністэрствам па падатках і зборах, стабільныя і накіраваны на рэалізацыю падатковай палітыкі дзяржавы.
— Так, у фарміраванні бюджэту Карэліцкага раёна прымаюць удзел 292 юрыдычныя асобы, 39 індывідуальных прадпрымальнікаў і 17541 фізічная асоба. З іх 85,9% паступленняў у бюджэт ад арганізацый, 8,6% выплачаюць прадпрымальнікі і 5,5% — фізічныя асобы. За шэсць месяцаў 2024 года нашы плацельшчыкі папоўнілі бюджэт больш чым на 13,6 мільёна рублёў, — расказала Марына Сцяпанаўна.
Сёння адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці службы — стварэнне камфортных умоў для добраахвотнага выканання плацельшчыкамі падатковых абавязацельстваў і павышэнне эфектыўнасці падатковага адміністравання. Падатковай інспекцыяй выкарыстоўваюцца прафілактычныя меры, якія дазваляюць знізіць узровень умяшання ў працу плацельшчыка. Ужо на працягу некалькіх гадоў праца падатковых органаў нацэлена на дыстанцыйныя зносіны з плацельшчыкамі.
Работнікі падатковай інспекцыі выкарыстоўваюць увесь арсенал прыёмаў, прадстаўленых падатковым заканадаўствам: ад кансультацыйнай і прапагандысцкай працы да эфектыўных метадаў кантролю і спагнання. Выбудоўваюцца гадамі цывілізаваныя партнёрскія адносіны з прадпрыемствамі розных формаў уласнасці, індывідуальнымі прадпрымальнікамі і фізічнымі асобамі. Гэта дазволіла выпрацаваць у падаткаплацельшчыкаў упэўненасць і жаданне выплачваць падаткі ў добраахвотным парадку ў адпаведнасці з заканадаўствам. І, як вынік, больш за 99,8% падаткаў паступае ў казну ад плацельшчыкаў добраахвотна.
— Усе гэтыя і іншыя вынікі дасягнуты дзякуючы калегам, якія працуюць на гэтай ніве, — зазначыла суразмоўца. — Больш за 20 гадоў аддала службе і працуе ў цяперашні час Наталля Хаўста. Жанчына выбрала аднойчы гэтую службу і застаецца вернай ёй дагэтуль. Як не ўспомніць і не падзякаваць таму, хто працаваў тут раней, навучыў нас, адкрыў дарогу ў будучыню і хто пайшоў на заслужаны адпачынак? Гэта нашы ветэраны, якія прайшлі гады станаўлення падатковых органаў, годна працавалі: Данута Станіславаўна Шэўка, Ніна Рыгораўна Калеснік, Галіна Мікалаеўна Комар, Таіса Мікалаеўна Шэўка, Ірына Аляксандраўна Бандарык.
Лягчэй і прасцей працаваць, калі на дапамогу прыходзяць такія структуры, як Карэліцкі раённы выканаўчы камітэт, раённы Савет дэпутатаў, РАУС, пракуратура. Ад усёй душы дзякуем вам за аказваемую дапамогу і паразуменне. Дзякуем таксама плацельшчыкам, якія добрасумленна выконваюць свой абавязак па выплаце законна ўстаноўленых падаткаў.
Сардэчна віншую ўсіх супрацоўнікаў падатковай службы, жадаю моцнага здароўя, аптымізму, невычэрпнай энергіі і дабрабыту, міру і шчасця, душэўнага камфорту, задавальнення ад справы, якой вы служыце, удачы і поспеху ва ўсіх пачынаннях.
Кацярына КУКАНАВА.
Фота аўтара