У Вялікіх Жухавічах адкрылі магазін «Жухавіцкі падворак»

5 ліпеня адбылося ўрачыстае адкрыццё магазіна «Жухавіцкі падворак», які належыць сельскагаспадарчаму вытворчаму кааператыву «Жухавічы».

 

Гандлёвая кропка працуе штодзённа з 9 да 22 гадзін, без выхадных і абеду. Санітарны дзень — серада.

Размешчаны ў аграгарадку Вялікія Жухавічы па вуліцы Цэнтральная, дом 104.

На ўрачыстасці слова трымаў старшыня СВК «Жухавічы»  Дзмітрый Янкоўскі:

— Вельмі прыемна, што сёння адзначаем такую падзею. Мы паставілі задачу, каб у нас працаваў свой уласны магазін і быў свой брэнд, і каб да нас усе прыязджалі за пакупкамі. Спадзяёмся, што ў магазіне будзе вялікі асартымент тавараў, даступныя цэны, а прадаўцы будуць ветліва сустракаць пакупнікоў. У першую чаргу, гэта было задумана дзеля паляпшэння дабрабыту вяскоўцаў, і каб грошы заставаліся ў гаспадарцы.

Дзмітрый Дзмітрыевіч адзначыў, што месца выбрана зручнае, маецца пляцоўка для пад’езду аўтамабіляў.

Свае пажаданні з нагоды адкрыцця магазіна выказалі першы намеснік старшыні па вытворчасці СВК «Жухавічы» Міхаіл Штыцько і галоўны інжынер па будаўніцтвке Віктар Міснікевіч: «Мы будзем мець свой брэнд. Усім жадаем добрых пакупак!»

Настаяцель царквы Ражства Іаана Прадцечы, айцец Ігар прачытаў малітву і асвяціў магазін са словамі: «З Богам! У добры шлях!»

Наступае ўрачысты момант — права перарэзаць чырвоную стужку прадастаўляецца Дзмітрыю Янкоўскаму, Міхаілу Штыцько, Віктару Міснікевічу.

Дзмітрый Янкоўскі ўручае сімвалічны ключ загадчыку магазіна «Жухавіцкі падворак» Вікторыі Кузьміч.

Шчодрымі на музычныя падарункі аказаліся работнікі Жухавіцкага Дома культуры: яны падарылі шмат цудоўных мелодый, што ператварыла ўрачыстасць у сапраўднае свята і ўзняло настрой яго ўдзельнікаў.

З бухгалтарам магазіна Юліяй Мароз вядзём гутарку аб асартыменце тавараў. У продажы малочная, мясная, рыбная прадукцыя, бакалея, напоі, кандытарскія вырабы. У хуткім будучым мараць рэалізоўваць прадукцыю гаспадаркі і плануецца ўстанавіць кавамашыну. Шырока прадстаўлена і прамысловая група тавараў: камплекты пасцельнай бялізны, коўдры, падушкі, пледы, пакрывалы, гаспадарчыя, парфюмерна-касметычныя тавары, бялізна для дзяцей, канцылярскія тавары і іншае. «Будзем вывучаць попыт пакупнікоў і адпаведна павялічваць асартымент тавараў у сувязі з іх запытамі. Асноўны арыенцір будзе зроблены на працаўнікоў сельгаскааператыва»,— адзначыла бухгалтар з надзеяй на тое, што ў магазіне будзе нямала пакупнікоў.

Знаёмлюся з першым пакупніком: Ірына Аляксандраўна Кергет.

«Я не толькі пакупнік, але і мама прадаўца Кацярыны Юшко. Прыйшла падтрымаць дачку і зрабіць пакупкі. Я купіла паляндвіцу, каўбасу, курынае мяса і пячэнне. Цэны задавальняюць — яны даступныя. Хачу выказаць словы ўдзячнасці кіраўніку сельгаскааператыва Дзмітрыю Дзмітрыевічу Янкоўскаму за клопат пра сельскіх жыхароў».

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Ларысы ШУГЛІ