11 августа — День строителя. Заместитель председателя Кореличского райисполкома Дмитрий Манило рассказывает об основных достижениях строительной отрасли
Напярэдадні прафесійнага свята, Дня будаўніка, пагутарылі з намеснікам старшыні Карэліцкага райвыканкама Дзмітрыем Манілам. Як і раней, гаворым аб асноўных дасягненнях будаўнічай галіны за апошні год.
— Дзмітрый Аляксандравіч, аб узроўні жыцця ў раёне людзі шмат у чым судзяць па развіцці жыллёвага будаўніцтва. Наколькі даступна сёння жыхарам Карэліччыны жыллё?
— Жыллёвае будаўніцтва – адзін з важных прыярытэтаў развіцця раёна. Узровень забяспечанасці жыллём у разліку на аднаго чалавека за апошнія пяць гадоў узрос і складае 38,5 квадратных метраў. У гэтым годзе плануецца ўвесці ў эксплуатацыю не менш за 4100 квадратных метраў жылля, у тым ліку 1600 квадратных метраў – з дзяржаўнай падтрымкай. У бягучым годзе сельскагаспадарчым вытворчым кааператывам “Свіцязянка-2003” будуецца 12-кватэрны жылы дом у аграгарадку Райца. Распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя на рэканструкцыю нежылога будынка пад шматкватэрны жылы дом па вуліцы Арцюха ў гарадскім пасёлку Карэлічы, дзе будзе пабудавана 31 кватэра. Дзяржавай значная ўвага надаецца забеспячэнню жылём шматдзетных сем’яў. За апошнюю пяцігодку шляхам будаўніцтва і набыцця жылля на другасным рынку навасёламі сталі 73 шматдзетныя сям’і. У бягучым годзе 25 шматдзетных сем’яў праводзяць будаўніцтва і рэканструкцыю жылых дамоў.
— Арганізацыі і прадпрыемствы раёна таксама займаюцца будаўніцтвам і рэканструкцыяй сваіх аб’ектаў. Каго б вы вылучылі?
— Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ажыццяўляюць будаўніцтва аб’ектаў, якія адносяцца да пятага класу складанасці, гаспадарчым спосабам. На іншыя аб’екты прыцягваюцца падрадныя арганізацыі, якія маюць адпаведны атэстат на выкананне работ.
У СВК “Маяк-Заполле” ў 2023 годзе пабудаваны два кароўнікі на 610 галоў і даільна-малочны блок пры МТФ “Востухава”.
У бягучым годзе ў СВК “Свіцязянка-2003” пачата рэканструкцыя МТФ у в. Міратычы.
Сёлета Карэліцкаму РУП ЖКГ даведзена заданне па ўводзе ў эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту 3300 кв. м агульнай плошчы жылых памяшканняў. Гэта жылыя дамы па вуліцах 8 Сакавіка, 52А, Гастэлы, 34, 36 і 38 у гарадскім пасёлку Карэлічы і жылы дом па вуліцы Зорная ў вёсцы Малыя Жухавічы.
Адрамантаваны дахі на 10 шматкватэрных жылых дамах. Карэліцкаму РУП ЖКГ са сродкаў рэспубліканскага бюджэту выдзелена 273 тыс. рублёў, плошча пакрыцця склала 2306 кв. метраў. Выдзеленыя грашовыя сродкі асвоены ў поўным аб’ёме.
Дзяржаўным прадпрыемствам «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Навагрудскага раёна» завершаны работы па будаўніцтве інжынерных сетак у квартале індывідуальнай забудовы «Зорны» ў г.п. Мір. Вядуцца работы па ўладкаванні вуліц і праездаў.
У адпаведнасці з праграмай «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2021-2025 гады (падпраграма «Чыстая вада») вядуцца работы па будаўніцтве артсвідравіны ў агр. Краснае. Аб’ект будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў бягучым годзе.
— Скажыце некалькі слоў пра добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый.
— За кошт сродкаў мясцовага бюджэту ў 2024 годзе адрамантавана 2 км вуліц і дарог у райцэнтры. Як прыклад, асфальтаванне вуліцы Гагарына. Вядуцца работы па замене тратуарнага плітачнага пакрыцця на вуліцах райцэнтра. Выкананы рамонт дваровых тэрыторый па вуліцы Прытыцкага і Гагарына, 4А у гарадскім пасёлку Карэлічы. Запланаваны рамонт вуліц Савецкая і Раманаўка ў гарадскім пасёлку Карэлічы, вуліцы Міра ў гарадскім пасёлку Мір.
— Пагадзіцеся, што будаўнік — прафесія асаблівая…
— Жыццё будаўніка — гэта служэнне ідэі, сэнс якой — прымножыць дабрабыт людзей, надаць новае яркае аблічча населеным пунктам, зрабіць рэальнасцю самыя смелыя задумы. Хай не вычарпаецца ў маіх калег вера ў правільнасць абранай справы, а жаданне зрабіць Карэліцкі раён яшчэ прыгажэйшым падкажа новыя ўдалыя ідэі. Упэўнены, што нават пры некаторых цяжкасцях у развіцці будаўнічай галіны кожны з нас накіраваны на іх пераадоленне. З Днём будаўніка ўсіх, хто займаецца самай высакароднай і мірнай справай на зямлі! Шчасця вам, здароўя, дабрабыту ў сем’ях. І, вядома ж, новых поспехаў у працы на карысць роднага рэгіёна.
Кацярына КУКАНАВА
Фота Сяргея СТОЛЯРА