Председатель Кореличского райисполкома Андрей Гордей встретился с российской молодежью
4 ліпеня старшыня Карэліцкага райвыканкама Андрэй Гардзей сустрэўся з расійскай моладдзю.
Традыцыйна раз у год дэлегацыя з горада-пабраціма Краснагорска Расійскай Федэрацыі наведвае Карэліччыну падчас святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У ходзе сустрэчы старшыня райвыканкама Андрэй Гардзей адзначыў, што шмат гадоў Карэлічы і Краснагорск — пабрацімы, якіх аб’ядноўваюць культурна-адукацыйныя сувязі. Штогод беларуская і расійская моладзь сустракаецца на творчых фестывалях і конкурсах, разам адпачывае ў дзіцячых аздараўленчых лагерах.
Андрэй Валерьевіч даў высокую ацэнку выступленням калектыву культурна-дасугавага цэнтра “Краснагор’е” падчас святкавання 3 ліпеня сёлета. Таксама адзначыў важнасць і асаблівую каштоўнасць гэтага дня для нашай дзяржавы, бо ў ім пераплятаюцца такія важныя для нас усіх паняцці – мір і незалежнасць, захаванне гістарычнага мінулага і развіццё на карысць народа, стваральная праца і патрыятычнае выхаванне.
— Расіяне і беларусы аднолькава беражліва шануюць шматвяковыя традыцыі братэрства і добрасуседства, пранесеныя скрозь гады і выпрабаванні. Беражліва захоўваюць іх, перадаючы з пакалення ў пакаленне. Трэба, каб у свядомасці маладых пакаленняў беларусаў і расіян назаўжды захавалася паняцце непарыўнай духоўнай сувязі паміж нашымі народамі. Хай развіваюцца культурныя і эканамічныя сувязі паміж нашымі гарадамі, – адзначыў Андрэй Валер’евіч.
На сустрэчы абмеркавалі пытанні маладзёжнай палітыкі, пацвердзілі далейшыя намеры аб супрацоўніцтве ў галіне культуры і адукацыі. Па традыцыі бакі абмяняліся сувенірамі.
Пасля сустрэчы госці накіраваліся ў вёску Даўгінава, дзе размясцілася слімаковая ферма. Пасля экскурсіі па ферме гасцей запрасілі ў кафэ і прапанавалі паспрабаваць малюска на смак.
Завяршылася падарожжа па Карэліччыне наведваннем замкавага комплексу “Мір” і экскурсіяй па г.п. Мір.
Міхаіл Кожухаў, кіраўнік дэлегацыі, намеснік дырэктара культурна-дасугавага цэнтра “Краснагор’е”, сказаў:
— Карэліччына, як і заўсёды, шчыра вітае нашу дэлегацыю. Тут у вас вельмі ўтульна і цёпла, людзі вельмі добрыя і спагадлівыя. А якая выдатная моладзь! Прыемна было назіраць і бачыць, як карэліччане свята шануюць подзвіг герояў Вялікай Айчыннай вайны. Падчас святкаванна Дня Незалежнасці сотні жыхароў і гасцей гарпасёлка сабраліся разам, каб адзначыць свята. Напаўняе пачуццё гонару за ўвесь беларускі народ, які з трапятаннем ставіцца да сваёй гісторыі і не спрабуе яе перапісаць. Гэта наглядны прыклад таго, што толькі ў адзінстве людзі моцныя і здольныя пераадолець любыя цяжкасці. Дзень Незалежнасці нагадвае пра гэта кожны год. Спадзяёмся, што сяброўства паміж гарадамі-пабрацімамі Краснагорскам і Карэлічамі працягне ўмацоўвацца.
Ілья Катлоў, член дэлегацыі, супрацоўнік культурна-дасугавага цэнтра “Краснагор’е”, адзначыў:
— У Беларусі я другі раз, на Карэліччыне ў саставе дэлегацыі – упершыню. Калі мне прапанавалі ўвайсці ў склад дэлегацыі, я адразу згадзіўся. Хто ж адмовіцца ад такога цікавага міні-турнэ па прыгожых мясцінах? У вас вельмі спакойна, тут адпачываеш душой, слухаеш птушак, атрымліваеш асалоду ад зносін з цудоўнымі, гасціннымі і добразычлівымі людзьмі.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара