Кореличчина одевается в новый асфальт

358 тысяч  рублёў было выдаткавана  ў бягучым годзе на суцэльнае асфальтаванне. Дзякуючы прыцягненню сродкаў абласнога (200 тыс.) і раённага (158 тыс.) бюджэтаў  на Карэліччыне па суцэльным асфальтаванні  дваравых тэрыторый адрамантавана амаль  290 пагонных метраў дарог. Такую інфармацыю журналісту газеты “Полымя” паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Карэліцкага райвыканкама Васілій Александроў.

Добраўпарадкаванню дарог на Карэліччыне сёлета надалі асаблівую ўвагу і накіравалі на яго важкую частку раённага бюджэту. Акрамя сезоннага ямачнага рамонту, які  не бяром у разлік, у райцэнтры абнавілі дарожнае пакрыццё на шэрагу вуліц і дваровых тэрыторый. Калі раней рамонт участкаў  вуліц праводзіўся па большай частцы ямачны, то зараз прыярытэт аддаецца суцэльнаму асфальтаванню. Кладка асфальтабетоннага пакрыцця па ўсёй шырыні  хоць і больш затратная, але ў доўгатэрміновым перыядзе эканамічна мэтазгодней.

Укладка асфальта ў вёсцы Застадолле

Якія ж вуліцы і іх участкі былі адрамантаваны ў бягучым годзе?  На вуліцы Чырвонаармейская, што ў райцэнтры,  знаходзяцца  важныя аб’екты: Карэліцкае РУП ЖКГ,  Карэліцкі філіял КУП па забеспячэнні палівам Гроднааблпаліва.

Адрамантаваная вуліца Савецкая ў г.п. Карэлічы

Да таго ж  яна перакрыжоўваецца з вуліцай  Савецкай,  на якой знаходзіцца  сярэдняя школа № 2 райцэнтра. Таму пешаходаў і вадзіцеляў на  ўчастках гэтых дарог заўсёды  шмат.  А вось якаснай дарогі з тратуарам, відавочна, не хапала. Гэтым летам адказныя арганізацыі прыступілі да доўгачаканага добраўпарадкавання вуліц. Асфальтаванне ўчасткаў вуліц ужо завяршылі.

Нанясенне папераджальных знакаў “Школа”, “Асцярожна: дзеці” на вуліцы Савецкая ў г.п. Карэлічы

Каля школы  нанеслі папераджальныя знакі “Школа”, “Асцярожна: дзеці”, замянілі тратуарную плітку пешаходнай дарожкі па вуліцы Савецкай.  На вуліцы Чырвонаармейская  прыступілі да ўстаноўкі бардзюрнага камня.  Таксама ў Карэлічах пасля рамонту змянілася дарожнае пакрыццё вуліцы Раманаўка.

Абнаўленне перакрыжавання вуліцы Раманаўка ў г.п. Карэлічы

Акрамя таго, у бягучым годзе былі адрамантаваны дваравыя тэрыторыі па вуліцах  Гагарына,  Прытыцкага,  якая мяжуе з вул. Савецкай. Тыя, хто жыве ў гэтых дварах, сапраўды радуюцца і працягваюць наводзіць прыгажосць каля дамоў. Паглядзіш направа  — там адна клумба радуе вока прыгажосцю, зірнеш налева, а там яшчэ больш кветак расце.

Жыхарка дома № 25 па вул. Савецкай Святлана Шымко падзялілася:

— Мы чакалі гэтай падзеі, а цяпер такую прыгажосць і камфорт нам тут зрабілі.  Закаталі асфальтам усё па перыметры: праезды, паркоўкі. Роўнае пакрыццё асфальту падымае настрой вадзіцелям,  па-свойму  радуюцца “абноўцы” дзеці і маладыя мамы,  якім стала камфортна і зручна гуляць   з малымі дзецьмі.

Дваровая тэрыторыя па вуліцы Прытыцкага ў г.п. Карэлічы

Жыхарка  дома 4а  па вул. Гагарына Наталля Лось дала сваю ацэнку:

—  Са з’яўленнем новага асфальтаванага пакрыцця каля нашага дома  ўсе  яго жыхары   адчулі  паляпшэнне камфортнасці пражывання. Цяпер уладальнікі аўтамабіляў  могуць упэўнена заязджаць у двор па новай дарозе.  А ідучы па новай дарозе мы будзем успамінаць добрым словам усіх, хто меў дачыненне да гэтай падзеі. Няхай іх справы на карысць людзей будуць праходзіць з такой жа высокай ацэнкай і прыносіць толькі станоўчыя вынікі.

Дваровая тэрыторыя па вуліцы Гагарына ў г.п. Карэлічы

Ездзіць па абноўленых вуліцах і дварах  стала нашмат камфортней, і кіроўцы гэта, безумоўна, адчулі. Аб’ём работ па суцэльным асфальтаванні  дваравых тэрыторый склаў 1,649 тысячы кв.м. Ён выкананы на 100% ад плана. У гэтым годзе добраўпарадкаванне тратуара будзе праведзена  на вуліцы Фаменкі.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара