Директор замкового комплекса «Мир» Александр Лойко: «Безвиз для граждан еще 35 стран станет драйвером для развития белорусского турбизнеса»
З 19 ліпеня Беларусь распаўсюдзіла дзеянне бязвізавага рэжыму на 35 еўрапейскіх краін. З 2022 года гэтыя ўмовы дзейнічалі для грамадзян Літвы, Латвіі і Польшчы. І спецыялісты ў галіне турызму, і абывацелі перакананы: гэта не толькі дапаможа нашай краіне зарабіць грошы, якія, як вядома, лішнімі не бываюць, але і самае галоўнае – паказаць замежнікам, што такое сапраўдная Беларусь.
– З 2017 года, з моманту ўводу бязвізавага рэжыму, нашу краіну наведала больш за 900 тысяч замежных турыстаў, і гэтая лічба пра многае кажа, – разважае дырэктар замкавага комплексу «Мір» Аляксандр Лойка. – Гэта значыць, што нягледзячы на недружалюбныя выпады з боку калектыўнага Захаду, звычайныя жыхары гэтых краін імкнуцца паглядзець на Беларусь сваімі вачыма, а не вачыма іх палітыкаў. Прыехалі, убачылі нашу гасціннасць і міралюбнасць, вярнуліся дадому – расказалі сябрам. Тыя ў сваю чаргу паехалі паглядзець самі. Таму рашэнне адкрыць бязвізавы ўезд для грамадзян яшчэ 35 краін стала як ніколі своечасовым для ўсёй турыстычнай сферы нашай краіны. Усе мы чакаем наплыву турыстаў з Еўропы, як гэта было ў дакавідныя часы, да 2020 года. Для параўнання: калі ў 2023 годзе Мірскі замак наведала 340 тысяч турыстаў, то ў 2019 годзе на 30% больш. Павелічэнне фінансавых патокаў дазволіць нашаму бізнесу і ў цэлым эканоміцы развівацца. Напрыклад, мы выношваем амбіцыйныя планы па аднаўленні італьянскага саду XVIII стагоддзя, які калісьці існаваў на тэрыторыі замка. Гэта будзе свайго роду маленькі Версаль з фантанам, цяністымі алеямі, кветнікамі, лаўкамі і дарожкамі для прагулак. На месцы палаца Святаполк-Мірскіх, які датуецца XVI стагоддзем і падмурак якога мы выявілі не так даўно, плануем адкрыць музей і гасцініцу ў стылі 30-х гадоў мінулага стагоддзя.
Дырэктар Карэліцкага раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Караліна Анісенка пераканана:
– Той, хто хоць раз пабываў у Беларусі, закахаецца ў яе на ўсё жыццё. Бо наш гасцінны народ умее здзіўляць, і ў першую чаргу тым, што мы не толькі захоўваем, але і прымнажаем нашу культурную спадчыну. Сёння ў Карэліцкім раёне існуюць 13 турыстычных маршрутаў, падчас якіх турысты могуць азнаёміцца з нашай гісторыяй, дзе асобнай старонкай выдзелена Вялікая Айчынная вайна, убачыць унікальныя помнікі прыроды, пакланіцца праваслаўным і каталіцкім святыням. 14 дзеючых аграсядзіб пагрузяць гасцей у атмасферу вясковай утульнасці. Упэўнена, што адкрыццё бязвізавага рэжыму для жыхароў 35 краін стане новай старонкай у гісторыі айчыннага турызму.
Іна ЛЕЙКА